«Славянская сваха» помогает одиноким людям найти свою половинку

Карысная знаходка Мир увлечений

З гэтай жанчынай мы сустрэліся ў санаторыі “Лясныя азёры”. Не, офіс фірмы па паслугах у знаёмстве не пераехаў з Віцебска на Ушаччыну, проста Т.А.Храмцова завітала да нас аздаравіцца. Ну і расказала падрабязней пра тэму, якая непакоіць кожнага, асабліва адзінокага чалавека.

– Усё жыццё адпрацавала ў аддзеле кадраў будаўнічага прадпрыемства. А пасля цяжкой хваробы, калі трэба было заняць думкі, прыйшла падказка стварыць службу знаёмстваў, – расказвае, як прыйшла ў бізнес, Таццяна Аляксандраўна. – Не дзеля заробку, не, наогул задумвала гэта як сацыяльны, бясплатны праект, аднак час паказаў, што грошы патрэбны на офіс, канцылярскія прылады, перасылку, аплату тэлефонных размоў і падаткаў. Таму плату сапраўды бяром, невялікую – 200 тысяч рублёў. Ёсць і льготнікі. Бясплатна “Славянская свацця” аказвае дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, воінам-інтэрнацыяналістам і “чарнобыльцам”. А таксама ўсім тым, хто дапаможа абсталяваць утульны куток, дзе б кліенты дыхалі энергетыкай спакойнага жыцця – таго, якім жылі нашы продкі. Хачу, каб у куточку “Славянскай свацці” былі ручнікі, прас, калаўрот. І калі наведвальнік падорыць прадмет даўніны – плата таксама брацца не будзе.

– Зараз столькі сайтаў знаёмстваў, у вас таксама ёсць інтэрнэт-версія? – пытаюся ў “Славянскай свацці” і чую катэгарычны адказ.

– І столькі ж варыянтаў падману. Я не прымаю такой спробы знаёмстваў, дарэчы, у мяне ёсць прыклады ашуканства, калі некаторыя прадпрымальныя мужчыны так устройваюць “адпачынак выхаднога дня”. Абавязкова пры сабе трэба мець пашпарт, я правяраю адзнакі ў ім. І абавязкова “вочы ў вочы” трэба бачыць чалавека, каб зразумець, якога спадарожніка ён чакае. Сёння ў маёй картатэцы патэнцыяльныя жаніхі і нявесты ад 20 да 81 года. Магу пахваліцца, што за два гады існавання “Славянскай свацці” вяселлі сыгралі 9 пар, а 91 жывуць у незарэгістраваным шлюбе. Ёсць у мяне ўжо і хрэснік.

Пытаюся, як з асабістым жыццём у самой свацці. “Шавец без ботаў, – усміхаецца Таццяна Аляксандраўна, – думаю, можа на Ушаччыне знайду свайго надзейнага егера ў зацішным кутку. А калі сур’ёзна, то вельмі няпроста адшукаць менавіта сваю палавінку. Мы выбіраем, нас выбіраюць – і вельмі часта гэта сапраўды не супадае. Плюс да ўсяго абмежаваныя магчымасці варыянтаў знаёмстваў самастойна: работа, дом, добра, калі ёсць знаёмыя з такім жа колам інтарэсаў, як у вас, хоць і не кожнаму знаёмаму раскажам пра свае патаемныя жаданні.

– За два гады існавання “Свацці” я пераканалася, што служба знаёмстваў вельмі патрэбна людзям. Бо якія б пасты мы не займалі, якімі б паспяховымі не былі – калі побач няма надзейнага пляча, любячых вачэй, то і сонечны дзень будзе здавацца хмарным. Ну а асвятліць яго магчыма. Няхай у вас пад рукой будуць тэлефоны “Славянскай свацці”: (8-033) 345-66-77 (МТС) і (8-029) 345-66-68 (Vелком). Памятайце, недзе абавязкова вас чакае ваша палавінка.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *