На Ушаччине прошли областные соревнования «Лесоруб-2023»

Общество

Ад гулу бензапіл – спачатку на дзялянцы пад Шчарбёнкамі, а потым на пляжы возера Вечалле – ужо праз тры-чатыры гадзіны звінела ў вушах. Кампактны з выгляду “Шціль”, якім меркавала паўтарыць віртуозныя рухі прадстаўнікоў лясной гаспадаркі, аказаўся не такім і лёгкім – а з ім яшчэ працаваць! Адзенне, хоць і закрытае, ад нападу насякомых не ратавала, а пад гарачым сонцам, здавалася, у ім можна расплавіцца… Удзельнікі ж конкурсу на падобныя акалічнасці ўвагі не звяртаюць. Для іх гэта штодзённая работа, прычым, любімая.

А.Первянёнак на конкурсе па раскрыжоўцы камбінаваным рэзам

Ці стала праблемай знайсці на Ушаччыне спецыялістаў, дастойных прадставіць раён на конкурсе такога высокага ўзроўню? Адназначна не! Усе трое – Дзмітрый Пашкевіч, Уладзімір Кастаненка і Аляксей Первянёнак – ужо мелі падобны вопыт і з радасцю пагадзіліся зноў прадэманстраваць клас. Дарэчы, зрабіць гэта трэба было не толькі сярод калег з яшчэ 17 лясгасаў Віцебшчыны, але і прадстаўнікоў Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Па-за залікам выступаў і чэмпіён Чувашыі, неаднаразовы прызёр Расіі сярод лесарубаў Арцём Шашкоў.

“Вельмі прыемна, што нашы традыцыйныя спаборніцтвы набываюць міжнародны фармат, – не хаваў эмоцый на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця “Лесаруба-2023” генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Юрый Ліпскі. – Вальшчык лесу застаецца цэнтральнай фігурай лясной гаспадаркі, у нашай вобласці зараз 640 такіх спецыялістаў – іх рукамі штогод нарыхтоўваецца каля 1,1-1,2 мільёна кубаметраў драўніны”. Вітаў прысутных таксама першы намеснік начальніка ўпраўлення лясамі Бранскай вобласці Павел Шматаў. Ён адзначыў, што падобныя конкурсы прафмайстэрства вельмі папулярныя ў Расіі. Сёлета ў іх, прычым, даволі паспяхова, удзельнічалі прадстаўнікі Віцебшчыны, таму вырашылі “з адказам” прыехаць у наш рэгіён.

“Нядаўна на гэтым месцы з размахам праходзіў фестываль “ЭкстрымПрарыў”, – вітаючы гасцей, зазначыў дырэктар Ушацкага лясгаса Аляксей Апёнак. – Сёння ж, упэўнены, усіх нас чакае не менш экстрэмальнае, відовішчнае мерапрыемства”. Дарэчы, як у ваду глядзеў…

На спецыяльнай дзялянцы, дзе для ўдзельнікаў выдзелілі прыкладна аднолькавыя па ўзросце, вышыні, дыяметры ствала сосны, адчуваю сябе няёмка. “А дзе тут бяспечнае месца?” – пабойваючыся падзення “спелых” веліканаў, цікаўлюся ў прадстаўнікоў ушацкай каманды. “Зараз усё вызначым!” – супакойваў Д.Пашкевіч, пачынаючы праводзіць дзіўныя маніпуляцыі. Прыбраўшы вакол дрэва карагі, сучча, прыхінуўся да яго – як быццам слухаў, а потым, нібы абдымаючы і паглядаючы ўверх, пачаў марудна хадзіць па крузе. “Вось туды ўпадзе!” – упэўнена вымавіў мужчына, падказаўшы мне, адкуль трэба трымацца далей, а суддзям – дзе паставіць адпаведныя планкі. Як высветлілася, лесаруб з улікам структуры дрэва, рэльефу і нават умоў надвор’я сам вызначае прамежак, у які будзе валіць. Прамахнуўся, нават на сантыметр-два – атрымаў штрафныя балы.

Работнікі Ушацкага лясгаса М.Коршун, У.Кастаненка, Д.Пашкевіч

Працэс пілення таксама адбываецца па вызначанай тэхналогіі. “Вось гэта недапіл, ён абавязкова павінен быць, прычым пэўнай шырыні, каб вальшчык паспеў да моманту падзення дрэва адысці на бяспечную адлегласць”, – указваючы на частку “кальца”, з якой ушачанін справіўся даволі паспяхова, тлумачылі члены журы. Убачыўшы ж у іх увесь пералік крытэрыяў, па якіх ацэньваецца работа вальшчыкаў, упэўнілася: вельмі дарэмна яе лічаць выключна фізічнай.

Вібрацыі любой бензапілы – надзвычай высокія. З улікам гэтага ў Швецыі спецыялістаў, занятых на валцы лесу, ужо праз 12 гадоў пераводзяць на іншыя работы.

Падчас валкі здаралася рознае. Так, напрыклад, малады чалавек з Суража пакарыў усіх надзвычайнай тэхнікай – дрэва ўпала не проста ў цэнтр умоўных варотаў, але і так, што макушка пры ўдары аб зямлю на некалькі метраў адляцела. І калі мяне як неспецыяліста ўразіла эфектнасць працэсу, вальшчыкі ацанілі “двайную” выгоду, маўляў, не спатрэбіцца потым сучкі абпільваць. А вось у прадстаўніка Верхнядзвінска, наадварот, з самага пачатку ўсё пайшло не па плане – сасна пачала хіліцца ў супрацьлеглы вызначанаму бок. Аднак мужчына аказаўся не з пужлівых – уставіў у прапіл рыдлёўку і, наваліўшыся ўсім целам, змясціў нахіл. І хоць патраціў на гэта звыш 4 хвілін (пры нармальным раскладзе хапае 1,5-2), даволі метка прызямліў “капрызніцу”.

Тым часам на Вечаллі кіпелі страсці ў стэндавых практыкаваннях. Удзельнікам неабходна было прадэманстраваць клас у мантажы цэпу пілы, абрэзцы суччаў, раскрыжоўцы, дакладным піленні. “Апошняга баюся больш за ўсё, – падзяліўся з намі А.Первянёнак. – Патрэбны спецыяльныя трэніроўкі, каб на вока вызначыць, што бервяно прарэзана, і пры гэтым не зачапіць схаваныя пад пластом пілавання дошкі. Учора дома спрабаваў гэта зрабіць – цяжка. Чакаю эстафеты, з ёй у нас ніколі праблем не было”.

“Хто самы смелы і выступіць першым?” – прагучала як раз з указанага сектара. “Давайце мы!” – выклікаліся ўшачане. І гэта пры тым, што А.Первянёнак толькі-толькі скончыў праходжанне мінулага выпрабавання, Д.Пашкевічу з адсутнасцю ў камандзе юніёра неабходна было праходзіць маршрут двойчы, а У.Кастаненку – утрымаць тэмп усярэдзіне.
“А наш тата добры вынік паказаў?” – назіраючы за выступленнем апошняга, цікавіўся ў маці сямігадовы Данік. Як нам пазней прызнаўся хлопчык, прафесію таты ён лічыць самай складанай. Групай падтрымкі былі і сыны Аляксея Первянёнка.

На ўсіх этапах нашы землякі выглядалі дастойна: Аляксей лепш справіўся з валкай лесу, Дзмітрый – з абрэзкай суччаў. І хоць на п’едэстал пераможцаў трапіць не давялося (месцы на ім занялі прадстаўнікі Расонскага, Полацкага і Аршанскага раёнаў, а лепшы вынік паказалі вальшчыкі з Расійскай Федэрацыі) – аптымізму ўшачане не гублялі: “Працавалі найперш над тым, каб годна сустрэць гасцей – часу на трэніроўкі, на жаль, амаль не заставалася. У наступны ж раз пастараемся прыемна здзівіць!”. Дарэчы, рабіць гэта праз год давядзецца ў Гарадку – на радзіме каманды, якой на сёлетніх спаборніцтвах пашанцавала менш за ўсё – яе прадстаўнікам сімвалічна ўручана “ржавая піла”.

Арцём Шашкоў, дзеючы чэмпіён РФ сярод лесарубаў: “Вельмі прыемна было пабываць на Віцебшчыне і непасрэдна ва Ушачах. Уражаны прыродай, гасціннасцю мясцовых жыхароў і, канечне, прафесійнымі талентамі прадстаўнікоў лясной гаспадаркі. Фору сёння нікому не даваў, але ж адставанне некаторых удзельнікаў конкурсу было мінімальным”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *