Беженцы из Украины привыкают к жизни в Ушачском районе

В общественных организациях

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Т.М.Малак «прамую лінію» з жыхарамі раёна праводзіла ў нядзелю, аднак ні на хвіліну не сумнявалася, што тэлефанаванні будуць. «Людзі прыйдуць з царквы, свята вялікае — нараджэнне Прасвятой Багародзіцы, і абавязкова прыгадаюць, што сённяшнім мірным дням мы абавязаны загінуўшым. А людзі ў нас неабыякавыя, я, канечне, у першую чаргу пра старэйшае пакаленне гавару, яны па-ранейшаму жывуць агульнымі клопатамі», — тлумачыла сваю ўпэўненасць Таццяна Міхайлаўна.

І ўшачане сапраўды тэлефанавалі, прычым з пытаннямі часта сугучнымі — пра ахову помнікаў і пра тое, як пажадана было б паставіць абеліск на месцы брацкага пахавання. Гэтыя пытанні, канечне, нарадзіліся таму, што дзякуючы нашым з вамі ахвяраванням раённай арганізацыі «Беларускага фонду міру» і актыўнасці яе старшыні ў раёне толькі за апошні час пастаўлена чатыры знакавых помнікі. «Ты загінуў на вайне — мы зберажом тваю памяць» — так Таццяна Міхайлаўна назвала раённы праект па ўвекавечанні памяці загінуўшых у часы Вялікай Айчыннай.

— Трэба абавязкова паставіць хаця б невялікі помнічак партызанам-братам Чэпікам. Пакуль мы, старэйшае пакаленне, памятаем, хто там пахаваны, і даглядаем, а пасля? — Надзея Цімафееўна Агароднікава і Ніна Сяргееўна Спірыдзёнак з Чарсцвяд тэлефанавалі па адным і тым жа пытанні.

— Абеліск на могілках у Чарсцвядах, а таксама на брацкай магіле партызан у вёсцы Лажане — тыя планы, якія мяркую ажыццявіць да 9 Мая, 70-годдзя Вялікай Перамогі, — адказала Таццяна Міхайлаўна. — Я ўжо была на могілках у першай вёсцы, пабываю на другіх, зараз з дапамогай супрацоўнікаў рэдакцыі высвятляем імёны і лёс пахаваных там партызан.

Алена Захараўна Кучко, ініцыятар устанаўлення абеліска на брацкай магіле ў вёсцы Усая, казала, што варта было б зрабіць далейшае добраўпарадкаванне месца пахавання. А Таіса Аляксандраўна Крупская з Павулля дзякавала за ўстаноўлены помнік, з-за якога і могілкі выглядаюць па-другому, і людзі па-іншаму сталі адносіцца да месцаў пахавання сваіх родных.

Уладзімір Аляксандравіч Варатынскі з Гарбаціцы пытаўся пра лёс знесенага помніка вучням школы, загінуўшым у час вайны. Таццяна Міхайлаўна даведалася пра лёс гэтага помніка. Спачатку вандаламі была знята металічная дошка з імёнамі загінуўшых. Калі паўстала пытанне, ці аднаўляць помнік, імёны на якім поўнасцю дубліруюцца на другім, што стаіць у Гарбаціцы, вырашылі гэта не рабіць. Рашэнне прымалася на сесіі Вяркудскага сельскага Савета дэпутатаў.

Ніна Міхайлаўна Піскун з Вялікіх Долец клапацілася пра рэканструкцыю помніка партызанам у аграгарадку. (Помнік — гісторыка-культурная каштоўнасць, уласнікам выступае сельвыканкам, вядзецца работа па пошуку варыянтаў па рэканструкцыі помніка, на што патрэбны вялікія сродкі).

Надзея Андрэеўна Долгая з Арэхаўна прапанавала аказаць матэрыяльную дапамогу маладой сям’і з Украіны. «Толькі ўладкаваліся ў «Дземенец», пераехалі, пакуль атрымаюць першую зарплату. Ім жа ўсё патрэбна», — аргументавала жанчына, якая ведае пра лёс перасяленцаў, паколькі ўнучка прымала ўдзел у пераездзе.

У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Тыдня міру, Таццяна Міхайлаўна наведала з падарункам «Дзіця міру» Ульяну Свідзінскую, якая 21 верасня святкавала гадавіну з дня нараджэння. А праз дзень мы разам пабывалі ў перасяленцаў з Данецкай вобласці, пра якіх пісалі два тыдні таму. Сям’ю мы засталі па вуліцы Маладзёжнай у Глыбачцы Ушацкага сельсавета, дом выдзеліў кіраўнік ААТ «Дземенец». Цікавым было знаёмства з А.В.Шарыпенкам. Калі пасля наведвання «Глыбачан», дзе шукалі работу, яны пешшу вярталіся, падвезці спыніўся Аляксандр Віктаравіч. Па дарозе разгаварыліся і кіраўнік прапанаваў работу і жыллё ў гаспадарцы. Апошняе падышло больш, яно не было кінутым: там пражывалі сезонныя рабочыя, таму і электрычнасць, і печкі ў спраўнасці. Гаспадарка забяспечыла дрывамі. Хоць і руку прыкласці, каб стала ўтульна, таксама трэба, нягледзячы на тое, што сям’я Храпавіцкіх пры пераездзе аддала тэлевізар, дыван, крэслы, мінімальны набор посуду. Пасля выхаду публікацыі ў газеце людзі перадалі многа адзення, хадункі, каляску, прынеслі бульбу…

— Больш за ўсіх дасталася малому, поўнасцю апрануты. Я абавязкова прыйду ў рэдакцыю, каб падзякаваць усім тым людзям, якія нам дапамаглі, — кажа Даша, якая за гэты час аднак змянілася.

— Многа плачу, — сумна ўсміхаецца гаспадыня. — Я ж цяплічная расліна, жыла ў кватэры з усімі выгодамі, а давялося так паўтарыць лёс маці. Яна са сталіцы Азербайджана трапіла ў правінцыйны гарадок, я наогул у вёску. Хутка Радамір поўзаць пачне, а падлога голая. Мабыць каму непатрэбны дыванкі, дарожкі, каб заслаць, будзем вельмі ўдзячны. Маці паведаміла, што нашу кватэру ўжо разбамбілі з двух бакоў, наскрозь.

Яшчэ не абсталявана кухня, многа гаспадарчых клопатаў, аднак Дзмітрый і Аляксей — аптымісты, якія вераць, што ўсё будзе добра. Яны прыступілі да работы слесарамі на малочнатаварнай ферме, кажуць, што не баяцца ніякіх падработак, абы зарабляць. І, канечне, дарэчы аказаліся паўмільёна рублёў, якія перадала сям’і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Т.М.Малак (на здымку). Палова сумы спатрэбіцца сям’і на падключэнне газу.

А я хачу яшчэ раз падкрэсліць, што ўсе гэтыя добрыя справы магчымы дзякуючы нашай агульнай неабыякавасці і ахвяраванням у «Беларускі фонд міру».

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *