Собрание акционеров «Райагросервиса»


 PICT0029У кабінеце дырэктара ААТ “Ушацкі райаграсервіс” І.І.Барунова вісіць дыяграма аб надоях малака ў параўнанні з папярэднім годам – крывая ўпэўнена імкнецца ўверх. І кіраўнік задаволена паглядае на яе, кажа аб тым, што ёсць каму працаваць у гаспадарцы, ёсць на каго абаперціся. 
 

 

А гэта пацвердзіў і агульны сход акцыянераў таварыства, які прайшоў 23 лютага. У зале пераважна маладыя працаўнікі, бо калектыў у апошнія гады толькі маладзее.

Іх рукамі пастаўленыя задачы, праўда, не зусім максімальныя, выкананы, зазначыў ва ўступным слове дырэктар. Тым не менш, умацавалі свае пазіцыі па вытворчасці малака і мяса – занялі першыя месцы ў раёне. Малочнатаварная ферма Старое Сяло перавысіла пяцітысячны рубеж, крыху адсталі ў вёсцы Ліпавец, цяпер ставяць задачу падцягнуць да агульнага ўзроўню ферму ў Матырыне.

Варта зазначыць, што сярод гаспадарак “Аблаграсервіса” занялі першае месца па прывагах буйной рагатай жывёлы і другое па надоях малака ад каровы.

Што датычыцца зерневых, то валавая прыбаўка ўраджаю да папярэдняга года склала 2401 тону – з кожнага з 1340 гектараў сабралі ў сярэднім па 33,8 цэнтнера зерня, плюс да папярэдняга – 10,3. З 24 тысяч тон сабранага зерня наогул у раёне, пяць тысяч тон на рахунку “Райаграсервіса”, у тры разы вырас збор насення рапсу. А такі нарматыў як самафінансаванне склаў у гаспадарцы 135,7 кілаграма на бала-гектар, адстаў толькі на 4,3 кілаграма ад патрэбнага, каб забяспечыць аднаўленне. Гэта другі вынік у раёне. Асабліва адзначыў І.І.Баруноў, што не разгубілася малады галоўны аграном Алена Сяргееўна Смык у першы год сваёй работы на такой адказнай пасадзе.

Ды і яна сама, выступаючы на сходзе, гаварыла аб планах на гэты год з упэўненасцю. Пад зерневыя будзе адведзена ўжо 2502 гектары, з іх на тысячы пасеяны азімыя, пастаўлена задача дасягнуць ураджайнасці 37,9 цэнтнера з гектара. Павялічацца плошчы пад кукурузай, 460 гектараў рапсу павінны даць 690 тон насення. Па-ранейшаму ўвага кармавым культурам.

Прызнала Алена Сяргееўна і пралікі, але галоўнае, што яна іх ведае, а калі ведаеш, то ўзброены.

Зноў жа яе ўпэўненасць Іван Іванавіч падмацаваў словамі аб развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы. Будзе магчымасць сёлета ўключыць у работу высокапрадукцыйны каменепадборшчык, каб усё насенне ўнесці ў глебу пасяўнымі агрэгатамі. З Віцебскім навукова-даследчым інстытутам плануецца заключэнне дагавора аб навуковым суправаджэнні ўсіх работ па вырошчванні сельскагаспадарчых культур. А гэта і тэхніка, і сарты, і гербіцыды. Рапс, напрыклад, запэўніў Іван Іванавіч, абавязкова сёлета будзе вырошчвацца так.

Галоўныя напрамкі ў раслінаводстве вызначаны, пашырэнне плошчаў, замена насення на больш высокія рэпрадукцыі, павышэнне якасці і культуры работ. Пераўзбраенне ў многім выносіцца на першы план – маладым патрэбна сучасная тэхніка, любая цяпер падуладная ім. А як многа залежыць ад якасці — вядома, ураджай пасля яго не параўнаеш з тым, дзе працавалі звычайныя сеялкі.

Усё ў сельскай гаспадарцы ўзаемазвязана: з зямлі атрымліваюць кармы, працуюць на важнейшую галіну – жывёлагадоўчую, а тыя амаль штогод даюць заработную плату ўсім. Але ж без раслінаводства ім не абысціся, таму павінны аддзякаваць сваёй работай на фермах. Так яно і адбываецца, лічбы прыводзіліся. Але колькасць павінна перарасці ў якасць. А вось тут якраз ёсць яшчэ над чым працаваць, за год атрымана амаль 77 мільёнаў рублёў страт ад продажу малака ніжэйшай якасці. Толькі 42 працэнты прададзена малака вышэйшым сортам, 57 – першым. Хоць бы наадварот, ды з прыбаўкай. А ўвогуле разлічваюць з устаноўкай новага абсталявання ў Матырыне і на “экстру”.

Разлічваюць таксама атрымаць 105,4 працэнта малака і 153 мяса да леташняга ўзроўню. Скараціць удзельную вагу куплёных камбікармоў, якія ўдвая даражэйшыя за зерне, што таксама паўплывае на змяншэнне страт.

Сёння ў гаспадарцы працуе 217 чалавек, і задача не павялічваць колькасць, а кожнаму павышаць выпрацоўку. Аб гэтым сведчыць эканамічны аналіз. Так, прадукцыйнасць працы на аднаго работніка ад рэалізацыі прадукцыі вырасла на 2 працэнты, а заработная плата на 23. Прычым, яна не нізкая, у даярак 800,9 тысячы рублёў за месяц – плюс 32 працэнты за мінулы год, даглядчыкаў адпаведна 650,9 – 19, трактарыстаў-машыністаў 918 – 12, вадзіцеляў 815 – 28.

Большасць людзей жадае працаваць і зарабляць, а для гэтага ствараюцца ўмовы, адпаведна расце патрабавальнасць. Так і павінна быць, бо сярод асобных у тых жа катэгорыях працуючых заробак далёка неаднолькавы пры роўных умовах.

Вынікі ў гаспадарцы падвялі, арыенціры акрэслілі, а галоўнае, адчувалася жаданне іх дасягнуць, нарошчваць тэмпы. Сёння там не задаволены нават тым, што толькі два чалавекі прадстаўлялі калектыў на рэспубліканскіх “Дажынках” – хоць яны наогул упершыню прадстаўлялі і раён, тры камбайнеры менавіта з “Райаграсервіса” з пяці ў раёне намалацілі больш як па тысячы тон зерня.

Старшыня прафсаюзнага камітэта М.М.Пятніца далажыў аб выкананні калектыўнага дагавора.

На сходзе таксама выступілі галоўны ветэрынарны ўрач А.І.Кабяк, галоўны заатэхнік С.Б.Владзіёнак, намеснік дырэктара Г.С.Юрчак, галоўны эканаміст С.В.Есіпёнак, намеснік начальні- ка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па эканоміцы В.Л.Хамёнак.

І гэта былі не толькі справаздачы, а вызначэнне накірункаў на будучае.

Выбраны члены назіральнага савета і рэвізійнай камісіі.

 

 

 

 

 

 

 

Р.КАРПАЎ.

На здымках:

выступае А.С. Смык; у зале пераважна маладыя ды вопытныя.

 

 

 

 

 


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *