От укусов бродячих собак …

Выясняем ситуацию

Не адразу прыкмеціла, як побач аказаліся нечаканыя спадарожнікі. А зразумеўшы, ад каго зыходзіць скрып марознага снегу, разгубілася. Хоць і не баюся сабак, аднак як паводзіць сябе з сабачай зграяй, не ведаю: адганяць ці ісці цішком? Так і ішлі мы побач, пакуль “сабачае вяселле” не павярнула на адну з вуліц.

У нас на ўскрайку гарпасёлка яны частыя наведвальнікі, бо галодныя, шукаюць ежу па дварах і хлявах. Не падлічыць, колькі трусоў “паклалі” гады два таму, не зважаючы на агароджы і закрытыя клеткі. Вынаходлівыя і нахабныя без меры, яны не надта баяліся і гаспадароў, якія выходзілі абараніць уласную гаспадарку.

Высветлілі тады суседзі і іх пастаяннае “месца пражывання” (яно было ў лесе ля бойні), не раз тэлефанавалі ў камунгас, аднак колькі часу прайшло, пакуль ліквідавалі групоўку. Калі сабакі, пад’еўшы, нахабна грэліся на сонейку, не было прадстаўнікоў камунгаса, калі прыязджалі апошнія – ужо не было сабак. Зараз з’явілася новая зграя пад кіраваннем вялізнага сівога важака.

– У нас ля магазіна на Е.Лось бадзяжныя сабакі частыя госці, галодныя, лезуць у сумкі, забягаюць у двор. Я не раз тэлефанаваў у дыспетчарскую камунгаса, аднак на адным месцы яны не сядзяць, затрымаць жа не затрымаеш.

Гэта адно з апошніх тэлефанаванняў у рэдакцыю. Леанід Севасцьянавіч Кулік сваім зваротам пацвердзіў у чарговы раз, як няпроста вырашыць праблему. Пры рэальнай спробе “накрыць” бадзяжную зграю, адкрыліся і спадарожныя пытанні. Па звароту рэдакцыі ў гэты ж дзень работнікі камугаса былі на скрыжаванні Е.Лось і завулка Кастрычніцкага. І два сабакі, як па заказу, дачакаліся, былі на месцы. Калі ж іх сабраліся нейтралізаваць, высветлілася, што яны суседскія! Проста спусцілі, як заўсёды спаслаўшыся на тое, што яны нікога не кусаюць.

– Такая сітуацыя не рэдкасць, – каменціраваў намеснік дырэктара УП ЖКГ Мікалай Уладзіміравіч Свірко. – Было ў практыцы камунгаса, што на нас і скаргі пісалі, пасля таго, як ліквідавалі вольна хадзіўшага сабаку. Разумею, што такое страціць сябра, можна сказаць члена сям’і. Аднак хацелася б, каб людзі лепш ведалі свае абавязкі і існуючае заканадаўства.

А згодна з апошнім сабакі без ашыйніка, жэтона лічацца бадзяжнымі. Сабаку абавязкова трэба зарэгістраваць, тым больш, што працэдура гэта абсалютна бясплатная. Тысячу рублёў каштуе жэтон з асабістым нумарам, па ім хатняга сабаку і адрозніваюць ад бадзяжнага. Акрамя таго, павінны будуць адшукаць гаспадара. За нерэгістрацыю ж сабакі згодна з Грамадзянскім кодэксам існуе адказнасць ад простага папярэджання да 10 базавых велічынь. Толькі шкадуюць пакуль кішэні людзей прадстаўнікі камунгаса і на разгляд адміністрацыйнай камісіі райвыканкама паступаюць толькі “важкія” справы па скаргах, калі сябра чалавека моцна напалохаў ці, крый Бог, запусціў зубкі ў апошняга.

За мінулы год адміністрацыйнай камісіяй райвыканкама было разгледжана тры такія справы. Па адной, з-за недаказанасцю фактаў, гаспадар атрымаў папярэджанне, па другой – адну базавую (сарваўшыся сабака моцна напужаў дзіця), па трэцяй, мала таго, што сабака непакоіў аднавяскоўцаў, дык і гаспадыня займала пазіцыю: мой сабака, што хачу, тое і раблю.

– Трэба больш жорстка пытацца з людзей за ўтрыманне сабак, хоць калі перад табой стаіць бабуля і просіцца, канечне, саступаеш. Бадзяжны – гэта як правіла хатні, ці быў такім, – перакананы М.У.Свірко. – Да нас пастаянна паступае па некалькі зваротаў на ліквідацыю сабак. Зараз, напрыклад, з Вяркуд, Апанаскавічаў, Глыбачкі Глыбачанскага сельсавета. І самі праводзім рэйды. Толькі справа гэта няпростая. Не заўсёды адразу атрымоўваецца выехаць – толькі паўгадзіны ідзе на запраўку адпаведнага рэчыва, якое праз дзве гадзіны ўжо не дзейнічае. Каравуліць можам таксама не без мяжы. І метад тут толькі адзін – дзейнічаць сумесна. Тэлефануйце, мы не пакідаем званкі грамадзян без увагі. І, па-першае, прывучыўшы гаспадароў не выпускаць, не кідаць сваю жывёлу, па-другое, падкаравуліўшы сфарміраваныя зграі, ліквідуем сабачыя групоўкі.

Праблема бадзяжных сабак цесна пераклікаецца з правіламі ўтрымання хатніх і драпежных жывёлін. Закранае як практычны бок (сапсавалі маёмасць, пакусалі), так і маральны: знішчаць, перадаваць, ствараць цэнтры для бяздомнай жывёлы? І як нейтралізоўваць у людны дзень, а навокал дзеці? Мноства спадарожных пытанняў. Аднак пра маральны аспект забываюцца ўсе, калі справа дайшла да знаёмства з клыкамі. За мінулы год ад укусаў сабак пацярпела 35 чалавек, у 2008 – 53, 2007 – 60. Сумесная работа ўчастковых, камунгаса, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі відавочна мяняе становішча. Аднак, лічбы ўсё роўна вельмі высокія. А чалавеку, як вядома, і аднаго ўкусу дастаткова, каб запомніць на ўсё жыццё.

У суд Ушацкага раёна толькі за мінулы год паступіла сем спраў за парушэнне правілаў утрымання жывёлы, якія прывялі да цялесных пашкоджанняў. Гэта значыць, што кусалі не бадзяжныя, а нашы з вамі ўтрыманцы. Чатыры ўладальнікі сабак атрымалі штраф у памеры 350 тысяч рублёў. Дзеянні жывёлы былі і застаюцца непрадказальнымі. Нярэдка ахвярамі становяцца самі гаспадары. У адным з мінулагодніх выпадкаў сабака сарваўся і накінуўся на чужога чалавека. І калі не існуе спосабу засцерагчы сябе ад укусаў, то выплаты штрафаў пазбегнуць рэальна. З нядаўняга часу “Белдзяржстрахам” уведзены такі від страхавання, можна сказаць, ад непрадбачаных дзеянняў тваёй жывёлы.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *