Самая актуальная служба.На «прямой линии» по вопросам ЖКХ прозвучало много вопросов

Общество

Ні на адну другую “прамую лінію” ў рэдакцыю не было столькі тэлефонных званкоў ад жыхароў раёна, колькі іх паступіла ў адрас начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама С.П.ДЫММАНА і дырэктара ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама С.Л.ШУЛЬЦА. І, аналізуючы звароты, становіцца бачна, што іх вялікая колькасць – якраз з-за актывізацыі дзейнасці такой неабходнай людзям службы.

Першая чарга газіфікацыі прыватных дамоў левабярэжных Ушач яшчэ поўнасцю не завершана, а людзі ўжо пытаюцца аб другой. Жыхарцы вуліцы Каранеўскага Л.У.Рубанік можна папярэдне адказаць наступнае. Ініцыятыва аб стварэнні кааператыва па газіфікацыі павінна зыходзіць “знізу”. Афармляюцца ўсе ўстаноўчыя дакументы, і ён рэгіструецца. Далей прадстаіць трапіць на дзяржаўнае фінансаванне для чаго, канечне, патрэбен час. Наогул жа, усю інфармацыю могуць даць спецыялісты аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама па нумары 2-70-32. Зварот І.М.Клямяценкі таксама датычыўся газіфікацыі, толькі ўжо дома №27 па вуліцы Савецкай, які знаходзіцца на балансе камунгаса. Заяўніцы адказалі: для газіфікацыі шматкватэрных дамоў перш за ўсё павінна быць калектыўнае пісьмо, якое будзе разгледжана. Праз тыдзень, пасля больш дасканалага вывучэння пытання, адказ заяўніцы быў сфармуляваны так: газіфікацыя і падвядзенне гарачай вады да названага дома немагчымы па тэхнічных прычынах… Ірына Мікалаеўна выказала і ўдзячнасць, што ідзе рамонт лазні, а яшчэ пасля звароту да старшыні раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч адбыліся добрыя змены ў буфеце. Жанчына ў час “прамой лініі” ад імя сваіх знаёмых звярнулася таксама да дырэктара камунгаса з просьбай навесці парадак у скверыку ля лазні, “дзе апошнім часам, пасля замены цеплатрасы валяюцца рэшткі дрэў, кавалкі арматуры…”. Наш рэдакцыйны матэрыял рыхтаваўся праз тыдзень пасля “прамой лініі”, і абсалютная большасць пытанняў камунгасам была знята. Так, праз некалькі дзён пасля званка на тэрыторыі лазні ўсё было прыбрана.
Аператыўна адрэагаваў дырэктар УП ЖКГ і на званок М.А.Паршонка з Баяршчыны, які паведамляў, што водаразборная калонка не працуе, дала ўцечку. На сённяшні дзень яна адрамантавана.
Па просьбе З.М.Зыль будзе павешаны ліхтар па вуліцы Школьнай, а таксама непадалёк ад дома №26 па вуліцы Фрунзе. С.Л.Шульц адзначыў, што свяцільнікі і праводка закуплены, іх заменяць усюды. У прыватнасці, і па шляху да лазні, што палепшыць агульную карціну асвятлення. Адрэагавалі і на званок М.В.Храмёнка, які паведаміў, што па іх вуліцы Будаўнікоў асвятленне падключылі, а праз тры дні зноў стала цёмна. Заяўніку дадзены пісьмовы адказ. Мікалая Васільевіча цікавіць яшчэ, будзе “Ушачырайгаз” абслугоўваць імпартныя газавыя катлы, або не.
Г.Я.Крывец папрасіла звярнуць увагу не толькі на асвятленне, але і на неабходнасць асфальтавання дарогі ля іх дома №26 па вуліцы Фрунзе. Літаральна праз некалькі дзён гэта было зроблена.
Ля дома №4 па вуліцы Камсамольскай, улічваючы просьбу І.Л.Самсонавай, заменена труба, зроблена падсыпка шчэбенем. На блізкую перспектыву прадугледжваецца капітальны рамонт дома.
Некаторыя заяўнікі званілі на “прамую лінію” і задавалі адразу па некалькі пытанняў. Як, напрыклад, З.П.Рудзёнак, якая пражывае ў доме №8 па вуліцы Дзяржынскага. Яна паведаміла: пасля таго, як на дарозе паклалі асфальт, ля пад’езда ўтварылася лужа… На сёння ўжо ўсё папраўлена. Яшчэ адно пытанне гэтай жанчыны: некалькі гадоў назад у пад’ездзе замкнула электраправодку, і з той пары лямпачкі гараць нейкі тыдзень і зноў гаснуць. Камунгас будзе займацца гэтым, а таксама праверыць пытанне ацяплення дома. Ужо разабраліся наконт аплаты за ачыстку каналізацыі. З.П.Рудзёнак не задаволіла якасць работы, а таксама кошт аказанай паслугі, што значыўся ў квітанцыі, яна адмовілася плаціць. Прайшла “прамая лінія”, і канфліктнае пытанне скончылася тым, што ўнесці свае грошы па выпісаным дакуменце давялося майстру камунгаса, але ў далейшым сантэхнікі будуць мець на руках прэйскурант цэн, паведаміў С.Л.Шульц.
А.А.Шынкоўскі, які пражывае па адрасе Садовая, 9, пазваніў, каб зрабіць напамін наконт неабходнасці ўцяплення сцен іх дома. Але і на гэты раз Л.С.Шульц не даў гарантыю, што ў бліжэйшы час такое будзе зроблена. Пакуль на цеплавую рэабілітацыю жылфонду не прадугледжаны сродкі. А вось рамонт каналізацыі (ліўневыя сцёкі цяклі ў падвал) камунгас зрабіў якасна, за што заяўнік выказаў удзячнасць. Пакладзены і бардзюры ля дома.
З аграгарадка Арэхаўна пазваніла на “прамую лінію” Г.С.Карабань. Яна паведаміла, што калі мянялі цеплатрасу, не паклалі наноў асфальт. А яшчэ ў кватэры, якая не прыватызавана, сырасць. На днях С.Л.Шульц паведаміў, што камунальнікі займаюцца вырашэннем гэтага пытання.
Катэгарычнай была ў сваім звароце на “прамую лінію” жыхарка дома №8 па вуліцы Ленінскай Т.У.Хамякова. Яна патрабавальна запытала ў дырэктара камунгаса, дзе дзеліся выдзеленыя на рамонт грошы. Дах як след не ўцеплены, з балкона капае, гарачай вады па-ранейшаму няма, рамонт каналізацыі не закончаны, як толькі ідзе снег, так тэмпература ў кватэрах бывае і 12 градусаў, гаварыла жанчына. С.Л.Шульц адказаў, што ўсе грошы, якія пакуль што выдзелены, выкарыстаны. Будзе абследаваны дах. Каналізацыю ў бліжэйшы час адрамантуюць поўнасцю, пазней зоймуцца вокнамі. А С.П.Дымман патлумачыў: камісійна былі абследаваны балконы гэтага дома. Аказалася, там, дзе самі жыхары, без праектнага рашэння зашклялі балконы, там цячэ вада, утвараецца наледзь, ледзяшы.
Размова на “прамой лініі” ў рэдакцыі атрымалася дзелавой і карыснай для абодвух бакоў.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *