Ушачская школа преображается к новому учебному году

Общество

Падрыхтоўка да новага навучальнага года ва Ушацкай школе ідзе поўным ходам. Упэўніцца ў гэтым можна нават не заходзячы ўнутр – пах свежай фарбы чутны ўжо ад каліткі.

– Працоўныя будні у нас – насамрэч, зараз не самыя лёгкія, – расказвае намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Таццяна Юрцэвіч. – Ужо пасля выпускнога балю, каб не ўпусціць ніводнай гадзіны, дружна ўзяліся за справу. Падрыхтавалі да рамонту фае, што на першым паверсе (выконваць яго будуць спецыялісты абранай па выніках тэндару арганізацыі). Пачалі наводзіць парадак у санвузлах і сталовай. Сабралі новую мэблю для пачатковых класаў. Ну і, канечне, займаемся афарбоўкай, прычым, усяго: сцен, дзвярэй, радыятараў, падлогі.

Калідоры і аўдыторыі, гардэроб, спартыўная зала і лесвічныя пляцоўкі… Цяжка нават уявіць, колькі часу і сіл патрэбна, каб выканаць усё запланаванае. Аднак тэхперсанал спраўляецца, за дзень афарбоўваючы ў сярэднім па два-тры класы. З колеравай гамай не эксперыментуюць – даўно палюбіліся ўсім лёгкі персік, светлы лімон, вясенняя зеляніна. Растваральнікі ж прынцыпова не выкарыстоўваюць – засцерагчы рукі дапамагаюць гумовыя пальчаткі, з плямамі ж на адзенні і раслінны алей нядрэнна спраўляецца.

– Яшчэ раз упэўніліся, што беларускае – вельмі якаснае, – удакладняе Таццяна Уладзіміраўна. – Сёлета ўся фарба, якую атрымалі – ад лідскага ААТ “Лакафарба”. Працаваць з ёй – адно задавальненне: ніякіх разводаў, праплешын – усё кладзецца роўна і шчыльна.

Работніцы дадаюць, што ўдзячны цэнтру па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, які займаўся закупкамі, і яго кіраўніку Таццяне Глінскай за дастойны выбар.
Адбудуцца ў памяшканнях, класных аўдыторыях і іншыя змены. Так, напрыклад, над усімі школьнымі дошкамі з’явяцца новыя прыборы асвятлення – каб вучні лепш бачылі напісанае. Часткова заменім зношаныя ці пашкоджаныя элементы вучнёўскай мэблі.

Практычна з усім рабочыя, тэхперсанал, вартаўнікі Ушацкай СШ спраўляюцца ўласнымі сіламі. Адпускі ж на летні перыяд бяруць толькі часткова – каб усё паспець да здачы, якая пройдзе ўжо ў сярэдзіне жніўня, ды юных землякоў годным абнаўленнем парадаваць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *