Отцы и дети

Наши дети

У апошнія гады ў Беларусі намецілася тэндэнцыя да скарачэння колькасці дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. І ўсё ж праблема сіроцтва не страчвае сваёй актуальнасці. Сёння з боку дзяржавы прымаюцца беспрэцэдэнтныя меры па ўхіленні так званага сацыяльнага сіроцтва, па прафілактыцы дрэннага становішча ў сем’ях і абароне дзяцей-сірот. Перад дзяржавай стаіць няпростая задача: вырасціць з гэтых дзяцей дастойных грамадзян, якія не будуць паўтараць памылкі бацькоў і ствараць новыя праблемы для грамадства. Якія меры для гэтага прымаюцца? Якая работа з ненадзейнымі сем’ямі праводзіцца ў нашым раёне? Падрабязна аб гэтым мы папрасілі расказаць галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі райвыканкама В.А.ЖЫТКУЮ.

– Пытанне выяўлення сем’яў, дзе па розных прычынах парушыўся нармальны, здаровы сямейны лад жыцця, кладзецца, канечне, на школы. Класныя кіраўнікі, якія наведваюць на даму сваіх вучняў, заўважаюць гэта і бяруць такую сям’ю спачатку на ўнутрышкольны кантроль. Самыя розныя формы і метады прафілактычнай работы педагогаў адразу ўключаюцца ў дзеянне. Толькі цяга дарослых да спіртнога і далейшае бадзяжніцтва іншы раз бяруць верх. У такіх выпадках дзеці застаюцца па-за ўвагай сваіх жа бацькоў, сям’я прызнаецца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Па стану на 1 студзеня 2010 года ў раёне налічваецца 69 такіх сем’яў, дзе выхоўваецца 117 непаўналетніх.

Станоўчым вынікам работы педагагічных калектываў раёна за 2009 год, саветаў прафілактыкі ўстаноў адукацыі з’яўляецца нармалізацыя абстаноўкі ў 25 сем’ях і зняцце з уліку 50 непаўналетніх.

Прызнанне непаўналетняга такім, каму неабходна дзяржаўная абарона, прадугледжвае забіранне яго з сям’і і змяшчэнне ў дзяржаўны дзіцячы сацыяльны прытулак. Менавіта ў гэтай установе вядзецца вялікая работа па сацыяльнай рэабілітацыі хлопчыкаў і дзяўчынак з ненадзейных сем’яў, аказваецца сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная дапамога. Праводзіцца вялікая карэкцыйная работа, накіраваная на фарміраванне маральных, гігіенічных, працоўных, бытавых і камунікацыйных навыкаў. У 2009 годзе ў раёне 20 дзяцей з 11 сем’яў былі прызнаны такімі, каму неабходна дзяржаўная абарона, праз дзіцячы сацыяльны прытулак прайшло 38 дзяцей. У біялагічныя сем’і вернута 8 выхаванцаў прытулка, 19 змешчана ў замяшчаючыя сем’і. Канечне, вельмі насцярожвае той факт, што толькі восем дзяцей супраць дваццаці ў 2008 годзе, вярнуліся жыць да сваіх родных маці і татаў. А прычына гэтага – невыкананне бацькамі ўмоў для вяртання дзяцей. Большасць з такіх несумленных дарослых, як ні крыўдна, проста не змаглі адмовіцца ад ужывання спіртнога, не ўладкаваліся на працу, не навялі элементарны парадак у сваіх дамах, не нарыхтавалі запас прадуктаў харчавання. Цяжка нават уявіць, на што прамянялі гэтыя людзі сваіх крывінак! Выходзіць, толькі дзяржава дае гэтым няшчасным дзецям самае неабходнае: дах над галавой, адзенне, ежу, магчымасць вучыцца… Вось толькі кожны выхаванец прытулка яўна ці ўпотайкі чакае на парозе дзяржаўнага дома сваю родную маці, якой бы яна ні была, і марыць вярнуцца дадому. На жаль, гэта не кранае чэрствыя сэрцы такіх маці, страціўшых іншы раз жаночае аблічча.

У мінулым годзе адбыўся рост фактаў пазбаўлення бацькоў сваіх правоў: 20 бацькоў у адносінах 27 дзяцей. Выяўлена таксама 28 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Уладкавана на выхаванне ў спрыяльныя сем’і (апякунскія і прыёмныя) 30 такіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Прыемна адзначыць, што ніводнае дзіця з раёна не адпраўлена ў дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы.

На ўліку ў аддзеле адукацыі райвыканкама стаіць 70 абавязаных асоб, хто павінен пакрываць расходы на ўтрыманне сваіх дзяцей у дзяржаўных установах. За час дзеяння Дэкрэта №18 у бюджэт раёна паступіла 123 мільёны 638 тысяч 300 рублёў, што складае ўсяго 36 працэнтаў ад патрэбнай сумы. За мінулы год на ўтрыманне дзяцей у прытулку зрасходавана 178 мільёнаў 567 тысяч 700 рублёў, а нядбайнымі бацькамі вернута толькі 55 мільёнаў 324 тысячы рублёў (31 працэнт).

На гэты год у накірунку рэалізацыі Дэкрэта №18 запланавана вельмі многа разнапланавых мерапрыемстваў, якія павінны садзейнічаць нармалізацыі абстаноўкі ў ненадзейных сем’ях. Думаю, што пры ўмове іх якаснай рэалізацыі ўсімі зацікаўленымі службамі, зможам выправіць становішча ў лепшы бок.

Матэрыял падрыхтавала А.ПАШКОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *