Пятрусь Броўка

Ими гордятся Наши земляки

Сапраўды, родны “край азёрны, край люстраны” народны пісьменнік Беларусі любіў усёй душой, любіў так, як любіць сваю маці яе сын. І любоў гэтая пачыналася з маленькай вясковай хацінкі, зусім не такой, якая пабудавана была ў яго Пуцілкавічах для ўвекавечання памяці вядомага літаратара і грамадскага дзеяча.

Хаця, здавалася б, за што любіць было свой родны куток. Беднасць, нястача. Нарадзіўся ж Пётр Броўка ў 1905 годзе. З трынаццаці гадоў хлопчык пайшоў працаваць. А быў ён вельмі здатны да вучобы, таму ў непаўналетнім узросце ўладкаваўся перапісчыкам Вялікадолецкага ваеннага валаснога камісарыята. Пазней працаваў у валасным выканкаме, быў рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета.

І хоць работа хлопца была звязана з лічбамі, усё ж душа цягнулася да літаратуры. Ён не толькі вывучаў яе, але і сам спрабаваў пісаць вершы. А потым дасылаў іх у газеты “Беларуская вёска”, “Савецкая Беларусь”, “Звязда”.

Выяўляліся ў юнака з Пуцілкавічаў і арганізатарскія здольнасці. А такія людзі былі патрэбны. Такім чынам Пётр Броўка трапіў на работу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ.

Але па-сапраўднаму ён знайшоў сябе, калі папрацаваў адказным сакратаром газеты “Чырвоная Полаччына”. Гэта было ў канцы 20-х гадоў. Юнак абраў сабе прафесію, паступіў і ў 1931-м годзе скончыў Беларускі дзяржуніверсітэт. Ён працягвае пісаць вершы, выпускае зборнікі: “Гады як шторм”, “Прамова фактамі”, “Цэхавыя будні”, “Праз горы і стэп”. Гэта тое, што было навеяна рэвалюцыйнымі падзеямі, грамадзянскай вайной, рэаліямі таго супярэчлівага жыцця.

Уварвалася ў жыццё вайна, і Пётр Усцінавіч знайшоў прымяненне свайму таленту, яго зброяй стала пяро, бо пайшоў працаваць у франтавую газету “За Савецкую Беларусь”. Здабыванне звестак аб становішчы на палях баёў, подзвігах вайскоўцаў было не толькі яго задачай, але і патрэбай сэрца. Пётр Усцінавіч супрацоўнічае таксама і з партызанскім друкам. Асабліва глыбокім было яго імкненне да выгнання захопнікаў з родных мясцін. Яго радавала вызваленчая барацьба землякоў, ён ганарыўся ваенным мінулым свайго краю пасля вайны. Нездарма пісаў: “Калі я гляну сёння на ўшацкія сцежкі і прыгадваю, што яны ўсе паліты слязьмі нашых матак і сясцёр, і крывёй нашых братоў, нашых бацькоў… калі я бачу, што вы не забываеце тых, хто аддаў жыццё, – я ганаруся за сваіх землякоў, за ўшацкіх”.

А ў нас сапраўды так. Вось і пра маці паэта, якая загінула ў канцлагеры Асвенцым, захоўваецца памяць, у Пуцілкавічах ёй устаноўлены помнік. Сын жа напісаў паэму – прысвячэнне самаму дарагому чалавеку.

У гады вайны Пётр Усцінавіч набліжаў Перамогу сваёй журналісцкай работай, а яшчэ і палымянымі вершаванымі радкамі. У іх – прызыў да змагання і асуджэнне захопнікаў, якіх трэба прагнаць са святой нашай зямлі. Для твораў паэта таго часу ўласціва рытарычнасць, мінімум вобразных сродкаў.

Тым часам выходзяць у свет “Паэма пра Смалячкова”, “Ясны кут”. Красамоўна адлюстроўваюць творчасць нашага земляка той пары вершы “Кастусь Каліноўскі”, “Надзя-Надзейка”, “Магіла байца”, “Будзем сеяць, беларусы”.

Нават у тыя ваенныя гады існаваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. І з 1943 года Пётр Усцінавіч быў яго адказным сакратаром. А праз два гады стаў рэдактарам вядучага літаратурнага часопіса “Полымя”. І доўгі час Пётр Усцінавіч быў старшынёй праўлення названага літаратурнага Саюза.

Усё, што адбывалася ў краіне, станавілася тэмамі яго вершаў, уваходзіла ў зборнікі. У пасляваенны час гэта былі паэма “Хлеб”, вершы “Брат і сястра”, “Народнае дзякуй”, “Спатканне” і г.д. Ён атрымлівае Дзяржаўную прэмію СССР. Барацьбе за мір прысвечаны зборнікі “У роднай хаце”, “Дарога жыцця”.

Піша Пятрусь Броўка і празаічныя творы. Прыкметнае месца ў творчасці займае яго раман “Калі зліваюцца рэкі”, за які ў 1959 годзе яму прысуджаюць Літаратурную прэмію імя Я.Коласа.

З гадамі ўдасканальваецца творчасць пісьменніка. З’яўляюцца яго зборнікі “Пахне чабор”, “Далёка ад дому”, “А дні ідуць”, за які ён атрымаў Ленінскую прэмію. А за зборнік “Між чырвоных рабін” П. Броўку была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы.

Ён напісаў лібрэта дзвюх опер, перакладаў на родную мову вядомых пісьменнікаў.

У 1967 годзе нашаму земляку даручылі асабліва адказную работу: яго назначылі галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”. На гэтай пасадзе Пётр Усцінавіч адпрацаваў да 1980 года, аж да апошняй сваёй пары. За гэтую работу ён атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.

Творчы шлях нашага знакамітага земляка быў усыпаны лаўрамі. Яго жыццё было напоўнена служэннем Радзіме. У 1953 годзе ён быў дэлегатам ад БССР на ХІV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, на працягу васьмі скліканняў – дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, потым – Вярхоўнага Савета СССР, акадэмікам АН БССР. Герой Сацыялістычнай Працы.

З часу, калі не стала вядомага пісьменніка і грамадскага дзеяча, прайшло тры дзесяцігоддзі. Але нічога не змянілася. Ёсць памяць беларусаў аб нашым знакамітым земляку. У Мінску дзейнічае літаратурны музей П. Броўкі, у Пуцілкавічах – хата-музей. Яго імя ўвекавечана ў назвах выдавецтва, школы, вуліц розных гарадоў.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *