Светлана Григорьевна Клачок прививает детям любовь к книгам

Ими гордятся

Мы пачынаем знаёміць чытачоў з людзьмі і працоўнымі калектывамі, якія па выніках работы за мінулы год рашэннем раённага выканаўчага камітэта занесены на раённую Дошку гонару.
Наш першы расказ – аб Святлане Рыгораўне КЛАЧОК, бібліятэкары першай катэгорыі Ушацкай дзіцячай бібліятэкі-філіяла. І гэта невыпадкова: 15 верасня адзначаецца Дзень бібліятэк.

Калі хто хоча на свае вочы ўбачыць, які выхаваўчы эфект нясе школьнікам дзейнасць работнікаў дзіцячай бібліятэкі, то можна, напрыклад, наведацца на пасяджэнне дзіцячага аматарскага аб’яднання экалагічнага напрамку “Расінка”, якім кіруе бібліятэкар С.Р.Клачок.
Дзякуючы дзейнасці аб’яднання, маленькія эколагі атрымліваюць веды і ўменне жыць у згодзе з навакольным светам, любіць прыроду, абараняць яе. Гэтаму якраз і садзейнічаюць цікавыя, пазнавальныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў час штомесячных пасяджэнняў “Расінкі”. Вось некаторыя з іх: урок-рэклама “Твая першая кніга”, экалагічны занятак “Па дарозе да добрага здароўя”, інфармацыйна-пазнавальная гульня “З вышыні птушынага палёту”, эрудыт-лато “Лясная гавань”, урок-знаёмства “Для чаго патрэбна вада”. Запомняцца дзецям сустрэча з ляснічым Ушацкага лясніцтва Ю.К. Пашковічам, экскурсія ў аранжарэю камунгаса “Дзе расце прыгажосць”, падчас якой С.В.Ісаева расказала аб тым, як вырошчваюцца кветкі, перш чым трапіць на клумбы ў гарпасёлку.
Каб наладжваць для дзяцей такія цікавыя пасяджэнні, трэба вельмі любіць сваю прафесію і мець у душы творчы пачатак.  
Святлана Рыгораўна Клачок абрала для сябе работу бібліятэкара па ўласным жаданні. Скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і прыйшла працаваць у дзіцячую бібліятэку-філіял. Непрыкметна прабеглі 22 гады. Знаёмілася з вучнямі, настаўнікамі — сёння жанчына ведае ўсіх сваіх юных наведвальнікаў па імёнах і прозвішчах, мае пастаянны кантакт з педагогамі, разам яны робяць важнейшую справу: выхоўваюць юных грамадзян краіны.
Мне ўдалося папрысутнічаць на адным з пасяджэнняў. Як жа зацікаўлена дзеці слухалі бібліятэкара, якія трапныя дапаўненні, каментарыі рабіла Святлана Рыгораўна. Дзяўчынкі і хлопчыкі цягнулі рукі, як на школьных уроках, жадаючы адказаць на зададзеныя пытанні. А трэба ж умець арганізаваць гэтых маленькіх чытачоў, каб так хацелася ім уключыцца ў працэс пазнання, прапанаваны дарослым…
А калі Святлана Рыгораўна пачынала свой працоўны шлях, то перш за ўсё знаёмілася з кніжным фондам, імкнулася кваліфікавана і ўважліва выконваць запыты наведвальнікаў. І сёння, па словах дырэктара ЦБС Л.Ф.Голуб, бібліятэкар С.Р.Клачок імкнецца прымяняць сучасныя тэхналогіі, цікавы вопыт калег з іншых такіх устаноў. Святлана Рыгораўна шмат чытае, эрудзіраваная, з вялікім багажом прафесійных ведаў, не стамляецца прымяняць іх на практыцы. Калі ў чалавека ёсць унутраная патрабавальнасць да сябе, тады будзе і карысць ад таго, што ён робіць, тады і іншыя стануць паважаць і цаніць. Як цэняць С.Р.Клачок, імя якой занесена на раённую Дошку гонару.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *