Гусеницы у дорог – осень на порог. Оригинальные композиции из соломы радуют ушачан и гостей района

Общество

У руплівага гаспадара нічога не прападае марна, ну а такі выдатны прыродны матэрыял, як салома, сам просіцца ў справу. З даўніх часоў у розных краінах свету існаваў звычай майстраваць саламяныя рэчы і фігуры. Нашы продкі верылі ў чароўную сілу саломы, лічылі, што яна ўвасабляе жыватворныя сілы прыроды. Калі старажытныя славяне завяршалі жніво, яны ўпрыгожвалі поле лялькай, зробленай з апошніх зжатых снапоў. А з нядаўняй пары ў Беларусі набыў папулярнасць сучасны накірунак “саламянага дызайну” – выраб адмысловых кампазіцый з рулонаў.

Распачаў гэтую моду Кобрын: гасцей “Дажынак-2009” віталі не толькі жыхары раёна, але і ўстаноўленыя ўздоўж галоўнай шашы саламяныя бабы і мужыкі. Праз два гады пачын падхапілі маладзечанцы – у час правядзення такога ж свята мясцовыя палі “засялілі” мядзведзі, цягнікі, трактары і іншыя рулонныя персанажы. Залетась падчас падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства гэтым папулярным творчым прыёмам скарысталіся нашы глыбоцкія суседзі. Ну а сёлета саламяныя фігуры з’явіліся і на Ушаччыне: вырабілі іх майстры Дома рамёстваў і гаспадарчай групы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Цяпер тыя, хто праязджае па дарозе Полацк-Лепель, могуць палюбавацца старажытным замкам, а на ўскрайку зжатага поля ля Угрынак вадзіцелям і пешаходам усміхаецца абаяльны вусень. І падставы для аптымізму ў яго ёсць – ураджай на ўшацкіх палетках сёлета радуе!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *