Организацию работы с молодёжью обсудили на районном семинаре идеологического актива

Образование и молодежь Общество

Асноўнай  тэмай раённага семінара-практыкума ідэалагічнага актыву, які праходзіў на базе ААТ “Ільюшынскі”, была арганізацыя работы з моладдзю. На пачатку мерапрыемства перад прысутнымі выступіла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама І.В.Бельская, якая адзначыла, што работа з моладдзю, прыцягненне і замацаванне яе на вытворчасці – адзін з галоўных накірункаў ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах. “Інвестыцыі ў моладзь – гэта інвестыцыі ў будучае”, – прывяла Ірына Віктараўна словы кіраўніка нашай дзяржавы. 
Аб рабоце па замацаванні моладзі ў нашым раёне расказала начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Надзея Іванаўна Гардзіёнак. Задача гэта вельмі актуальная, бо колькасць людзей маладога ўзросту на Ушаччыне адчувальна змяншаецца. У сувязі з гэтым вельмі важна садзейнічаць моладзі ў рэалізацыі права на працу, у прыватнасці, строга выконваць парадак прадстаўлення першага рабочага месца маладым спецыялістам, спрыяць іх адаптацыі ў працоўных калектывах, аказваць неабходную падтрымку і дапамогу. На жаль, зараз больш паловы з ліку размеркаваных маладых спецыялістаў пасля абавязковай адпрацоўкі пакідаюць раён. Сярод прычын адтоку ёсць аб’ектыўныя (служба ў арміі, вяртанне да бацькоў, пераразмеркаванне па месцы жыхарства мужа ці жонкі і іншыя), але ёсць і такія, якіх можна было б пазбегнуць – незадаволенасць умовамі працы і жылля, складаныя адносіны з кіраўніцтвам. Як паказвае маніторынг, каля 60 працэнтаў маладых спецыялістаў раёна лічаць сваю заработную плату невысокай. У той жа час яны чамусьці не вельмі актыўна карыстаюцца спецыяльным ільготным крэдытам на набыццё дамашняй маёмасці, які прадстаўляецца на працягу двух год пасля заканчэння навучальнай установы. Крэдыт на 7,5 мільёна рублёў тэрмінам на 5 год пад 8 працэнтаў гадавых з адтэрміноўкай першага плацяжу на 6 месяцаў можа істотна дапамагчы маладому спецыялісту “абжыцца” на новым месцы, набыць рэчы першай неабходнасці. Аднак, магчыма, не ўсе аб ім ведаюць. Пра тое, каб моладзь валодала падобнай інфармацыяй, каб, увогуле, адчувала сябе на ўшацкай зямлі ўтульна, павінны ў першую чаргу паклапаціцца ідэолагі, адміністрацыйныя работнікі прадпрыемстваў, вопытныя калегі-настаўнікі. Многае ж залежыць і ад самой моладзі, яе грамадскай пазіцыі і адносін да працы.
Месца правядзення семінара было абрана невыпадкова: ААТ “Ільюшынскі” вызначаецца як па вытворчых паказчыках, так і літаральна ва ўсіх сацыяльных аспектах. Вялікая ўвага тут надаецца ідэалагічнай рабоце: кіраўнік гаспадаркі Сяргей Анатольевіч Халімоненка лічыць яе неад’емнай і вельмі важнай часткай дзейнасці адміністрацыі прадпрыемства. У дырэктара ёсць надзейны памочнік і аднадумца – намеснік па ідэалагічнай рабоце Таццяна Барысаўна Бондарава. Такому тандэму па плячы любыя задачы. На належным узроўні тут таксама вядзецца дакументацыя, аформлены тэматычныя папкі, зместам якіх з цікаўнасцю знаёміліся ўдзельнікі мерапрыемства. Адным словам, ідэалагічнаму актыву раёна было на што паглядзець і чаму павучыцца. 
Безумоўна, работа з моладдзю з’яўляецца ў “Ільюшынскім” адным з прыярытэтных напрамкаў. Сярод работнікаў прадпрыемства моладзь складае каля 20 працэнтаў. Цалкам вырашана жыллёвае пытанне: адзінаццаць маладых сем’яў жывуць у новых сучасных дамах. Маладым спецыялістам давяраюць новую тэхніку, адказныя ўчасткі работ. І мясцовая моладзь прымушае сабой ганарыцца – стабільна займае вядучыя месцы ў раённых працоўных спаборніцтвах. Сярод перадавікоў – Аляксандр Селязень, Раман Шопа, Юрый Бука, Дзмітрый Бурак. Два апошнія, дарэчы, нядаўна абаранялі гонар раёна на абласным конкурсе маладых механізатараў і занялі высокае шостае агульнакаманднае месца.
“Мы бачым кожнага” – такое тут крэда работы з моладдзю і ўвогуле з усімі працаўнікамі прадпрыемства. Правільны стыль кіраўніцтва, увага да ўсіх праблем, маральныя і матэрыяльныя меры стымулявання – вось складаемыя поспеху. І, вядома ж, развітая сацыяльная інфраструктура аграгарадка, два аб’екты якой – школу і дзіцячы сад – наведалі ўдзельнікі семінара-практыкума. І, трэба шчыра сказаць, убачанае моцна ўразіла. Падчас экскурсіі па Ільюшынскай сярэдняй школе, якую правёў яе дырэктар Аляксандр Мікалаевіч Азевіч, не пакідала адчуванне, што мы знаходзімся недзе ў прэстыжным сталічным ліцэі – так усё тут сучасна, акуратна, прывабна. Зрэшты, аформленыя з такім густам і любоўю кабінеты рэдка сустрэнеш нават у лепшых гарадскіх школах. А колькі тут розных стэндаў, фотагалерэй! Выключна ўзнёслыя эмоцыі выклікае і мясцовы дзіцячы сад, дзверы якога гасцінна адчыніла перад прысутнымі загадчыца Святлана Цімафееўна Міхейка. Няма ніякіх сумненняў, што 33 маленькія гаспадары ўстановы адчуваюць сябе тут абсалютна камфортна. Дарэчы, даволі вялікая колькасць дзяцей яскрава сведчыць аб перспектыўнасці Ільюшына, аб тым, што ўсё тут робіцца правільна, па-гаспадарску, па-людску.
Удзельнікі мерапрыемства наведалі таксама санаторый “Лясныя азёры”, які ў апошні час з’яўляецца візітнай карткай нашага раёна не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.
Падводзячы вынікі семінара, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Вольга Мікалаеўна Захарэнка прааналізавала работу, якая праводзіцца з моладдзю ў працоўных калектывах, адзначыла станоўчыя моманты і акрэсліла шэраг пытанняў, якія патрабуюць вырашэння. Яна таксама спынілася на задачах, якія пастаўлены перад ідэалагічным актывам згодна з адпаведным рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і рашэннямі калегіі ідэалагічнай работы аблвыканкама.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *