Отчётное собрание в «Деменце»


 

 На мінулым тыдні прайшоў агульны сход СВК “Дземенец-Агра”, на якім былі падведзены вынікі 2009 года, намечаны планы і шляхі іх вырашэння на бягучы год. На сходзе прысутнічала даволі многа людзей, а членамі кааператыва з’яўляюцца 29 чалавек, агульная колькасць працуючых – 40.SDC12013

Прайшоўшы год, безумоўна, быў складаным не толькі для названай гаспадаркі, але і для многіх іншых прадпрыемстваў раёна. Тым не менш, нягледзячы на ўсе цяжкасці, кааператыву ўдалося выканаць усе паказчыкі, а па асобных накірунках абысці іншыя сельгаспрадпрыемствы. Вытворчасць прадукцыі павялічылася і склала 112 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года.

У сваім дакладзе А.В.Шарыпенка адразу адзначыў, што на працягу апошніх гадоў гаспадарка працуе з прыбыткам. А ў 2009 годзе ўдалося сабраць рэкордны ўраджай зерневых. Менавіта ў раслінаводстве “Дземенец” выходзіць на першыя пазіцыі. Ужо шосты год запар гаспадарка займае першае месца ў раёне па ўраджайнасці. Летась яна склала 41,7 цэнтнера з гектара. Было здадзена 436 тон піваварнага ячменю пры плане 50 тон, тым самым апярэдзіўшы ўсіх астатніх у раёне і многіх у вобласці. Быў перавыкананы даведзены план і па продажы зерня, што дазволіла атрымаць дадатковыя сродкі. Дарэчы, гэта адзіная гаспадарка, якая выплачвае зарплату без пазык. Старшыня гаспадаркі падкрэсліў і тое, што акрамя зерневых добры вырашчаны і рапс, які быў рэалізаваны па вышэйшым у раёне кошце. Камбайнеру сельгаспрадпрыемства М.У.Яловіку на жніве-2009 удалося пераадолець тысячны рубеж.

Нядрэнныя паказчыкі і ў жывёлагадоўлі. За прайшоўшы год павялічылася пагалоўе жывёлы са 130 да 150 галоў. Продаж малака вырас на 63 працэнты. Нарыхтавана дастаткова кармоў, а таму, нават нягледзячы на большую колькасць жывёлы, тут упэўнены ў тым, што іх хопіць.

А.В.Шарыпенка падкрэсліў, што ў Год якасці ён ставіць перад працаўнікамі важную і сур’ёзную задачу – якасць работы і атрыманай прадукцыі. Здача малака вышэйшым і першым гатункам дазваляе зарабіць больш грошай, а таму неабходна імкнуцца паляпшаць якасць прадукцыі, каб працаваць з прыбыткам. “Дземенец-Агра” – адзіная гаспадарка ў раёне, якая збірае малако ў насельні- цтва, а гэта, безумоўна, уплывае на якасць усёй прадукцыі, як і чалавечы фактар у працэсе работы.

У гэтым годзе перад работнікамі, членамі кааператыва пастаўлены новыя складаныя задачы, якія неабходна выканаць. У раслінаводстве гэта ў першую чаргу павелічэнне пасяўных плошчаў на 20 працэнтаў і атрыманне яшчэ лепшага ўраджаю – 50 цэнтнераў з гектара, здача ўжо пяцісот тон піваварнага ячменю. Таксама ў планы ўваходзіць пасеў такіх культур, як гарох, лубін.

Задачы, трэба сказаць, рэальныя і вырашальныя, паколькі гаспадарка поўнасцю забяспечана насеннем зерневых і мнагалетніх траў, з восені ўзнята зябліва, на ўсіх плошчах унесены калійныя ўгнаенні, на 100 гектарах – гліфасаты. Ідзе і мадэрнізацыя машынна-трактарнага парка. У мінулым годзе атрыманы пагрузчык “Амкадор”, аўтамабіль МАЗ. У гэтым плануецца атрымаць трактар МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам і васьмікорпуснымі плугамі.

У жывёлагадоўлі запланавалі дасягнуць надояў па 3600 кілаграмаў на адну карову і 530 тон агульнага валавога, не менш 500 грамаў сярэднясутачных прываг.

Канчатковай мэтай з’яўляецца павелічэнне заработнай платы. Сёння яна складае 484 тысячы рублёў. Большасць жа членаў кааператыва старшыня характарызуе як старанных, дысцыплінаваных і адказных.

Галоўны бухгалтар кааператыва засяродзіла ўвагу на Дырэктыве №3, яе выкананні. Намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка, якая прысутнічала на сходзе, расказала аб выкананні некаторых паказчыкаў у цэлым па раёне.

Акрамя гэтага на сходзе выбралі членаў праўлення і аднагалосна прагаласавалі за прапанаваныя кандыдатуры. Разглядалася пытанне і аб рэарганізацыі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва ў адкрытае акцыянернае таварыства.

В.ПОЛАЗАВА.
 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *