Дрова по льготной цене. Что нужно знать обладателям печей?

Калейдоскоп

Што перш за ўсё трэба ведаць уладальнікам печаў пра дровы. Пароду, што менш разбурае кладку, кошт кубаметра і галоўнае — тую колькасць, што выдзяляецца па льготнай цане. Раней на кожнае домаўладанне, што ацяплялася з дапамогай печак, у нашым раёне выдзялялася 7 кубаметраў. Сёлета норма зніжана. Менавіта гэта акалічнасць, а таксама іншыя пытанні, што звязаны з выпіскай дроў, і сталі падставай для размовы з дырэктарам “Ушачыпаліўзабеспячэння” Г.Р.ЧАБАТАРОМ.

Генадзь Рыгоравіч, раскажыце ўшачанам, на колькі кубоў дроў па льготным кошце яны могуць разлічваць цяпер і з чым звязана зніжэнне норм.
– З гэтага года па легаціруемым кошце ўшачане могуць выпісаць 4,9 кубаметра дроў ці 3,5 торфабрыкету па кошце 48 тысяч за кубаметр і 162 тысячы – за тону. Адпаведная пастанова Савета Міністраў падпісана ў лістападзе мінулага года. Згодна з ёй па ўсёй рэспубліцы ўстаноўлены аднолькавы аб’ём паліва, што выдзяляецца грамадзянам па льготным кошце. Да гэтага часу згодна з рашэннем райвыканкама ў нас у раёне выпісвалася па 7 кубоў, у іншых раёнах па-рознаму, але пераважна меней.
– Ці могуць разлічваць на выпіску дроў па льготным кошце ўладальнікі дамоў, якія ацяпляюцца газам?
– Могуць. Норма застаецца такой жа, як і для тых, у каго пячное ацяпленне, 4,9 кубаметра на адно домаўладанне. Наўмысна раблю акцэнт на домаўладанні, бо калі, скажам, дом падзелены, то два ўладальнікі яго атрымаюць кожны па палове вызначанага аб’ёму. Не могуць разлічваць на выпіску дроў па льготным кошце толькі ўладальнікі дамоў, якія падключаны да цэнтральнага ацяплення.
Акрамя льготнага кошту для ўсіх, хто мае на гэта права, існуюць яшчэ і льготныя катэгорыі грамадзян, якія аплачваюць палову ад устаноўленага кошту.
– Змен па льготных катэгорыях не адбылося. Хто меў іх, скажам, па групе інваліднасці, той і мае, пры ўмове, што ў домаўладанні не зарэгістраваны працаздольны член сям’і.
– Генадзь Рыгоравіч, зразумела, што 4,9 кубаметра дроў недастаткова, каб год ацяпляць дом.
– Тады патрэбную колькасць грамадзянін выпісвае па свабодным кошце (120-130 тысяч у залежнасці ад пароды дрэў). Хачу адразу падкрэсліць, што калі вязецца адразу 7 кубоў – 4,9 па льготнай і 2,1 па свабоднай цане, гэта абыдзецца ўсяго пад 500 тысяч, а прыватнікам за прычэп, у якім усяго 3,5 куба, ушачане чамусьці плацяць 750. У нас машына парэзаных дроў, у якой 4,5 куба, каштуе ўсяго 453 тысячы рублёў. Зусім не разумею нашых людзей, якія так пераплачваюць.
–Ільготны кошт распаўсюджваецца непасрэдна на кошт драўніны, а не на паслугі.
– Так, за распілоўку, колку, дастаўку кошт бярэцца дадаткова і льготы на гэтыя віды не распаўсюджваюцца. Таму домаўладальнікам з аддаленых вёсак спачатку можна патэлефанаваць і даведацца, у колькі абыдзецца машына дроў, ну а ўшачанам і з бліжэйшых вёсак няма чаго і параўноўваць. Выпісаць у паліўзабеспячэнні будзе адназначна выгадней.
– Зараз існуе чарга на дровы ці брыкет?
– Папярэдні запіс існуе, але бывае, што калі да некага не даехалі, ці не было дома, то заяўкі выконваем і за дзень. У любым выпадку не трэба чакаць лета і тым больш восені, калі практычна заўсёды вялікая чарга. Тым больш што ёсць у наяўнасці і торфабрыкет, які мы адпускаем па старым кошце, а летам заводы становяцца на рамонт, ды і цана, канечне, памяняецца.
Гутарыла В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *