На повестке дня — уборка льна

Сельское хозяйство

Верасень у многіх з нас асацыіруецца не толькі з капаннем бульбы, зборам ураджаю са сваіх участкаў, але і з уборкай ільну. Менавіта ў гэты час штодня на льняныя палеткі адпраўляюцца людзі з розных прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Сёлетні год не стаў выключэннем, па-ранейшаму нарыхтоўка льнотрасты не абыходзіцца без ручной працы. Кожны дзень, у тым ліку і ў выхадныя, на льне працуе ў сярэднім 70 чалавек з розных арганізацый. Акрамя гэтага, як і ў папярэднія гады, задзейнічаны шэфы з горада Полацка.  
Увесь працэс работы адбываецца па ўжо добра вядомай тэхналогіі. Спачатку стужкі падымаюцца і ставяцца ў конусы на прасыханне, пазней іх жа ўкладваюць у валкі, толькі ўжо два ў адзін. Услед за людзьмі тэхніка пачынае прасаванне. Ёсць участкі, дзе лён падымаць і не трэба, пасля ўспушвальніка ён адразу складваецца ў стужкі.
Для работнікаў ільнозавода зараз самая гарачая пара, штодня яны таксама на льняных палетках. На прасаванні і адвозцы задзейнічаны механізатары як з ільнозавода, так і з іншых сельгаспрадпрыемстваў.
Разам з тым ёсць пэўныя недахопы ў арганізацыі працы. Не ўсе людзі добрасумленна адносяцца да работы і адбываюць дзень, што называецца, “дзеля галачкі”. Да такіх чамусьці не прымаюцца меры ўздзеяння, таму і атрымліваецца, што адны старанна працуюць увесь дзень, іншыя праяўляюць сваю актыўнасць толькі падчас перапісу. 
На панядзелак лён быў падняты на 311 гектарах, запрасаваны на 224, звезены на 181 гектары. Аб’ёмы работы меншыя, чым у папярэднія гады, таму ёсць магчымасць раней завяршыць нарыхтоўку льнотрасты.
Спрыяльнае надвор’е і максімальная канцэнтрацыя сіл дазволіць вырашчанае ператварыць у канкурэнтаздольную прадукцыю, атрымаць як мага больш даўгога валакна.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *