Жыллёвае пытанне з’яўляецца самым хвалюючым і надзённым для многіх ушачан. Ці будзе ва Ушачах яшчэ будавацца жыллё? Калі будзе, то ці хутка? Як рухаецца чарга на жыллё, і на якім перыядзе яна спынілася? Гэтыя пытанні актыўна абмяркоўваюць паміж сабой тыя, хто марыць абзавесціся ўласным жыллём. Паступілі яны і на сайт газеты, і непасрэдна ў рэдакцыю.
Як нам паведамілі спецыялісты аддзела па будаўніцтве, архітэктуры і жыллёва-камунальнай гаспадарцы райвыканкама, будаўніцтва і здачу ў эксплуатацыю чарговага жылога дома ўшачанам трэба чакаць толькі ў наступным годзе. Менавіта на 2014 год запланавана будаўніцтва ў гарпасёлку 60-кватэрнага жылога дома. Што датычыцца чаргі, то яна спынілася на тых, хто станавіўся на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у першым квартале 2009 года. У прыватнасці, чарга на двухпакаёвыя кватэры (а менавіта на іх найбольшы попыт) была спынена на сакавіку 2009-га. Таму тым, хто плануе будавацца, трэба яшчэ пачакаць.