В Ильюшинском детском саду всегда хорошая атмосфера

Наши дети

Калі прыходзіш у Ільюшынскі дзіцячы сад, адпачываеш душой. Чысценькія калідоры, утульныя, з густам аформленыя кабінеты. З агеньчыкам дабрыні і спагады сустракае гасцей педагагічны калектыў установы – дружны, зладжаны і мэтанакіраваны. У сценах сада заўсёды чуецца радасны дзіцячы смех, пануе асаблівая атмасфера спакою, шчырасці і бестурботнасці. “У чым сакрэт развіцця ўстановы?” – спыталі ў яе загадчыцы С.Ц.Міхейка. Святлана Цімафееўна патлумачыла, што калектыў дзіцячага сада – а гэта пяцёра вопытных педагогаў – шырока практыкуе новыя формы дашкольнага выхавання. Ва ўстанове наладжана цеснае супрацоўніцтва з бацькамі выхаванцаў, мясцовай гаспадаркай, школай і некаторымі іншымі структурамі раёна.

У пастаянным тандэме бавяць вольны час выхаванцы дзіцячага сада і вучні Ільюшынскай школы. Часта збіраюцца разам на ўрачыстыя мерапрыемствы, удзельнічаюць у гульнёва-пазнавальным марафоне “Эўрыка”. Самыя маленькія заўсёды бачаць перад вачыма прыклад старэйшых сяброў, вучацца ў іх. Так, нядаўна побач са школьнікамі выхаванцы дзіцячага сада “шчыравалі” на асеннім кірмашы. Хлопчыкі і дзяўчынкі разам прадавалі агародніну, якую вырасцілі іх бацькі, слоікі з прыпасамі на зіму, кандытарскія вырабы, прыгатаваныя не без іх дапамогі. Заробленыя на кірмашы сродкі пайшлі на набыццё вазонаў для кветак, якія ўпрыгожваюць памяшканні ўстановы.
Педагогі дзіцячага сада ўносяць сваю лепту ў агульную карысную справу. Кожную вясну яны займаюцца вырошчваннем памідораў і перцаў, расаду якіх прадаюць, а на заробленыя сродкі праводзяць рамонт у памяшканнях установы. Летась ад продажу расады зарабілі больш за 380 тысяч рублёў.
Значную падтрымку аказвае дзіцячаму саду і мясцовая гаспадарка. У мінулым годзе на матэрыяльныя сродкі, выдзеленыя ААТ “Ільюшынскі”, у садзе быў зроблены рамонт. У верасні гэтага года гаспадарка падарыла ўстанове 500 тысяч рублёў на набыццё цацак для малых. Акрамя гэтага кожны год “Ільюшынскі” выдзяляе агародніну для сталовай, што дазваляе значна знізіць кошт дзіцячага харчавання.
Педагогі Ільюшынскага дзіцячага сада ўмеюць пабудаваць добрыя адносіны не толькі ў дзіцячым калектыве, але і з бацькамі выхаванцаў. Апошнія – іх лепшыя памочнікі ў любым пытанні. Маладыя бацькі заўсёды трымаюць усё на кантролі. Кожны з іх уносіць пасільны ўклад у развіццё дзіцячай установы: нехта прыносіць насенне або расаду кветак для ўчастка, нехта сваімі рукамі робіць мэблю і дорыць установе. Дзякуючы шчыльнаму кантакту і ўзаемаразуменню, дзецям хочацца хадзіць у сад, а бацькі са спакойным сэрцам перадаюць сваіх маленькіх любімцаў пад пяшчотную апеку выхавальнікаў. 
Не першы год дзейнічае ва ўстанове клуб “Вучымся быць бацькамі”. Дарослыя актыўна наведваюць пасяджэнні, бо заўсёды на іх разглядаюцца цікавыя пытанні. Каб прадухіліць негатыўныя наступствы, выкліканыя асацыяльным ладам жыцця бацькоў, на пасяджэнні клуба прыходзіць старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх С.І.Ціханёнак. Часты госць тут і работнік мясцовага ФАПа А.М.Пашкоўская, якая даступна расказвае бацькам пра асаблівасці развіцця іх дзетак, спосабы барацьбы з захворваннямі, прафілактыку інфекцый.
Святы, бацькоўскія сходы і іншыя мерапрыемствы характарызуюцца ва ўстанове амаль 100-працэнтнай наведвальнасцю. Вось і нядаўна бацькі выхаванцаў сабраліся тут на дзень адчыненых дзвярэй. Маленькія гаспадары ўстановы падрыхтавалі для іх прыемны сюрпрыз – выступілі з прадстаўленнем “Восень вандруе ля варот”. Малышы-артысты праявілі свае таленты, выступілі на высокім узроўні. Да канцэрта было прымеркавана правядзенне выставы, экспанаты для якой дзеці рабілі разам з бацькамі.
Там, дзе прысутнічаюць неабыякавасць, ініцыятыва і ўзаемадзеянне, заўсёды станоўчыя вынікі. І доказам гэтага з’яўляецца прыклад Ільюшынскага дзіцячага сада, дзе створаны ўсе ўмовы для гарманічнага развіцця дзяцей, раскрыцця іх творчых здольнасцей.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: падчас свята “Восень вандруе ля варот”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *