«Шедевр» эпистолярного жанра, или о том, что книга жалоб и предложений — официальный документ

Общество

Кнігу заўваг і прапаноў у некаторых арганізацыях можна чытаць у вольны час як зборнік анекдотаў – Задорнаў, як кажуць, адпачывае! Многія запісы можна капіраваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне як прыклад “недалёкай” чалавечай натуры. Пра адзін з апошніх выпадкаў, калі на старонках кнігі заўваг з’явіўся “неардынарны” запіс, і пойдзе наша размова.
Грамадзянін А., работнік адной з арганізацый Ушацкага раёна, чакаў на аўтастанцыі райцэнтра патрэбны аўтобус. Калі транспарт пад’ехаў да платформы, пасажыры пачалі заходзіць у салон. А вось мужчына надта не спяшаўся: спакойна сядзеў на лаўцы, і толькі калі аўтобус зачыніў дзверы і пачаў ад’язджаць, зрабіў ласку ўзняцца. Аднак было ўжо позна – аўтобус развітальна “памахаў” яму заднімі нумарамі. Успрыняўшы такое як абразу, дагэтуль няспешны грамадзянін хутка ажывіўся – злосна падкінуўшы білет, паспяшыў у будынак аўтастанцыі, дзе ў кнізе заўваг і прапаноў выказаў сваю незадаволенасць лаканічным запісам: “Уроды!” Падпісваць сваё прозвішча ў адпаведным радку грамадзянін не стаў: пажадаў застацца ананімам. Аднак не ўлічыў, што людзі, якія былі на аўтастанцыі ў той момант, яго ведаюць. Так што адразу высветлілася, хто аўтар гэтага эпісталярнага “шэдэўра”. Не падумаў мужчына і аб тым, што за абразу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае немалыя штрафы. Ужо на наступны дзень кіраўніцтва аўтастанцыі звярнулася ў праваахоўныя органы з адпаведнай заявай. За сваю “бурную” рэакцыю і вольнасць пры ўнясенні даных у афіцыйны дакумент (а менавіта ім з’яўляецца кніга заўваг і прапаноў) грамадзянін А. можа атрымаць штраф да 700 тысяч рублёў. Думаецца, што пасля выплаты такой сумы мужчына будзе больш удумліва адносіцца да сваіх учынкаў.
Паважаныя грамадзяне, пры запаўненні кнігі заўваг і прапаноў будзьце разважлівыя, устрымайцеся ад любых праяў эмоцый, нефармальнай лексікі і абраз. Памятайце, варта вам ужыць хоць адзін некарэктны выраз, як ваша скарга страціць усялякую вагу, а ў некаторых выпадках, наогул, можа прывесці да адміністрацыйнай адказнасці ў адносінах вас. 
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *