На сессии Совета депутатов подведены итоги социально-экономического развития Ушачского района за 2022 год

Общество

На апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў традыцыйна былі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за прайшоўшы год. Якім стаў 2022-ы? Захавана стабільная сацыяльна-палітычная абстаноўка, забяспечана станоўчая дынаміка па большасці параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Сельская гаспадарка і прамысловасць

Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў больш 120 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. У 2022-м парадавалі вынікі раслінаводства: вытворчасць зерня да ўзроўню мінулага года павялічылася ў 2 разы, выкананы дзяржзаказ па пастаўках збожжа, больш мінулагодняга нарыхтавана кармоў. Выраблена каля 5 тысяч тон прадукцыі вырошчвання жывёлы, што таксама вышэй, чым у 2021-м годзе: прырост забяспечылі ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” (147%) і КУСГП “Глыбачаны” (108%). А вось вытворчасць малака ў раёне зменшана на 4 працэнты, а яго таварнасць – на 0,8. Не выконваецца заданне па асемяненні пагалоўя, і як вынік, не атрыманы прыплод да ўзроўню мінулага года. Ёсць шэраг аб’ектыўных прычын, але і не ўсе прадпрыемствы працуюць з неабходнай аддачай, маюцца недапрацоўкі на месцах, ігнаруюцца тэхналагічныя патрабаванні.

Адзначаны прырост у прамысловасці, усе прадпрыемствы працуюць без прастояў, своечасова выплачваюць заработную плату. Ушацкі лясгас павялічыў аб’ёмы нарыхтоўкі драўніны на 8%, а перапрацоўкі – на 23, аднак вытворчасць піламатэрыялаў скарацілася на 18%. Гэта звязана з увядзеннем санкцый з боку Захаду. Маштабным стаў праект па мадэрнізацыі філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Магутнасцяў завода холдынгу стала не хапаць і, не спыняючы вытворчасці, ажыццяўляецца падвод газу, рэканструкцыя кацельні і будаўніцтва новага цэха. УП ЖКГ і ТАА “Твестуба ПРО” не ўдалося павялічыць аб’ёмы вытворчасці і выканаць даведзенае па раёне заданне.

Гандаль і экспарт

У гандлёвай сферы ажыццяўляюць дзейнасць 61 юрыдычная асоба і 106 індывідуальных прадпрымальнікаў, працуе 11% занятага насельніцтва. На 12 тысяч жыхароў у раёне прыходзіцца 104 гандлёвыя аб’екты. Абарот рознічнага гандлю склаў больш 55 мільёнаў рублёў, за кошт буйных гандлёвых сетак “Санта”, “Еўраопт”, “Міла”, “Востраў чысціні” забяспечаны дадатковы тавараабарот у 3,5 мільёна рублёў. А вось у спажыўкааперацыі назіраецца адмоўная дынаміка. Тэмп рознічнага тавараабароту склаў каля 75%. Праведзеная рэарганізацыя не дала станоўчых вынікаў, ёсць праблемы з асартыментам тавараў, скарачаецца колькасць магазінаў.

2022 год стаў практычна правальным па экспарце тавараў, іх за мяжу прададзена толькі на 67 тысяч долараў або 11% да мінулага года. Перастала вырабляць прадукцыю “Кампанія Прарыў”, уведзеныя Еўрасаюзам санкцыі не дазволілі забяспечыць нармальную працу “Форэстгандлю”. Тым часам экспарт паслуг вырас у 2 разы: удзельная вага ў ім санаторыя “Лясныя азёры” складае больш за 83%. Рост экспарту паслуг забяспечаны БТПР, райбальніцай, ЖКГ, КФГ “Свежы луг”, аказваліся на экспарт транспартныя і будаўнічыя паслугі.

Медыцына і адукацыя

У 2022 годзе праводзіўся капрамонт з элементамі мадэрнізацыі ЦРБ, пашыраны пералік платных медыцынскіх паслуг па наркалогіі – уведзена паслуга кадзіравання ад алкагольнай залежнасці, у рамках рэалізацыі гуманітарнага праекта набыты сучасны рэнтгенапарат. Па-ранейшаму існуе праблема недахопу спецыялістаў – як урачоў, так і сярэдняга медперсаналу. У 2023 годзе плануецца прыбыццё маладых спецыялістаў, у тым ліку 4 урачоў.

На правядзенне рамонту ўстаноў адукацыі было накіравана 124 тысячы рублёў, а на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы – 84,5. Набыты мікрааўтобус для падвозу навучэнцаў у Глыбачанскую школу. Завершаны капрамонт школьнага стадыёна ва Ушачах. Добрую падрыхтоўку вучні раёна паказалі падчас алімпіяднага руху – на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах заваявалі тры дыпломы. Праявілі сябе ўшачане і ў творчых конкурсах і праектах рознага ўзроўню, заваяваўшы 41 дыплом.

Добраўпарадкаванне

Летась праведзены капрамонт дома №2 па Савецкай, №2 корпус 1 па Віцебскай. На гэтыя мэты накіравана 538 тысяч рублёў, з якіх 175 – бюджэтныя сродкі. 39,6 тысячы рублёў з раённага бюджэту было выдзелена на бягучы рамонт жылфонду.

Вялікая ўвага штогод удзяляецца навядзенню парадку на зямлі. Адрамантавана 2 спартыўныя і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі на прыдамавых тэрыторыях, 10 кантэйнерных, 10,4 тысячы м2 вулічна-дарожнай сеткі, устаноўлена 30 кантэйнераў для збору адходаў, знесена 20 старых і пустуючых дамоў. Сельгасарганізацыямі знесены 3 невыкарыстоўваемыя аб’екты, уцягнута ў гаспадарчы абарот 20 гектараў пустуючых зямель. Уздоўж аўтадарог высаджана 120 дрэў, а ў рамках адзінага дня азелянення, акцый “Дрэва героя” і прымеркаваных да Дня народнага адзінства – яшчэ больш за 500 дрэў і 400 кустоў.

Працягвалася барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага. На тэрыторыі раёна (з улікам паўторнай апрацоўкі) праведзены работы на плошчы 2007 гектараў, у тым ліку хімічным спосабам апрацавана 1060, механічным метадам – 947.

Культура і спорт

У 2022 годзе ў сферы культуры адбыліся змены: зачынены Мосарская і Слабадская бібліятэкі, рэарганізаваны ў філіялы “клуб-бібліятэка” 4 сельскія клубы шляхам далучэння да іх бібліятэк. Цяпер працуе 23 клубныя ўстановы, пры іх дзейнічае 78 гурткоў і аб’яднанняў, з іх 33 – для дзяцей, 7 калектываў са званнем “народны” і 3 – “узорны”, якія паспяхова пацвердзілі свой статус. У маі пасля капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі (сума выдаткаў склала больш за 1 млн. рублёў) адкрыты Ушацкі музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка. З мая па снежань установу наведала больш за 31 тысячу чалавек.

Па выніках праведзенай атэстацыі Ушацкай ДЮСШ прысвоены статус школы алімпійскага рэзерву. На яе базе ў 2022-2023 навучальным годзе ў 20 групах на аддзяленнях стральбы кулявой, лёгкай атлетыкі, дзюдо, самба і плавання займаюцца 198 дзяцей. Юныя спартсмены ў 2021-2022 навучальным годзе прынялі ўдзел у 7 рэспубліканскіх і 36 абласных спаборніцтвах, у якіх занялі 102 прызавыя месцы. На базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” ў 2022 годзе праведзены 8 вучэбна-трэніровачных збораў для 217 спартсменаў з Мінска, Пастаў, Полацка, таксама праходзілі абласныя галіновыя спартакіяды. Спартыўная зала комплексу на сезон 2022-2023 заяўлена рэзервовай арэнай для дзвюх каманд чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па баскетболе. Турыстычным брэндам раёна стаў фестываль экстрэмальных відаў спорту “ExtremeПрарыў”, які ў 2022 годзе праведзены ў другі раз.

Шмат зроблена па развіцці раёна, вельмі многае яшчэ трэба зрабіць. Як было адзначана на сесіі, рост эканомікі немагчымы без павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці, пашырэння рынкаў збыту і дысцыпліны. Дэпутатамі адобраны праект бюджэту на 2023 год, па-ранейшаму ён будзе мець сацыяльную накіраванасць – больш 70% расходаў запланавана на гэтую сферу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *