Сколько верёвку не вить — а концу быть…

Закон - один для всех

Гэты народны выраз вельмі дакладна акрэслівае жыццёвую перспектыву людзей, для якіх шырыня сусвету звузілася да дыяметру горла бутэлькі.

На жаль, штодзённае, беспрабуднае п’янства стала стылем жыцця для многіх ушачан, сярод такіх – сям’я Г., якая пражывае ў адной з вёсак раёна. Трагедыя ўжо аднойчы пастукалася ў дзверы іх хаты: пяць гадоў таму сужыцель дачкі гаспадароў, як кажуць, з п’яных вачэй прыраўнаваў яе і нанёс удар нажом у вобласць сэрца. Дзяўчына тады толькі цудам засталася жывая, аднак хутка даравала любімаму і працягвала з ім сустракацца. А вось у яе маці памяць аказалася не такой кароткай. Праўда, яна ніколі не адмаўлялася выпіць з “зяцьком”-душагубам, але, астаграміўшыся, часцяком прыгадвала яму колішні “подзвіг”.

Так было і ў адзін з ліпеньскіх дзён, калі сужыцель пастукаўся ў хату бацькоў сваёй каханай з бутэлькай віна. Вядома ж, гэтай сціплай колькасцю “гаручага” яны не абмежаваліся і набылі ў магазіне яшчэ чатыры… Аб тым, што было далей, ніхто дакладна не памятае. Гаспадар пайшоў на вуліцу, а гаспадыня, прыняўшы з сужыцелем дачкі яшчэ па адной, раптам схапіла са стала нож і ўвагнала мужчыну ў спіну, калі той павярнуўся да падаконніка, каб узяць цыгарэты. Адпомсціўшы за дачку, з пачуццём выкананай справы жанчына адправілася на бакавую. А небарака-зяць быў так “заанастэзіраваны”, што амаль не адчуў болю, і таксама лёг спаць. “Хуткую дапамогу” да яго выклікала дачка гаспадыні, калі прыйшла з работы.

І зноў сітуацыя паўтарылася – ахвяры пашанцавала: мужчына застаўся жывы. Трэба сказаць, што падчас суда ён прасіў не назначаць сваёй крыўдзіцельніцы суровага пакарання. І суд, дарэчы, палічыў гэта (а таксама поўнае прызнанне віны, чыстасардэчнае раскаянне, несудзімасць і ўзрост жанчыны) змякчальнымі абставінамі. Грамадзянка Г. была прызнана вінаватай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 147 КК Рэспублікі Беларусь – наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання – і ёй было назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 4 гады. Але, у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 78, суд рашыў не прыводзіць у выкананне пакаранне, калі падчас двухгадовага выпрабавальнага тэрміну грамадзянка не здзейсніць новага злачынства. Акрамя таго, жанчыне давядзецца прайсці курс прымусовага лячэння ад алкагалізму.

Што ж, і на гэты раз, здавалася б, усё абышлося. Але не пакідае адчуванне, што, калі героі гэтага аповеду кардынальна не перагледзяць свае жыццёвыя прыярытэты, іх наступныя сямейныя разборкі скончацца трагедыяй. Не можа вар’яцкая п’яная “вяроўка” віцца бясконца.

Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *