Детский образцовый фольклорный коллектив «Спадчына» успешно выступил на областном смотре-конкурсе «Ад прашчураў да зор»

Культура

Дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў “Спадчына” ў чарговы раз заявіў пра сябе: з абласнога агляду-конкурсу фальклорнай творчасці дзяцей і моладзі “Ад прашчураў да зор”, які праходзіў у мінулыя выхадныя ў Расонах, нашы артысты вярнуліся з узнагародамі.

Выступленне на конкурсе такога ўзроўню стала дэбютным адразу для трох нашых пар, самых маленькіх удзельнікаў. Спрытна і ўпэўнена вытанцоўвалі Віця і Насця Бялко, Паша Рудзёнак і Лена Александровіч, Ваня Дубёнак і Соня Царова. Строгае журы паставіла ім даволі высокія ацэнкі, аднак крыху не хапіла да лаўраў пераможцаў. Тым не менш, іх старанні былі адзначаны дыпломам за зберажэнне і захаванне беларускай танцавальнай спадчыны. Атрымалі іх таксама старэйшыя ўшацкія танцоры Злата Бойчанка і Арсеній Логінаў, Раман Літвін і Ульяна Шалонька.

Бліскуча выступілі ва ўзроставай катэгорыі 11-14 гадоў Ягор Літвін і Ірына Карабань. У турніры выканаўцаў беларускіх побытавых танцаў іх пара атрымала максімальныя адзнакі за “Барыню”, “Ночку”, “Каробачку”, польку імправізаваную, іншыя нумары і стала лаўрэатам першай ступені. Цудоўна справіліся з харэаграфічнай імправізацыяй “Жабкі” Раман і Ягор Літвіны. У гэтым відовішчным батле братам прысуджаны Дыпломы лаўрэатаў першай і трэцяй ступені адпаведна. Яшчэ адну ўзнагароду ў скарбонку калектыву прынесла Злата Бойчанка – Дыплом другой ступені. Дарэчы, яна разам з сястрой Алесяй, Ульянай Шалонька і Ірынай Байрамавай адстойвала гонар Ушаччыны і ў конкурсе абрадавых песень.

Агляд-конкурс “Ад прашчураў да зор” карыстаецца папулярнасцю і лічыцца прэстыжным у вобласці. На сёлетні, напрыклад, прыехала пазмагацца за перамогу 55 пар з 14 раёнаў.

– Усе нашы ўдзельнікі малайцы, рыхтаваліся і вельмі стараліся падчас выступлення, і прыемна, што наша работа па захаванні фальклорных традыцый не застаецца непрыкмечанай, – гаворыць кіраўнік калектыву, метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Галіна Сяргееўна Рудзёнак. – Спыняцца на дасягнутым не збіраемся, а такія вось удалыя выступленні з’яўляюцца выдатным стымулам для новых здзяйсненняў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *