В Ушачском музее народной славы посетителей ждут на выставке восковых фигур «Колесо истории»

Мир увлечений

Гісторыю можна вывучаць па-рознаму — штудзіраваць дакладныя акадэмічныя крыніцы, музейныя архівы, або паглыбляцца ў гістарычныя раманы, дзе факты даўніны ў значнай ступені перабольшаны фантазіяй аўтара, а вымысел не адрозніць ад рэчаіснасці. Ушачане ж зараз могуць скарыстацца іншым, больш цікавым спосабам знаёмства з мінулым.

Той факт, што касцюміраваную гістарычную выставу васковых фігур «Кола гісторыі» ва Ушачах маюць магчымасць убачыць аднымі з першых у краіне, абумоўлены двума акалічнасцямі. Па-першае, гэта наяўнасць значных плошчаў у нашым музеі народнай славы. Другая і галоўная прычына — цікаўнасць ушачан да мінулагодняй выставы арганізатараў і адносіны раённай улады, якая заўсёды ідзе насустрач у пытаннях арганізацыі культурных мерапрыемстваў на тэрыторыі раёна. Гэта падчас урачыстага адкрыцця 17 кастрычніка падкрэсліў адзін з арганізатараў выставы, прадстаўнік расійска-японскага культурнага цэнтра Уладзіслаў Уладзіміравіч Фамін. «Без мінулага няма будучыні», — такімі словамі ад імя раённай улады вітала шматлікіх гасцей самага рознага ўзросту старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка.

На выставе ў храналагічным парадку ад глыбіні сярэднявечча да сучаснасці прадстаўлены каля 30 фігур з музея Петрапаўлаўскай крэпасці, што дазваляе без дапамогі машыны часу перанесціся на стагоддзі назад, у рэжыме нон-стоп можна прагледзець фільмы, дзе расказваюцца шчаслівыя, але часцей сумныя факты з біяграфіі знакавых гістарычных асоб. Сярод іх — вялікія рэфарматары Пётр I, Мікалай II, палітычныя дзеячы мінулых стагоддзяў і сучаснасці К.Маркс, У.Ленін, І.Сталін, У.Чэрчыль, Ф.Рузвельт, М.Хрушчоў, М.Гарбачоў, У.Пуцін, вялікія таленты А.Пушкін, В.Моцарт і іх злыя геніі Дантэс і Сальеры.

Дзейнасць і жыццёвы шлях многіх прадстаўленых на выставе персанажаў ляглі ў аснову твораў літаратуры, мастацтва і кінематаграфіі. Для розных пакаленняў учынкі гэтых герояў з’яўляюцца арыенцірамі і ў сучасным жыцці. Іншыя, як Ілжэдзмітрый, Казанова, маркіз дэ Сад, Іван Грозны, Адольф Гітлер, наадварот, выступаюць прыкладамі супярэчлівасці, жорсткасці і авантурызму. Праўду і вымысел пра барона Мюнхгаўзена, Распуціна, імператрыцу Кацярыну I і іншых асоб раскажа экскурсавод і матэрыялы выставы.

Фігуры персанажаў выкананы ў натуральную велічыню і ўражваюць падабенствам з жывымі людзьмі. Наведвальнікі могуць сфатаграфавацца побач са знакамітасцямі, асабліва гэтым карыстаецца моладзь, якая з першых дзён работы выставы праяўляе да яе вялікую цікаўнасць. Застаецца нагадаць, што васковыя фігуры будуць выстаўлены ў музеі народнай славы да 26 кастрычніка. Выстава працуе з 10 да 19 гадзін без выхадных і перапынкаў на абед.

Д.РАМАНОЎСКІ.



1 комментарий по теме “В Ушачском музее народной славы посетителей ждут на выставке восковых фигур «Колесо истории»

  1. Отличная статья. Интересная выставка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *