Ученики Великодолецкой школы во время каникул оказывают помощь лесоводам в прополке питомника

Наши дети

Днямі працоўны дэсант з ліку старшакласнікаў Вялікадолецкай школы высадзіўся ў пітомніку лясгаса. Сямёра юнакоў і дзяўчат дапамагаюць тут лесаводам у праполцы іглічных раслін. Ды робяць гэта з такім імпэтам, што могуць даць фору нават многім напрактыкаваным работнікам лясной гаспадаркі. Толькі ўявіце: за два першыя дні маладыя людзі ачысцілі ад пустазелля ажно пяць тысяч квадратных метраў насаджэнняў елкі-двугодкі. І гэта пры тым, што працоўны дзень у іх доўжыцца ўсяго чатыры гадзіны.

— У складзе такога вучнёўскага атрада ўсе мы ўпершыню, — падзялілася з намі Паліна Кісель. — Работа тут нескладаная, ды і разам з аднакласнікамі, сябрамі выконваць яе — адно задавальненне. Вядома ж, гэта яшчэ і выдатная магчымасць падзарабіць. Асабіста я збіраю грошы на планшэт.

Па словах лесавода Г.А.Тарасевіч, якая каардынуе работу школьнікаў у пітомніку, заробак маладых людзей будзе напрамую залежыць ад плошчы праполатых насаджэнняў. На першых парах дзяўчаты зарабляюць тут у сярэднім па 90 тысяч рублёў за дзень, хлопцы — па 140. Дарэчы, Юрый Стрыжонак і Віталь Качан у панядзелак і аўторак увогуле паставілі своеасаблівы рэкорд — выканалі двайную дзённую норму праполкі для дарослага работніка.

— Нам вельмі пашанцавала з маладымі памочнікамі, — кажа Галіна Аляксееўна. — Усе старанна выконваюць пастаўленую задачу і нават пытаюцца, ці можна будзе папрацаваць яшчэ і ў выхадныя дні.

Умовамі працы, якімі забяспечваюць іх работнікі Вялікадолецкага лясніцтва, школьнікі задаволены. Кожны дзень іх прывозяць у пітомнік і забіраюць назад. Пастаянна побач знаходзяцца вопытныя лесаводы. Наведваюць маладых людзей педагогі мясцовай школы і, вядома ж, стваральнікі атрада — прадстаўнікі райкама БРСМ.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *