Для успеха нужны дисциплина, контроль и хозяйственный подход

Зваротная сувязь

Сустрэча старшыні райвыканкама А.А.Кавалёнка з працоўным калектывам КУСГП “Дубраўка” праходзіла сонечнай кастрычніцкай раніцай у новай прасторнай зале мясцовага Дома культуры. Аднак прыкмет узнятага настрою ў работнікаў прадпрыемства не назіралася: усе разумелі, што размова атрымаецца няпростай. Забягаючы наперад, можна сказаць, што так і адбылося.

Пачаў размову кіраўнік раёна з традыцыйнага аналізу сацыяльна-эканамічнага становішча краіны ў цэлым і раёна ў прыватнасці. Безумоўна, да былой стабільнасці яшчэ далёка, аднак пэўныя станоўчыя зрухі ёсць: сышоў ажыятажны попыт на прадукты і прамысловыя тавары, з’явілася ў продажы валюта. Аднак па-ранейшаму востра стаяць пытанні фінансавання, захоўваецца адмоўнае сальда знешняга гандлю. Безумоўна, краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, не пазбегнуць уплыву кантынентальнага крызісу. Немагчыма захаваць унутраны ўзровень цэн, калі ўзнімаецца кошт энерганосьбітаў. Беларусь, як вядома, яшчэ з савецкіх часоў была “зборачным цэхам” Саюза, шчыльна ўваходзіць у інтэграцыйную сістэму і зараз: у прыватнасці, значная частка камплектуючых нашай бытавой тэхнікі, аўтамабіляў вырабляецца па-за межамі краіны. Аднак нічога катастрафічнага не адбылося: працуюць усе прадпрыемствы, сабраны добры ўраджай, а наступствы інфляцыі будуць кампенсавацца шляхам павышэння зарплат, пенсій, іншых сацыяльных выплат. 
Удаецца падтрымліваць адносную стабільнасць і ў нашым раёне. Гандлёвыя кропкі забяспечаны таварам, у бальніцах маецца дастатковы запас медыкаментаў, своечасова пачаўся ацяпляльны сезон. Усе кацельні раёна правераны і рэканструяваны, а новая кацельня ў райцэнтры, якая працуе на шчапе, дазваляе эканоміць газ. Пакуль удаецца захоўваць усе, нават відавочна стратныя, маршруты аўтобусаў. Як прыклад – маршрут Ушачы-Белае, якім карыстаюцца літаральна некалькі чалавек. Але ж пры ўсім жаданні пэўных змен у абслугоўванні вяскоўцаў не пазбегнуць. У прыватнасці, плануецца закрыццё тых ашчадкас, праз якія праходзіць зусім мала плацяжоў: “Беларусбанк” вымушаны праводзіць аптымізацыю сваіх сетак.
Аналізуючы работу аграрыяў раёна, Алег Анатольевіч адзначыў, што бягучы год ніяк нельга занесці ім у пасіў: сабраны рэкордны ўраджай зерневых, нарыхтавана больш 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. На жаль, уклад “Дубраўкі” ў гэты поспех даволі сціплы. Пабудаваны аграгарадок, абнаўляецца тэхнічны парк, няма асаблівых праблем па забеспячэнні ГЗМ і ўгнаеннямі, а прадпрыемства трывала замацавалася на ніжніх радках раённых зводак.

Вось і сёлета паказчыкі тут “ахавыя” як па вытворчасці і ўраджайнасці зерневых, так і па продажы малака, якое, дарэчы, у свой час было надзейнай крыніцай прыбытку прадпрыемства, а зараз з пачатку года ад каровы прададзена 1600 кілаграмаў. Бывае, што не па-гаспадарску выкарыстоўваецца зямля, нягледзячы на шэраг прынятых кіраўніком гаспадаркі мер “кульгае” працоўная дысцыпліна. Прадпрыемства хранічна не ўкладваецца ў тэрміны сельгасработ: вось і зараз на дапамогу па ўборцы кукурузы вымушаны былі прыйсці механізатары з іншых гаспадарак. Калі паўстае законнае пытанне “хто вінаваты?”, кіраўніцтва скардзіцца на “няпросты” калектыў, работнікі ў сваю чаргу ківаюць на тых, хто запраўляе справамі. Як выбрацца з гэтага замкнёнага кола? Мабыць, для пачатку, перастаць шукаць корань зла ў іншых. Дарэчы, падобная атмасфера бязвыхаднасці панавала летась і ў Старым Сяле, зараз жа сітуацыя там змянілася карэнным чынам, людзі атрымліваюць прыстойную зарплату. Хочацца спадзявацца, што выправіцца становішча і ў “Дубраўцы”. Тым больш што сельская гаспадарка можа і павінна даваць прыбытак. Так, за апошні час стала рэнтабельнай вытворчасць ялавічыны, павялічваюцца закупачныя цэны на малако, пры гаспадарчым падыходзе неблагі прыбытак можа даваць рапс і іншыя культуры. Але менавіта пры гаспадарчым падыходзе, памножаным на дысцыпліну і кантроль. Гэтую элементарную формулу пераўтварыць у жыццё будзе няпроста. Але абавязкова трэба.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *