Качественное молоко приносит прибыль

Сельское хозяйство

З пачатку года надой на адну карову па раёне склаў 1348 кілаграмаў, што складае плюс 142 кілаграмы або 112 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Валавая вытворчасць малака за пяць месяцаў – 7106 тон, што на 818 тон больш, чым за такі ж перыяд папярэдняга года. Сярэдні надой на карову за май склаў 330 кілаграмаў, што таксама больш адпаведнага перыяду мінулага года.
Самыя высокія надоі за прайшоўшы перыяд бягучага года ў “Райаграсэрвісе”, дзе надаілі 1900 кілаграмаў на карову (114 % да ўзроўню мінулага года), у “Кублічах” – 1490 кілаграмаў (147%), 1449 кілаграмаў – у “Глыбачанах” (107%).
За пяць месяцаў бягучага года рэалізавана дзяржаве 6245 тон малака, у тым ліку 40 працэнтаў сортам “экстра”, 52 працэнты – вышэйшым, 5,8 – першым. Калі прааналізаваць якасць малака па гаспадарках, то самае якаснае атрымалі ў КУСГП “Дубраўка”, дзе за пяць месяцаў 68 працэнтаў малака здадзена “экстрай”, 51 працэнт – у КУСГП “Арэхаўна”, 48 працэнтаў – у ААТ “Ільюшынскі”. Нядрэнная якасць малака і ў “Глыбачанах”, дзе ў асноўным атрымліваецца вышэйшы сорт і “экстра”. Самая нізкая якасць прадукцыі ў ААТ “Дземенец”, дзе толькі 5 працэнтаў малака здаецца “экстрай”, 3 працэнты – другім сортам. Хоць і высокія надоі, аднак толькі 9 працэнтаў “экстры” ў “Кублічах”. Паколькі ад якасці залежыць прыбытак, то больш працаваць у гэтым накірунку трэба ўсім гаспадаркам.
* * *
Больш месяца жывёла ў гаспадарках раёна знаходзіцца на кругласутачным утрыманні на полі. За гэты час стабілізаваліся надоі, прывыклі да новага рэжыму работы жывёлаводы. Галоўнае ў гэты “малочны сезон” як вытворчасць, так і якасць. КУСГП “Кублічы” на цяперашні момант у ліку першых па вытворчасці. Жывёла пасвіцца на шматкампанентных пашах, якія маюць відавочную перавагу перад традыцыйнымі, адсюль і больш высокія надоі. Сярэдні надой на карову па гаспадарцы за май склаў 368 кілаграмаў малака.
Больш ста галоў знаходзіцца на полі каля фермы Кляпцы, жывёла пасвіцца па ўсіх патрабаваннях – своечасова перамяшчаецца на новае месца электраагароджа, заўсёды ёсць вада, у належным стане даільныя ўстаноўкі. Усе жывёлаводы: як даяркі, так і пастухі – не навічкі ў гэтай справе, працуюць не першы год і ведаюць, што ад іх удзелу і адносін у першую чаргу залежаць вынікі і фермы, і гаспадаркі ў цэлым.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: пастухі фермы Кляпцы А.В.Зуеў, У.В.Кляпец.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *