Поделить жильё не всегда бывает просто. На жизненные вопросы ушачан отвечает нотариус

Зваротная сувязь

“Прамой лініяй” з натарыусам Жаннай Леанідаўнай КАВАЛЕНКА на мінулым тыдні скарысталася дастаткова многа ўшачан. Тэлефон амаль не змаўкаў, што з’яўляецца заканамерным: праз натарыят праходзяць жыццёвыя пытанні, а людзі імкнуцца атрымаць бясплатную кансультацыю.

– Пасля смерці ўласніка дома ў права спадчыннасці ў роўных долях уступіла двое яго дзяцей. На сямейным сходзе тыя вырашылі раздзяліць дом на дзве паловы – з “глухой” сценкай паміж і двума ўваходамі. Куды трэба звярнуцца, каб дакументальна аформіць задуманае?

– Звярнуцца можна як да натарыуса, так і ў арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці (БТІ). Заўважу, што для раздзелу дома грамадзянам спатрэбіцца спецыяльны праект, што дакументальна замацуе, якія канкрэтна памяшканні і ў якіх памерах дастануцца абаім. Калі ж паміж спадчыннікамі ўзнікне маёмасная спрэчка, вырашаць яе трэба будзе ў судовым парадку.

– Восем гадоў назад сям’я пабудавала кватэру па льготным крэдыце. У 2014-м муж з жонкай развяліся. Мужчына зараз жыве ў другой сям’і, але зарэгістраваны на ранейшым месцы. Паміж сабой вырашылі, што былы муж адмовіцца ад долі ў кватэры, а жонка – ад аліментаў. Ці можна гэта зрабіць?

– Не, такая дамоўленасць супярэчыць закону. Па-першае, таму што закранаюцца інтарэсы непаўналетніх дзяцей: аліменты мужчына плаціць на іх, а не былой жонцы. Па-другое, крэдыт за кватэру застаецца нявыплачаным, таму распараджацца маёмасцю – прадаваць, дарыць, здаваць – нельга. У той жа час грамадзяне могуць вызначаць долі ў кватэры, адступаючы ад іх роўнасці.

Калі жанчына хоча пазбавіць былога мужа рэгістрацыі ў іх агульнай кватэры, яна можа паведаміць участковаму, што зараз мужчына пражывае па іншым адрасе, што з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем. Калі былая “палавінка” не зарэгіструецца на новым месцы, гэтае пытанне можна будзе ўзняць у судзе. І ўсё ж трэба мець на ўвазе, што права валодання доляй у кватэры ў яго захаваецца. Прычым, прэтэндаваць на яе ён зможа ў любы час, незалежна ад таго, калі быў скасаваны шлюб.

– Напэўна, не кожны жыхар раёна мае магчымасць прыехаць ва Ушачы, каб трапіць на прыём да натарыуса. Ці ёсць магчымасць выклікаць спецыяліста на дом?

– Так, прычым незалежна ад наяўнасці ў грамадзяніна ўважлівых прычын: калі раней, напрыклад, зрабіць гэта маглі грамадзяне з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата, то цяпер любы жадаючы. Для выкліку спецыяліста неабходна патэлефанаваць у натарыяльную кантору, узгадніць дзень і час візіту, потым – аплаціць у банку кошт паслугі (на сённяшні дзень – 1 базавая велічыня ці 180 тысяч рублёў), а таксама кошт правядзення неабходных натарыяльных дзеянняў. Трэба мець на ўвазе, што да месца выкліку натарыус можа дабірацца як на транспарце кліента, так і на грамадскім. У апошнім выпадку грашовыя выдаткі кладуцца на плечы кліента.

– Ведаю, што для жыхароў аграгарадкоў і прылеглых да іх вёсак арганізуюцца выязныя прыёмы натарыуса.

– Так, прычым, на яшчэ больш ільготных умовах, чым апісвалася вышэй. Грамадзянам не трэба плаціць за транспарт (яго выдзяляе райвыканкам) і за выклік натарыуса. Так што давядзецца разлічвацца толькі за ажыццяўленне натарыяльных дзеянняў і аказанне паслуг прававога і тэхнічнага характару. Трэба адзначыць, што для арганізацыі выязнога прыёму натарыуса ў аграгарадках раёна ёсць адна ўмова – наяўнасць не менш пяці заявак. Дарэчы, ёсць і выключэнне: калі прыём патрабуецца інваліду, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны ці чалавеку з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата, дастаткова адной заяўкі.

– Напэўна, не ўсе жыхары раёна ведаюць, што для таго, каб аформіць дакументы на дзяржаўную рэгістрацыю нерухомасці, неабавязкова самому ісці ў БТІ – зрабіць гэта можна і праз натарыуса…

– Так. Пагадзіцеся, вельмі зручна ажыццявіць пэўнае натарыяльнае дзеянне, ды яшчэ падаць натарыусу заяву аб перадачы дакументаў у арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці. Зрабіць апошняе натарыус абавязаны не пазней чым на наступны дзень. Яшчэ адным плюсам гэтай прапановы з’яўляецца тое, што ў сваёй заяве чалавек указвае, якім чынам хоча атрымаць свае дакументы пасля іх афармлення: самому ў БТІ ці па пошце. Адзначу, што аплаціць грамадзяніну давядзецца паслугі натарыуса і рэгістратара.

Дзякуй за тлумачэнні!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *