Полковник, кандидат технических наук Александр Лисичёнок

Ими гордятся Наши земляки

Гэта толькі ў байках пра зорак эстрады здараецца, што школьны троечнік і прагульшчык раптам ператвараецца ў паспяховага артыста. У рэальным жа жыцці ўсё заканамерна. Дасягае кар’ернага росту ў навуцы, па службе толькі той, хто ўпарта і многа працуе. Ды і школьны атэстат гэтых асоб, як правіла, не стракаціць ад 3 да 10. Біяграфія нашага земляка, а зараз масквіча, кандыдата тэхнічных навук палкоўніка Аляксандра Мікалаевіча Лісічонка толькі пацвярджае жыццёвы закон.
Лисичёнок
 

 

 

 

 

 

 

 

Лісты падзякі Мікалай Андрэевіч і Яўгенія Міхайлаўна Лісічонкі атрымлівалі кожны год. Прычым, мой аднакласнік ніколі не быў сухаром і букваедам. Выдатнік вучобы паспяхова спалучаў заняткі спортам, музычную школу, секцыі, а калі трэба, то і бойкі з аднагодкамі. Вясёлы, сяброўскі, яму лёгка давалася абсалютна ўсё. І Сувораўскае вучылішча, у якое ён паступае пасля 8 класаў, заканчвае з адной “4” па рускай мове.

У ваенныя вучылішчы ж у той час ішлі самыя моцныя вучні, і ў гэтым заслуга, канечне, настаўніка Ушацкай школы Сяргея Трафімавіча Белавусава. Любіў прадмет, які выкладаў, прапагандаваў прафесію, а ў стралковыя секцыя гужам хадзілі як хлопцы, так і дзяўчаты. Саша ж пачаў бегаць у цір яшчэ да школы! У той час яны жылі на адной лесвічнай пляцоўцы. І калі тады настаўнік агітаваў за вайсковую службу, то цяпер з гонарам расказвае пра свайго вучня.

У Пушкінскім вышэйшым вучылішчы радыёэлектронікі супрацьпаветранай абароны конкурс на інжынерны факультэт быў 50 чалавек на месца. Сыны генералаў з Масквы прыязджалі паступаць у паўночную сталіцу, бо ведалі будучыню менавіта гэтай спецыялізацыі. Аляксандр меў слабае ўяўленне пра вучылішча, камп’ютэраў у вочы не бачыў, а паколькі збіраўся працаваць не з людзьмі, а з тэхнікай, то і выбіраў вучылішча з грунтоўнай інжынернай падрыхтоўкай. І на ўсё жыццё ўдзячны яшчэ аднаму настаўніку, паўплываўшаму на яго лёс – курсавому камандзіру, які растлумачыў, што розніцы паміж камандным і інжынерным факультэтамі практычна няма, спецыяльнасці вывучаюцца адны, затое на камандны факультэт выпускнікі сувораўскіх вучылі- шчаў праходзілі без конкурсу. Так ён без бою стаў курсантам аднаго з самых прэстыжных вайсковых вучылішчаў і з першага курса захапіўся праграміраваннем.

Ваеннае вучылішча ён зноў заканчвае з “адзнакай”. І трапляе па размеркаванні ў Маскву (!), старшым аператарам у навукова-даследчы інстытут самых элітных войскаў. (Канкрэтных назваў пазбягаю наўмысна). Толькі некалькі выдатнікаў адабралі тады не ў часці для абслугоўвання разумнай тэхнікі, а для яе распрацоўкі. І гэта быў першы год, калі ў НДІ пачалі браць без навуковых ступеняў. Яшчэ ў сакавіку, за некалькі месяцаў да размеркавання, прыгледзеў “купец” з Масквы перспектыўных курсантаў, на якіх і прыйшоў персанальны запыт. Аднак гэта зусім не азначала, што можна было спыніцца на дасягнутым.

– Не хапае ведаў, – падчас адной з сустрэч ва Ушачы сказаў Аляксандр, які тады ўжо быў студэнтам вячэрняга аддзялення факультэта прыкладной матэматыкі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя Ламаносава. – Як я тады вытрымаў? З раніцы да 16 на службе, да 22.15 – лекцыі, дамоў вяртаўся ў 24 ночы. І так некалькі год.

Мяняліся службовыя пасады, і хутка ён ужо загадчык лабараторыі баявых алгарытмаў, начальнік лабараторыі перспектыўных вылічальных сродкаў праграмнага забеспячэння. Увесь час яго работа заключалася ў праектаванні матэматычных мадэлей, напісанні праграм для самых сучасных установак.

Работа падабалася, аднак яго пераводзяць на павышэнне і тут акрамя тэхнічных ведаў спатрэбіліся дадатковыя, бо даводзіцца займацца нехарактэрным – мець справу з бухгалтарскімі разлікамі і людзьмі. Супрацоўнікі ўпраўлення, у якое перавялі тады ўжо падпалкоўніка Лісічонка, пасрэднікі паміж заказам Узброеных Сіл і непасрэднымі выканаўцамі. Ён спачатку сам дакладна ўяўляў, што патрэбна, шукаў інстытут, які здольны выканаць заказ, а потым і прадпрыемства, якое рэалізуе задуманае. У год курыраваў да 20 серыйных кантрактаў. А як і любая новая справа, гэта патрабавала шмат часу і поўнай аддачы. Ну а якой адказнасці! І зноў працягвае вучыцца. Заканчвае Маскоўскую акадэмію дзяржаўнага муніцыпальнага кіравання. І тры гады потым не можа абараніць дысертацыю. Проста не хапае часу, проста ніхто не вызваляе ад непасрэднай работы для таго, каб завяршыць навуковую. А ў родзе войскаў, з якімі звязаны Аляксандр Мікалаевіч, “старэе” ўсё вельмі хутка, вось і тэма дысертацыі аказваецца неактуальнай, і ён вымушаны пісаць новую. Сям’я, а гэта жонка, мадэльер па спецыяльнасці, і дзве дачкі, вельмі рэдка бачылі тады мужа і тату дома. Нярэдка і спаць заставаўся на рабоце, субота ж – традыцыйны рабочы дзень

Частымі былі камандзіроўкі, аб’ездзіў Аляксандр Мікалаевіч усю Расію, асабліва па яе крайніх кропках. У бацькоў ва Ушачы больш некалькіх дзён не затрымліваўся, хоць і прыязджаў з намерам “НА ТЫДЗЕНЬ”. Планы дамашнія як заўсёды раптам перабіваліся вайсковым загадам. Незаменных, як вядома, няма, затое яскрава часта бачыш розніцу ў замене. Яго ўчэпісты розум, як і вялікі вопыт, заўсёды цаніліся і былі запатрабаваны. “Лісічонак завізіраваў?”, – пытаўся ў падначаленых генерал, перш чым ставіць свой подпіс. Гэта прозвішча стала гарантыяй дасканаласці і надзейнасці. А падчас службы мець зносіны Аляксандру Мікалаевічу даводзілася з міністрам абароны і іншымі высокімі пасаднымі асобамі Расіі.

Пад гэтым вось здымкам, дзе палкоўнік Аляксандр Мікалаевіч Лісічонак у медалях (адзін з іх – “За заслугі перад Айчынай”), ён паставіў подпіс “Вось і ўсё”. Песімі- стычна, таму што вырашыў пакінуць армію, а пакідаць яе ваеннаму чалавеку без настальгіі немагчыма. Таму што, як і кожны чалавек, задумваецца над хуткаплыннасцю жыцця і пытаецца, ці ўсё ён зрабіў правільна.

Усё правільна, таварыш палкоўнік. Вы заўсёды імгненна прымалі адзіна верныя рашэнні, як і тады, калі, не раздумваючы, сіганулі ў рэчку, каб выратаваць тонучага карапуза. І медаль “За выратаванне тапельцаў” быў першым баявым медалём Аляксандра Лісічонка.

На гэтым кар’ера, канечне, не скончылася. З гэтага года ён намеснік прэзідэнта карпарацыі абарончых прадпрыемстваў. І хоць супрацоўнічаў з імі не адзін год і ведае спецыфіку, усё роўна давядзецца вучыцца зноў.

В.КАРАЛЕНКА.
 
 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *