Дополнительная группа открыта в детском саду агрогородка Ореховно

Наши дети

Для ўсіх вучняў летазлічэнне вядзецца не з першага студзеня, а з першага верасня. І дзень ведаў – бясспрэчнае свята, нават калі і азмрочваецца заканчэннем канікулаў. Свята першага званка і чарговага навучальнага, сустрэчы з сябрамі і настаўнікамі – у кожнага свае асацыяцыі. Ну а для дзяцей, выхавацеляў і бацькоў Арэхаўскага сада 1 верасня 2011 года застанецца ў гісторыі дашкольнай установы як дзень адкрыцця дадатковай групы. З пераразаннем стужкі, падарункамі, словамі падзякі… Цэлы мех цацак прынеслі дзецям удзячныя бацькі. Не абмінуў свята і дырэктар ПУП “Сарочына” В.П.Сяргееў, які на набыццё цацак аказаў спонсарскую дапамогу ў мільён рублёў. 

Калі вясной да маладой загадчыцы сада Соф’і Іванаўны Каўровай звярталіся бацькі з просьбамі прыняць дзяцей, яна вымушана была адмаўляць. Не хапала месцаў. Дзве існуючыя групы – перапоўненыя: замест 12 чалавек – па дваццаць, ды і яны рознаўзроставыя. Усё гэта не ішло на карысць дзецям і выхавацелям. І займацца цяжэй, ды і рызыка захворваемасці ў такіх групах намнога вышэйшая. Просьбы бацькоў улічылі, хоць і давялося ахвяраваць зялёным кутком, спартыўнай залай і музычным пакоем, якія да гэтага часу прымалі выхаванцаў як асобныя кабінеты. На рамонт і новую сантэхніку раённы аддзел адукацыі выдзеліў сродкі, ну а ў асноўным перапланіроўку самастойна правялі работнікі дашкольнай установы. Тут утульна, прыгожа і, галоўнае, прасторна цяпер ужо ў трох групах. Прыйшлі і два маладыя спецыялісты, якія будуць выхоўваць дзяцей у адчыненай сярэдняй групе.
– На шчасце, цяпер я магу сказаць бацькам: “Мы адчыніліся і рады новым выхаванцам”, – гаворыць  загадчыца. – Зона абслугоўвання ў нас вялікая – дзіцячых садоў няма ні ў Сарочыне, ні ў Слабадзе, ні, тым больш, у меншых вёсках КУСГП “Арэхаўна”. І калі іншыя бацькі даведаюцца, што з’явілася магчымасць аддаць дзетак пад прафесійны нагляд, упэўнена, скарыстаюцца гэтай магчымасцю.
Ёсць рэзерв і ў Арэхаўскага сада, які першапачаткова разлічаны на 4 групы. Былі б дзеці. Пакуль што гэта адзіная дашкольная ўстанова, якая пашыраецца. Хоць, калі ствараўся аграгарадок Арэхаўна і капітальна рамантаваўся сад, дзеткам хапала месца і ў дзвюх групах. Мінула ж няпоўных шэсць гадоў… Менавіта таму гэта падзея не толькі для Арэхаўскага сада, а для ўсяго раёна. І будзем спадзявацца – добры старт для адкрыцця новых груп.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *