Ягодный сезон в разгаре

Выясняем ситуацию Общество

Ушацкі каапнарыхтпрам на 14 ліпеня закупіў у насельніцтва 13 тон чарніц. Гэта больш, чым летась, і тым не менш кропля ў чорным моры валюты, якая ўцякае за межы раёна. Па якой з ушацкіх дарог сёння не паедзь, абавязкова сустрэнеш людзей з вёдрамі. Аўтобусы зранку запоўнены ягаднікамі, для якіх чарніцы ўжо не першы год становяцца сезонным заробкам, прычым вельмі адчувальным. Звыш 500 тысяч рублёў за дзень можа зарабіць сям’я з двух чалавек, а калі сям’я вялікая… 
Гэта выдатна, што ўшачане могуць за кошт прыродных дароў папоўніць бюджэт, але было б яшчэ лепш, каб так жа актыўна папаўнялася і казна раёна. Пяць працэнтаў ад сумы, што праходзіць па ведамасцях, застаецца ў бюджэце таго сельсавета, на тэрыторыі якога вядзецца закупка. Неблагую падмогу можна мець у ягадны год, за мінулы, напрыклад, раённы бюджэт папоўніўся на 21,7 мільёна рублёў (адлічэнні ад усіх відаў нарыхтовак). Самы адчувальны даход атрымаў Кубліцкі сельвыканкам – 6,7 мільёна рублёў, 2,3 – Вялікадолецкі, ну а ў Жарскі “накапала” толькі 245 тысяч.
Чым выйграе кубліцкі лес перад касарскім? Дакладна не ягадамі і грыбамі. А меншай колькасцю “шэрых нарыхтоўшчыкаў”, менш прывабнымі трасамі на вываз. Бо робяць бізнес на ўшацкіх чарніцах не толькі 20 індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, якія маюць адпаведныя ліцэнзіі. Не сумняваюцца ў гэтым супрацоўнікі аддзела эканомікі райвыканкама, падатковай, прыродаахоўнай інспекцыі, якія выязджаюць у рэйды па раёне. Пры іх ажыццяўляецца закупка, чарніцы ссыпаюцца ў скрыні, у чалавека няма ніякіх дакументаў на нарыхтоўку, што, аднак, яго ніколькі не турбуе. “Сабе набываю. Вельмі люблю чарніцы і я, і ўся мая вялікая радня”, – спакойна адказвае юны нарыхтоўшчык у Сарочыне. Ля “Вечалля” ўшачане традыцыйна чакаюць нарыхтоўшчыкаў на колах. Такі ж вялікі натоўп здатчыкаў сустрэлі і ля Звоні, з той розніцай, што практычна ўсе яны былі з Лепельскага раёна. У лес, які адна жанчына ведала, бо прыязджала да радні, іх прывёз аўтобус, які і забірае разам з ягадамі. Гэта новая, бяспройгрышная форма нарыхтоўкі, якая выключае “перахоп”. І хутчэй за ўсё нарыхтоўшчык без ліцэнзіі.
Дарэчы, больш гібка стаў працаваць сёлета каапнарыхтпрам. І кошт перабіваў, падняўшы з 12 тысяч за кілаграм да 15, і выязны гандаль наладзіў, улічыўшы мінулагодні вопыт. З вагамі, скрынямі і наяўнымі грашыма выязджае нарыхтоўшчык непасрэдна да лесу, такім чынам дапаўняючы стацыянарныя кропкі – усе магазіны і пункты. Не хапае месца на замарозку ў халадзільніку каапнарыхтпрама – адвозяць у іншыя раёны. Гатовы прыняць любы аб’ём. Вось толькі валютны паток слабаваты.
Калі для бюджэту раёна ўсё роўна, хто заплаціць пяць працэнтаў за закупленую ягаду, то не ўсё роўна, хто атрымае за яе валюту. Чарніцы ж пераважна вывозяцца за мяжу. З 20 прыгаданых вышэй зарэгістраваных нарыхтоўшчыкаў – толькі тры юрыдычныя асобы Ушаччыны, і толькі адзін каапнарыхтпрам яе сёлета закупляе і прадае за мяжу, такім чынам атрымліваючы для раёна валюту.
Сродкі патрэбны для бюджэту, не хапае валюты, а заканадаўчая база, атрымліваецца, спакойна дазваляе расцякацца з патэнцыяльнага валютнага мора “шэрым ручаям”. І ўжо не першы год. Сёлетні, атрымліваецца, таксама ўпусцілі. Дарэчы, расонская прыватная фірма “Уладзімір і Даніла”, якая ажыццяўляе нарыхтоўку і на тэрыторыі нашага раёна, за мінулы год нарыхтавала больш тысячы тон. Уласныя сховішчы ўжо мае прадпрымальнік, які пачынаў бізнес са 100 долараў.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *