В Ушачи за опытом. Областной семинар по охране труда прошёл на базе Ушачского ЖКХ

Общество

“Глядзіце і запамінайце: ва ўшацкіх калег ёсць чаму павучыцца”, – такія словы першага намесніка начальніка ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама С.С.Пуцілоўскага былі адрасаваны ўдзельнікам абласнога семінара “Дзень аховы працы”, які праходзіў 21 чэрвеня на базе УП ЖКГ Ушацкага раёна. На мерапрыемства былі запрошаны галоўныя інжынеры і інжынеры па ахове працы прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскай вобласці. Аб актуальнасці названай тэмы казаць залішне: дыяпазон работ камунальнікаў надзвычай шырокі, і значная іх частка адносіцца да небяспечных.

Лепей адзін раз убачыць – дакладнасць гэтай ісціны пацвердзіла насычаная практычная частка семінара. А пачалася яна з візіту ў цэнтральную кацельню. Гэтае месца, напэўна, асацыіруецца ў многіх са змрочным пыльным памяшканнем, цяжкай і непрэстыжнай работай. Убачанае цалкам абвергла стэрэатыпы. Прыемнае ўражанне ўзнікла ўжо на тэрыторыі перад уваходам, упрыгожанай пышнымі кустамі півоняў і арыгінальнымі архітэктурнымі формамі. А яшчэ больш яно ўмацавалася, калі прайшліся па нядаўна адрамантаваных, абстаўленых новай мэбляй лабараторыі, раздзявалцы, пакоі для прыняцця ежы. Але ж асноўнай мэтай наведвання было азнаямленне з арганізацыяй бяспекі працы пры тэхнічным абслугоўванні кацельнага абсталявання, таму “экзамен трымалі” галоўны інжынер УП ЖКГ С.П.Жураўлёў, а таксама начальнік цэнтральнай кацельні С.В.Полазаў. І заслужылі выдатную адзнаку: за бездакорна аформленую дакументацыю, вычарпальныя адказы на пытанні прадстаўнікоў абласных упраўленняў ЖКГ і Дэпартамента інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Акрамя таго прысутныя змаглі паназіраць за правядзеннем чысткі катла СН-300. Гэта складаны, але неабходны працэс, бо названыя катлы працуюць на шчапе, пры згаранні якой, вядома ж, на сценках застаецца нагар. Два катлы СН-300 з’явіліся ў цэнтральнай кацельні пасля прыняцця праграмы па пераходзе на мясцовыя віды паліва, і мэтазгоднасць іх набыцця красамоўна характарызуюць прыведзеныя дырэктарам Ушацкага УП ЖКГ С.Л.Шульцам лічбы: за апошні ацяпляльны сезон, калі газавы кацёл працаваў толькі ў вельмі халодным лютым, было выкарыстана газу ў тры разы менш, чым у папярэднім сезоне, што дазволіла зэканоміць каля двух мільярдаў рублёў.
Другім пунктам практычнай часткі семінара стала наведванне вытворчай базы прадпрыемства. Старшыня прафкама, майстар па добраўпарадкаванні Д.С.Шасцярэнь расказаў гасцям аб арганізацыі работы грамадскіх інспектараў прафсаюза прадпрыемства па пытаннях аховы працы. Гэтая сістэма дзейнічае тут толькі другі год, але паспела трывала ўкараніцца і стаць адметнасцю прадпрыемства. Яна дазваляе забяспечыць удзел прадстаўнікоў прафсаюза ў штодзённым кантролі за работай на ўсіх участках. Грамадскія інспектары кантралююць стан работнікаў і працоўных месцаў, спецадзення, выкарыстанне сродкаў аховы працы, дапамагаюць вырашаць узнікшыя праблемы. Ды і ўвогуле, калі сярод работнікаў участка маецца грамадскі інспектар, узровень працоўнай дысцыпліны ўзрастае. Прадумана і сістэма матэрыяльнага стымулявання: у залежнасці ад удзелу, грамадскія інспектары атрымліваюць індывідуальныя надбаўкі да заробку. Дзейнасць прафкама высока ацаніла старшыня абласнога камітэта галіновага прафсаюза Л.В.Волкава.
Ёсць ва ўшацкіх камунальнікаў і яшчэ адзін прадмет гонару – кабінет па ахове працы, які нядаўна прайшоў рэспубліканскую сертыфікацыю. Без перабольшвання можна сказаць, што яго выгляд выклікаў агульнае захапленне. “Нам аб такім толькі марыць”, – нават уздыхалі некаторыя прысутныя, разглядваючы новую мэблю, камп’ютары, зробленыя па апошніх сучасных паліграфічных стандартах стэнды і папкі з інструкцыямі. Тутэйшыя гаспадары – інжынеры па ахове працы В.Р.Кісель і В.М.Секан – расказалі аб рабоце кабінета, аб арганізацыі праверкі ведаў у работнікаў прадпрыемства.
А яшчэ прысутныя змаглі паназіраць за тым, як хутка і зладжана сіламі дабравольнай пажарнай дружыны УП ЖКГ было ліквідавана невялікае ўзгаранне на тэрыторыі вытворчай базы. Скарысталіся яны і магчымасцю пазнаёміцца з вядомымі месцамі Ушаччыны – мемарыяльным комплексам “Прарыў” і сядзібай-музеем Васіля Быкава.
Вынікі мерапрыемства былі падведзены на пленарным пасяджэнні. Але ж, напэўна, галоўным плюсам семінару можна назваць тое, што літаральна адразу пасля яго заканчэння ўшацкія камунальнікі сталі атрымліваць звароты ад калег з іншых раёнаў, якіх зацікавіў іх перадавы вопыт.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *