Итоги социологического опроса свидетельствуют о высокой степени доверия жителей района сотрудникам Ушачского РОВД

Закон - один для всех Официально

Міністэрства ўнутраных спраў пастаянна ажыццяўляе сацыялагічныя даследаванні дзейнасці сваіх структурных падраздзяленняў праз ананімныя апытанні, у якіх прымаюць удзел грамадзяне вывучаемага рэгіёна. Гэта дазваляе міліцыі вызначаць узровень скрытай злачыннасці, выявіць іншыя праблемныя пытанні, рэалізаваць прынцыпы законнасці і галоснасці, а таксама ўмацаваць сувязь раённых аддзелаў унутраных спраў з насельніцтвам.

Вынікі даследаванняў, праведзеных на тэрыторыі Ушацкага раёна ў ліпені-жніўні бягучага года, сведчаць аб тым, што насельніцтва ў цэлым станоўча ацэньвае меры, якія прымае аддзел унутраных спраў па падтрыманні грамадскага парадку, а таксама яго

Аб іх эфектыўнасці сведчыць ўзровень поўнага даверу міліцыі — па выніках анкетавання гэта адзначылі 37,9 працэнта грамадзян, яшчэ 54,9 працэнта заявілі аб яго высокім узроўні. Трэба адзначыць, што сярэдні паказчык поўнага даверу супрацоўнікам міліцыі па рэспубліцы трымаецца на ўзроўні 34,4 працэнта, па вобласці 36,2, і з’яўляецца самым высокім сярод абласцей краіны. У цэлым жа дынаміка росту станоўчых адносін насельніцтва да дзейнасці міліцыі захоўваецца на працягу апошніх гадоў. Ацэньваючы аператыўнасць рэагавання нарадаў на заявы і паведамленні грамадзян, 86,5 працэнта рэспандэнтаў палічылі яе своечасовай. У ацэнцы прафесійных і асабістых якасцей супрацоўнікаў нашага РАУС 51 працэнт грамадзян заявілі, што пры зносінах з імі міліцыянеры праявілі выключна ветлівасць і ўвагу, 36,4 працэнта адзначылі прафесіяналізм супрацоўнікаў. 59,6 працэнта рэспандэнтаў, якія звярталіся ў РАУС, задаволены рашэннямі, прынятымі па іх заявах і паўнатой праверак, яшчэ 20,2 працэнта ўказалі на доўгі тэрмін разгляду, але таксама задаволены аб’ектыўнасцю вырашэння праблемы. Аб даверы грамадзян сведчыць і той факт, што 79,7 працэнта апытаных у выніку рэальнай пагрозы жыццю, здароўю і маёмасці без лішніх роздумаў звернуцца за дапамогай у міліцыю. Яшчэ адным прыярытэтным паказчыкам у ацэнцы работы міліцыі з’яўляецца ступень гатоўнасці насельніцтва да супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі. Па выніках праведзенага апытання амаль 70 працэнтаў грамадзян гатовы аказваць дапамогу міліцыі ў барацьбе са злачыннасцю.

Апытанне паказала, што адчуваюць бяспеку ад злачынных замахаў у сваім населеным пункце 62,7 працэнта грамадзян. Найбольшая колькасць тых, хто выказаў трывогу, асцерагаюцца хуліганства і грабяжоў, недастатковага кантролю з боку міліцыі за раней судзімымі асобамі, у пэўнай колькасці грамадзян выклікаюць трывогу неадэкватныя паводзіны ў грамадскіх месцах асоб у стане алкагольнага ап’янення.

Пры правядзенні апытання насельніцтва выказала шэраг прапаноў і пажаданняў, з мэтай рэалізацыі якіх супрацоўнікамі Ушацкага РАУС у жніўні-верасні бягучага года праведзена мэтанакіраваная работа. За парушэнні хуткаснага рэжыму супрацоўнікамі ДАІ складзена 86 адміністрацыйных пратаколаў, з іх 34 — на аўтадарозе Р-46 у вёсцы Сарочына, 15 вадзіцеляў прыцягнуты да адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане. Забяспечаны пастаянны кантроль за захаваннем правілаў дарожнага руху работнікамі КУСГП «Арэхаўна», да адміністрацыйнай адказнасці на тэрыторыі раёна прыцягнуты 74 пешаходы, з іх 7 — у Глыбачцы, 2 з якіх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Узмоцнены кантроль за ўладальнікамі індывідуальнага мотатранспарту. За 2 месяцы толькі ў Кублічах былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці два вадзіцелі матацыклаў і тры веласіпедысты.

Супрацоўнікамі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, інспекцыі па справах непаўналетніх за ўказаны перыяд да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты пяцёра бацькоў, чые непаўналетнія дзеці знаходзіліся на тэрыторыі г.п.Ушачы па-за сценамі жылля пасля 23 гадзін. Усяго ж за 9 месяцаў бягучага года зафіксавана 23 такія выпадкі. Выяўлены факты вырабу і продажу самагону ў Селішчы, складзены пратаколы, матэрыялы разгледжаны ў судзе Ушацкага раёна. Праводзяцца мерапрыемствы па ўстанаўленні аналагічных фактаў у гэтым населеным пункце і ў вёсцы Судзілавічы. Супрацоўнікамі міліцыі рэгулярна праводзяцца рэйды, накіраваныя на папярэджанне крадзяжоў маёмасці ўсіх форм уласнасці, у ходзе якіх правяраецца і работа вартавой аховы сельгаспрадпрыемстваў. Фактаў знаходжання работнікаў на працоўных месцах у стане алкагольнага ап’янення не зафіксавана. Двое жыхароў гарадскога пасёлка, якія рэгулярна злоўжывалі спіртным, учынялі скандалы і парушалі грамадскі парадак, па рашэнні суда накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый г.Наваполацка. За жнівень-верасень не выяўлена фактаў продажу ў аб’ектах гандлю раёна спіртных напіткаў непаўналетнім — работа ў дадзеным накірунку праводзіцца на пастаяннай аснове. За раней судзімымі асобамі замацаваны супрацоўнікі РАУС, якія наведваюць іх па месцы жыхарства і на рабочых месцах, складзена 6 адміністрацыйных пратаколаў у адносінах асоб, якія не выконваюць патрабаванні прэвентыўнага нагляду.

Неабходна дадаць, што некаторыя выказаныя прапановы не ўваходзілі ў кампетэнцыю органаў унутраных спраў, аднак па кожным з іх інфармацыя была накіравана ў арганізацыі, у распараджэнні якіх гэтыя пытанні знаходзяцца.

Паважаныя жыхары гарадскога пасёлка Ушачы і Ушацкага раёна! Займайце актыўную грамадзянскую пазіцыю ў пытаннях забеспячэння правапарадку, своечасова інфармуйце РАУС пра ўсе факты супрацьпраўных паводзін грамадзян, аб парушэннях парадку, злачынствах. Мы служым народу і сумеснымі намаганнямі разам з вамі зможам забяспечыць належны парадак у населеных пунктах.

С.ГАРДЗІЁНАК, начальнік штаба Ушацкага РАУС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *