Конкурс «Мини мисс лето-2023» стал изюминкой праздничной программы «Было лето яркого цвета», которая прошлая в субботу в Ушачах

Образование и молодежь

Пакуль фіналісткі нацыянальнага конкурсу прыгажосці рыхтуюцца да шоу “Міс Беларусь-2023”, якое пройдзе 8 верасня ў Палацы спорту, ва Ушачах іх юныя паслядоўніцы спаборнічалі за тытул “Міні-міс лета-2023”.

Трэба сказаць, што ў час падобных праграм дарослыя хвалююцца нават больш за саміх канкурсантак – а за кожную прыгажуньку прыйшлі пахварэць родныя і сябры. Групы падтрымкі Лізы Жук і Ангеліны Валынец узначалілі мамы, за Дашу Клачок перажывала ўся дружная мнагадзетная сям’я, а блізкія дваюрадных сястрычак Лены Александровіч і Вікі Качан утварылі цэлы фанацкі сектар. “Я сёння ў прыемным, але складаным становішчы: за перамогу будуць спрачацца дзве мае ўнучкі – шкада, што карона толькі адна!” – жартаваў перад пачаткам шоу Пётр Пятровіч Качан.

Пачалася ж праграма з традыцыйнай візітоўкі. Ліза, напрыклад, расказала, што назвалі яе ў гонар бабулі Лізаветы Філіпаўны, а яшчэ зазначыла, што ганарыцца сваім героем-прадзедам – поўным кавалерам Ордэна Славы Анісам Клопавым, а Даша зняла арыгінальны відеаролік, дзе сыграла на домры. Відовішчным быў творчы конкурс. Літаральна кожная з дзяўчат спрабуе сябе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, пра што сведчыла выстава прыгожых работ. Цікавую харэаграфічную кампазіцыю падрыхтавала Ангеліна. Упэўнена выглядала на сцэне Лена, што і нядзіўна, бо яна з’яўляецца ўдзельніцай Узорнага фальклорнага калектыву “Спадчына”. У час кулінарнага конкурсу гледачы ўпэўніліся, што ўсе дзяўчынкі будуць цудоўнымі гаспадынямі, бо ўжо зараз, у свае 9-12 год, спрытна смажаць бліны, пякуць кексы і нават торцікі. Ну а які конкурс прыгажосці без дэфіле ў святочных сукенках!..

Пра тое ж, як няпроста было журы вынесці вердыкт, ведаю дакладна, бо сама ўваходзіла ў яго склад. Зрэшты, усе дзяўчынкі атрымалі свой тытул і, канечне, памятныя падарункі: Ліза стала “Міні-міс абаянне”, Ангеліна адзначана за талент, Лена – за артыстызм, а ў Дашы – званне “Міні-міс чароўнасць”. Карону ж і стужку пераможцы намеснік старшыні райвыканкама Анжаліка Анатольеўна Міранкова, якая ўзначальвала журы, уручыла Вікторыі Качан. Ну а балельшчыкі змаглі прыкласці руку да вызначэння ўладальніцы прыза глядацкіх сімпатый – прычым, у прамым сэнсе, бо крытэрыем тут была гучнасць апладысментаў. Давялося зрабіць аж тры “дублі”, бо Даша і Лена атрымлівалі прыкладна аднолькавы “гукавы рэйтынг” – у выніку бонус дастаўся апошняй.

А ўвогуле прайграўшых тут не было – і пасля заканчэння ўсе гераіні шоу ахвотна пазіравалі нам у спецыяльна абсталяванай фотазоне. Атрыманы сцэнічны вопыт стане стымулам для далейшага самаўдасканалення, развіцця талентаў – і магчыма, праз некалькі год хтосьці з іх прадставіць Ушаччыну на галоўным конкурсе беларускіх прыгажунь.

* * *

Прыгаданы конкурс стаў толькі адным з мерапрыемстваў свята “Было лета яркага колеру”, якое культработнікі падарылі дарослым і дзецям у апошнюю суботу жніўня. Гульнявыя праграмы, мультфільмы, выстава “Жывы куток” – кожны мог знайсці забаву па гусце і ўзросце. Ну а ўвечары разыход вады па гарпасёлку, напэўна, перавысіў усе нормы, бо пасля заліхвацкага фестывалю фарбаў ванны і пральныя машыны аказаліся вельмі запатрабаванымі. Вось такім каляровым атрымаўся развітальны летні акорд!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *