30 лет на благо ПМК-66 трудится Ольга Алексеевна Дрозд

Ими гордятся

Менавіта такі ўнушальны адрэзак часу аддала сваёй прафесіі вядучы бухгалтар ПМК-66 Вольга Аляксееўна Дрозд. Адпрацаваць столькі на адным месцы можа толькі чалавек, які не проста імкнецца да пастаянства ва ўсім, але і па-сапраўднаму любіць абраную прафесію, верны свайму калектыву. І гэтыя рысы поўнасцю ёй падыходзяць.
– Вольга Аляксееўна сапраўдны прафесіянал, разбіраецца ва ўсіх тонкасцях бухгалтэрыі, заўсёды гатова дапамагчы нам, затрымацца на рабоце, каб дарабіць пачатае. Да таго ж яна вельмі добразычлівы і чулы чалавек, падтрымае добрым словам – і на душы лягчэй! – даюць жанчыне характарыстыку яе калегі.

Наогул, калі заходзіш у бухгалтэрыю ПМК-66, адразу адчуваецца цёплая атмасфера. Не таму, што добра ацяпляюцца кабінеты будынка, а таму, што працуюць тут светлыя, шчырыя людзі, ад якіх так і зыходзіць станоўчая энергія. Сёлета якраз спаўняецца 30 гадоў, як В.А.Дрозд прыйшла ў гэты калектыў. Роўна столькі ж, як Ушаччына стала для яе роднай. Нарадзілася жанчына ў Магілёўскай вобласці. Яшчэ падчас навучання ў школе перад ёй стаяла дылема: па якой дарозе пайсці і якую прафесію абраць? З аднаго боку прыцягвала медыцына, хацелася стаць медыкам, каб дапамагаць людзям быць здаровымі, а значыць і шчаслівымі. З другога – падабалася ўвесь час нешта падлічваць, рашаць складаныя задачы. Пасля доўгіх ваганняў усё ж зрабіла выбар на карысць апошняга занятку і паступіла ў Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум на спецыяльнасць бухгалтарская справа. А пасля заканчэння вучобы па размеркаванні трапіла ва Ушацкі раён працаваць бухгалтарам у будаўнічую арганізацыю. Як гэта звычайна бывае, планавала адпрацаваць адведзены тэрмін, не затрымлівацца ў чужых краях і вярнуцца дадому, аднак лёсам было наканавана сустрэць менавіта тут сваю другую палавінку і застацца. Аб гэтым яна ніколькі не шкадуе.
“Вольга Аляксееўна ў нас зямлячка прэзідэнта, больш таго, дзявочае прозвішча такое ж як і ў яго – Лукашэнка, пэўна, сваячка, толькі не прызнаецца!” – жартуюць калегі па рабоце. Жанчына ж у адказ толькі ўсміхаецца.
В.А.Дрозд настолькі прыкіпела да сваёй прафесіі, што цяпер ужо ні ў якім разе не памяняла б на іншую, як і месца працы, нягледзячы на ўсе цяжкія моманты, якія перажывае арганізацыя, нават пры значна вышэйшай зарплаце.
– Работа адказная, проста пасядзець у кабінеце, перакладваючы розныя паперы, ніяк не атрымаецца, такі шматколькасны калектыў – больш 100 чалавек. Калі спаць кладзешся, у галаве думкі пракручваюцца пра тую ці іншую справу, як зрабіць, не дапусціць нідзе памылкі, – гаворыць Вольга Аляксееўна.
Дарэчы, адна з дачок (а іх у яе дзве) пайшла па слядах маці і выбрала для сябе падобную прафесію – эканаміста, з якой таксама спраўляецца даволі паспяхова.
Дабрыні, чуласці, спагадлівасці жанчыны хапае мужу, дзецям, унукам. Яна выдатная гаспадыня. Доўгімі зімовымі вечарамі з задавальненнем праводзіць час за любімым заняткам – вязаннем, каб парадаваць сваімі вырабамі родных. Улетку ж, вядома, шмат часу аддае дачы, агароду.
В.А.Дрозд паважаюць усе знаёмыя, суседзі, вельмі цэніць і ганарыцца ёй калектыў ушацкіх будаўнікоў. Яе, здавалася б, непрыкметная работа заслужана ацэнена і ў раёне – прозвішча Вольгі Аляксееўны занесена на раённую Дошку гонару.
В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *