Инициатива молодёжи всегда приветствуется

Образование и молодежь

Моладзь – людзі энергічныя. Стаміўшыся ад сядзення за камп’ютарам, ад падрыхтоўкі ўрокаў, яны вызваляюць сваю энергію на танцавальных пляцоўках. А перад тым, як пайсці ў Дом культуры, многія “разаграваюцца” на школьных дыскатэках.
Кожны суботні вечар ва Ушацкай школе мнагалюдна. Сюды на дыскатэку прыходзяць не толькі старшакласнікі, але і вучні сярэдняга звяна, а таму часам бывае, што ў прасторным школьным фае нельга праштурхнуцца. Яшчэ некалькі гадоў назад пахваліцца такой колькасцю наведвальнікаў дыскатэка не магла: навучэнцы ігнаравалі школьную і адразу ішлі на начную ў РДК. Такія пазітыўныя змены – вынік многіх фактараў, але, напэўна, галоўны з іх – правільна арганізаваная работа дзіджэя.
Вось ужо другі год адказвае за правядзенне дыскатэкі ва Ушацкай школе выпускнік установы, студэнт Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа Мікіта Кароткі. Кожныя выхадныя хлопец спяшаецца дадому – ва Ушачы, дзе яго чакаюць не толькі бацькі, сябры, але і шматлікія аматары патанцаваць, паслухаць добрую музыку.
Для таго, каб заваяваць публіку, неабходна добра папрацаваць – упэўнены малады чалавек. Дзіджэй у першую чаргу павінен добра ведаць, што цяпер слухаюць. А таму два месяцы назад Мікіта вырашыў стварыць у сацыяльнай сетцы інтэрнэта “ВКонтакте” сваю групу пад назвай “School-Disco”, або “Школьная дыскатэка”, дзе праводзіць апытанні ўшацкіх падлеткаў наконт іх густаў у музыцы, пажаданняў. І маладыя людзі з цікавасцю ўспрынялі задуму. Зараз у групе ўжо больш за 380 чалавек, многія з іх актыўна пакідаюць свае прапановы, “скідваюць” спасылкі на любімыя трэкі, загадзя даведваюцца аб тэматыцы наступных дыскатэк. Да таго ж ёсць у групе і своеасаблівыя фотасправаздачы вечароў – альбомы з фотаздымкамі школьнікаў, зробленымі падчас правядзення дыскатэк, што таксама выклікае цікавасць у моладзі. 
У школьнага дзіджэя інтэрнэт заўсёды пад рукой, а таму “накачаць” трэкаў, скласці добрую фанатэку – не праблема. Трэба адзначыць, што кожная дыскатэка ў школе прысвечана пэўнай тэматыцы, а таму і музычныя кампазіцыі Мікіта падбірае з яе ўлікам. А для таго, каб яшчэ больш зацікавіць моладзь, хлопец пачаў маляваць афішы будучых музычных вечароў. Вось такі цікавы рэкламны ход!
Самай паспяховай, на думку Мікіты, стала дыскатэка на Хэлоўін. Дзякуючы афішы, якая, дарэчы, была не толькі выкладзена ў інтэрнэт-групе, але і вывешана ў школе, вучняў сабралася рэкордная колькасць – каля 120 чалавек. Многія прыйшлі ў адпаведных касцюмах.
Пад любімыя рытмы папсовых рэміксаў, клубнай музыкі кожную суботу на школьнай дыскатэцы танцуюць некалькі дзесяткаў юнакоў і дзяўчат. Зыходзячы з гэтага, можна даць выдатную ацэнку работы дзіджэя. Мікіта робіць усё магчымае, каб арганізаваць для моладзі цікавыя і арыгінальныя праграмы, каб танцавальныя вечары праходзілі ў належнай абстаноўцы. Па ўсяму бачна, што ўшацкай моладзі сумаваць тут не прыходзіцца. Дыскатэкі на такім узроўні ва Ушачах дагэтуль не праводзіліся, тым больш школьныя. А таму ініцыятыва Мікіты Кароткага стала, калі можна так сказаць, унікальнай.
Нам будзе цікава даведацца аб вашых уражаннях наконт дыскатэк, якія праводзіць Мікіта. Пакінуць свае водгукі, заўвагі, а таксама цікавыя прапановы, якія датычацца адпачынку моладзі, правядзення музычных вечароў і інш., можна на сайце нашай газеты па адрасе: www.belpatriot.by.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ



5 комментариев по теме “Инициатива молодёжи всегда приветствуется

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *