Вёска Немірова трымаецца выключна на сезонных гаспадарах. Гэта Ірына Васільеўна Бондал і яе адзіныя суседзі, праўда, сядзіба якіх размешчана на другім канцы вёскі, – Фёдар Леанідавіч і Валянціна Ягораўна Шаўчэнкі. Хоць і мае сям’я лепельскую прапіску, а ўсю працаздольную біяграфію правяла ў Расіі, вось ужо 18 год, як ураджэнцы Ушаччыны вярнуліся на малую радзіму і праводзяць тут час з ранняй вясны па познюю восень.
Знаёмы будучыя муж і жонка былі са школьных гадоў – Фёдар з Латышова і Валянціна з Немірова – аднакласнікі, разам хадзілі ў Бельскую васьмігодку, а потым іх шляхі разышліся. Юнак скончыў Цюменьскае інжынерна-сапёрнае ваеннае вучылішча, дзяўчына – тэхнікум і працавала ў мосарскім аддзяленні ашчаднай касы і на пошце. А потым зноў сустрэліся, ажаніліся і амаль 50 год ідуць разам па жыцці, пераадольваючы выпрабаванні лёсу, якіх хапала.
Аб тым, што мужа накіравалі ў Афганістан, Валянціна Ягораўна даведалася не адразу. Забег неяк Фёдар Леанідавіч ноччу, кінуў: ”Валюха, збірай рэчы” і два гады дасылаў сухія лісты. Падпалкоўнік і зараз крайне рэдка гаворыць пра тую вайну, неахвотна прыгадвае Тэрмез і суправаджэнне калон, галоўным правілам пры якім было – ні ў якім разе не спыняцца. Потым працягваў службу ў Маскоўскай ваеннай акрузе, аднак заўсёды марылі вярнуцца на радзіму. Валянціна Ягораўна працяглы час не працавала не столькі з-за частых пераездаў, колькі з-за хваробы сына, усю сябе яна прысвяціла служэнню двум сваім мужчынам і не носіць крыўды ў сэрцы ні на лёс, ні на людзей, па чыёй халатнасці сын стаў інвалідам.
Тут, на прасторы, у рэдкай цішы яны ў гаспадарчых клопатах і бавяць час. Лазня пасярод тыдня – калі душа пажадае, абавязкова – з венікам, якіх Фёдар Леанідавіч нарыхтоўвае ў вялікай колькасці – навокал хапае дрэў самых розных парод, ды і ў саміх Шаўчэнак у Немірове – мясцовы дэндрапарк. Не варта казаць, што зямлі там – безліч, таму абкошваюць і сваю, і прылеглую тэрыторыю. Газон пачынаецца ад гравійкі і ўсё засаджана хвойнікамі, дэкаратыўнымі кустамі і раслінамі. Створана месца адпачынку на вуліцы, вельмі многа ў Валянціны Ягораўны і самых розных кветак, сярод якіх дамініруюць вялікія купіны гартэнзіі.
А чаго яшчэ нельга абмінуць, так гэта цяпліц і градак. Па-першае, з-за іх колькасці. Чатыры парнікі з перцамі, таматамі, баклажанамі, пасадкі салаты, цыбулі, фасолі… Усё праполатае і дагледжанае, пра якое гавораць – не знойдзеш і травінкі. Тут усяго з лішкам не толькі таму, што на месцы няма магазіна – прыходзіць аўтакрама, ды і за прадуктамі перыядычна прыязджаюць у райцэнтр, а таму што прывыклі мець сваё і не могуць бачыць, каб зямля пуставала. Такі ўклад быў і ў сям’і Галінскіх – у бацькоўскім доме Валянціны Ягораўны, дзе і жывуць і які падтрымліваюць у парадку. Праўда, каб вызваліць дом ад кустоўя, надаць яму і тэрыторыі такі дагледжаны выгляд, давялося не адзін год працаваць. Створаная утульнасць – таксама вынік іх працавітых рук.
Вольга КАРАЛЕНКА.

