В населённых пунктах Ушачского района продолжаются работы по благоустройству и очистке территорий

Благоустройство

З надыходам вясны кожны гаспадар наводзіць парадак на сваім двары, на прылеглай тэрыторыі, убірае смецце, якое накапілася ўзімку. Гэта – традыцыя, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. А як жа быць з грамадскімі тэрыторыямі? На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што чалавеку ўласціва пакідаць у зоне свайго пражывання і жыццядзейнасці напамін аб сабе ў выглядзе смецця. Добра, калі яго выкідваюць у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах – работнікі камунальнай службы справяцца з вывазам і ўтылізацыяй. І зусім іншая справа, калі “плады цывілізацыі” ў выглядзе шкляных і пластыкавых бутэлек, бляшанак, цэлафанавых пакетаў, будаўнічага смецця ляжаць уздоўж вуліц, выглядваюць з-пад арэляў на дзіцячых гульнявых пляцоўках і паміж элементамі добраўпарадкавання двароў шматкватэрных жылых дамоў. А раз месцы гэта грамадскія, то і ўбіраць іх таксама трэба грамадой. Як вядома, чыста там, дзе чысцяць.Па словах намесніка старшыні райвыканкама М.І.Бухалкі, пятніца кожнага тыдня ў раёне павінна стаць санітарным днём. Гэта не значыць, што будуць адменены традыцыйныя суботнікі, але менавіта ў канцы працоўнага тыдня не задзейнічаныя на вытворчасці, на палявых работах спецыялісты прадпрыемстваў, устаноў бюджэтнай сферы павінны добраўпарадкоўваць тэрыторыі вытворчых і сацыяльных аб’ектаў, падтрымліваць чысціню на прылеглых плошчах.

У мінулую пятніцу актывісты райкама БРСМ разам з работнікамі аддзелаў райвыканкама і Дома культуры наводзілі парадак у адным з любімых месцаў адпачынку ўшачан – скверы па вуліцы Ленінскай. У ачыстцы тэрыторыі ля помніка на брацкай магіле воінаў і партызан па вуліцы Савецкай прынялі ўдзел спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва і ТЦСАН, а самы прадстаўнічы “дэсант” высадзіўся на гарадскіх могілках па вуліцы Кастрычніцкай. Агульнымі намаганнямі работнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму, фінансавага аддзела райвыканкама вывезены не адзін прычэп смецця, але, па словах намесніка дырэктара УП ЖКГ Ушацкага раёна Д.С.Шасцярня, работы на тэрыторыі могілак хопіць яшчэ не на адзін дзень. Дарэчы, самі прадстаўнікі камунальнай гаспадаркі ў пятніцу актыўна працавалі на ўборцы і добраўпарадкаванні гарадскіх тэрыторый па вуліцы Калінінскай.

Як заўсёды, у асенне-вясенні перыяд камунальнікі па графіку выдзяляюць прычэпы для збору смецця ў двары шматкватэрных дамоў, могуць зрабіць гэта і па жаданні жыхароў, якія арганізуюцца на ўборку тэрыторый – ініцыятыву гараджан у прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі толькі вітаюць. У якасці прыкладу можна прывесці працоўны энтузіязм жыхароў шматпавярховых дамоў па вуліцах Садовай і Савецкай, але ў бочцы мёду знайшлася і лыжка дзёгцю – бывае, што пасля начоўкі прычэпаў у дварах у іх аказваюцца прабітымі колы і разбітымі габарытныя ліхтары…

Работы па добраўпарадкаванні і ўборцы тэрыторый будуць працягвацца. Шмат яшчэ трэба зрабіць у прыватным сектары, на вытворчых тэрыторыях і ля гандлёвых аб’ектаў, прывесці ў належны стан могілкі, адрамантаваць шэраг абеліскаў і стэл на воінскіх пахаваннях і галоўнае – усім разам падтрымліваць чысціню і парадак там, дзе ўжо стала светла і ўтульна.

Д.РАМАНОЎСКІ.



3 комментария по теме “В населённых пунктах Ушачского района продолжаются работы по благоустройству и очистке территорий

  1. Чисто не там, где убирают, а там, где не сорят…

  2. Вот действительно Не надо сорить Ушачи- наш общий дом А на риторический вопрос Когда мы будем жить хорошо отвечу Да никогда Во всяком случае до тех пор когда на генном уровне не будет запрограммирована чистота

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *