За каждой цифрой «Человек Года Витебщины-2011» Зоя Степановна Ильинова видит целый процесс

Ими гордятся

Вось такая рэакцыя была ў Зоі Сцяпанаўны Ільіновай на навіну аб сваёй узнагародзе. Па-першае, яна не ведала нават пра вылучэнне і сюрпрыз атрымаўся ашаламляльны. Па-другое, канечне ж знала, што кандыдатуры вылучаліся з усёй дарожнай галіны вобласці, узгадняліся на ўзроўні сваёй арганізацыі, галіновай, райвыканкама і аблвыканкама, вельмі скрупулёзна правяраліся. І вось у спісе 100 лепшых людзей па выніках 2011 года – яе імя.
Канечне, яна вельмі хвалявалася і на сцэне канцэртнай залы “Віцебск”, дзе праходзіла мінулагодняя цырымонія ўзнагароджання. Гэта адчуў, прышпільваючы знак, Аляксандр Мікалаевіч Косінец і ціхенька падбадзёрыў жанчыну. Зоя Сцяпанаўна заўсёды будзе памятаць гэтую падтрымку губернатара, як і саму высокую ўзнагароду. Як памятае ўсіх сваіх настаўнікаў-практыкаў.
Некалькі месяцаў у саўгасе “Касары” і вось яна, маладзенькая дзяўчына – галоўны бухгалтар калгаса імя Дуброўскага. І гэта ў снежні, калі літаральна на носе гадавы баланс – выпрабаванне нават для глаўбухаў са стажам. Абклаўшыся канспектамі, што пісала ў Полацкім аграрным тэхнікуме, яна ўсё рабіла па навуцы. А практычная дапамога Міхаіла Нікіфаравіча Крыцкага, якога накіравалі падбіць баланс, аказалася лепшай школай. Баланс рабіў ён і паралельна вучыў. Падказваў і галоўны бухгалтар райсельгасхарча Мікалай Аляксеевіч Шалак. А на другі год працы Зоі Сцяпанаўны, падчас здачы ўжо самастойнай гадавой справаздачы за 1978 год, нават павысіў маладому спецыялісту на 10 працэнтаў аклад.
Прэміравалі ж яе за ўважлівую працу. Ноч сядзела Зоя Сцяпанаўна над атрыманымі з упраўлення падводкамі і сваімі лічбамі і не магла збіць вынік. Не сходзіўся і ўсё. Не заснула ні на волас – адказнай была заўсёды, а каб дапусціць, што нешта не атрымалася па яе віне – ні ў якім разе. А раніцай асмелілася сказаць глаўбуху райсельгасхарча, што нешта не тое ў схемах. Сапраўды, падалі з апячаткай, якая і стала першым сур’ёзным выпрабаваннем на прафесіяналізм.
У яе былі падставы пераканацца, наколькі дарагімі бываюць памылкі бухгалтара. Праўда, не на сваім вопыце, аднак яна ні адзін раз узважыць, што паставіць у справаздачу, як размеркаваць сродкі, калі іх не хапае нават на бягучыя справы.
Наперадзе будзе многа арганізацый і дарадчыкаў, за якіх Зоя Сцяпанаўна ўдзячная лёсу. Тамара Мікалаеўна Слабада, Зінаіда Гаўрылаўна Літвінава. Пастаянна яна прыгадвае словы Ганны Мікітаўны Стуканавай: “Помні, Зоя, адной лічбай можна так падставіць увесь калектыў”. У ТАА “Лес” яна больш дэталёва пазнаёміцца з вытворчасцю, у сельгастэхніцы папрацуе намеснікам кіраўніка па эканоміцы, будзе весці зарплату. Гэтыя розныя сферы дзейнасці, а таксама інстытут народнай гаспадаркі, у які паступіла на другі год працы, зрабілі з яе ўніверсальнага граматнага спецыяліста. А жыццёвыя абставіны прымушалі шукаць новыя месцы працы, дакладней, месца з жыллём, так і апынулася яна амаль 15 год таму ў ДРБУ-105, дзе ёй выдалі пазыку на набыццё кватэры. А прымаюць з такімі прывілеямі на працу, пагадзіцеся, не кожнага.
– Так прыемна, калі і рэнтабельнасць добрая, і людзі дастойную зарплату атрымліваць, – кажа Зоя Сцяпанаўна, прыгадваючы ўдалыя для ДРБУ-105 2006, 2010.
Я ж лаўлю яе на слове, што два гэтыя паказчыкі ляжаць у супрацьлеглых плоскасцях і добры галоўны бухгалтар абавязкова павінен, пэўна, быць скупаватым на зарплату і наогул на аплаты. “Есць людзі, якія так і лічаць, напрыклад, наш механік заўсёды называе мяне сквапнай”. Падчас непрацяглай прамовы дзверы да Зоі Сцяпанаўны адчыніліся не раз, і пытанні калег былі прадказальнымі.
І калі ў юнацтве дзяўчына з Садкоў больш хацела быць настаўнікам, чым сядзець над лічбамі, то зараз з упэўненасцю гаворыць, што даўно навучылася бачыць за імі жывы вытворчы працэс, і ёй цікава. Сваю ж прэмію чалавека года Віцебшчыны яна пусціла на набыццё ноўтбука. І калі на рабоце за ім толькі падлікі, то дома шукае шмат цікавага, асвойвае сацыяльныя сеткі, мае зносіны са шматлікімі роднымі.
– Калі раней я часам думала, што лёс няўдалы, то цяпер удзячная за сустрэтых на шляху настаўнікаў, тактоўных кіраўнікоў, калектыў, які ў нас дружны і працавіты, і канечне, за такую высокую ацэнку маёй работы.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *