Соревнования по рыбной ловле среди членов БООР прошли на озере Вечелье

Мир увлечений

У нядзелю возера Вечалле “акупіравалі” рыбаловы­аматары, якія сабраліся, каб выявіць самага вопытнага і ўдачлівага. У гэты дзень раённая арганізацыя “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў” праводзіла традыцыйныя зімовыя спаборніцтвы па рыбнай лоўлі сярод сваіх членаў.

Аматараў рыбнай лоўлі не спыняе ні адлегласць, ні дрэннае надвор’е. На ўшацкіх азёрах з задавальненнем любяць парыбачыць не толькі самі ўшачане. Пацвярджэннем гэтаму сталі і сёлетнія спаборніцтвы. Азарт прывёў на Вечалле рыбаловаў з Мінска і Лепеля. Больш 10 чалавек адклалі свае справы, забыліся пра клопаты і прыбылі ў выхадны дзень на возера.

Кожная злоўленая рыба, незалежна ад яе памеру, для рыбалова – удача. З 9 да 12 гадзін “варажылі” ўдзельнікі каля сваіх лунак, у кожнага свае метады лоўлі рыбы. Клёў у гэты дзень быў нядрэнны і ні адзін рыбак не застаўся без улову. Найбольш пашанцавала Ігару Пушкову з Мінска, які за вызначаны ўмовамі тэрмін злавіў адзін кілаграм і 800 грамаў рыбы. Жыхару сталіцы Пятру Бураку, які мае дачу ў Ільюшыне, удалося налавіць 1250 грамаў рыбы. Крыху адстаў ад яго Валерый Юрэвіч з Вашкова, які заняў на спаборніцтвах трэцяе месца.

Вельмі задаволены засталіся пераможцы не толькі сваім уловам, але і прызамі, якія падрыхтавала для іх Ушацкая арганізацыйная структура БТПР. Так, напрыклад, самы лепшы рыбалоў атрымаў незаменную рэч на зімовай рыбалцы – ледабур, астатнія пераможцы – галоўны атрыбут рыбалкі – вуды. Выдатным жа прызам для ўсіх без выключэння ўдзельнікаў сталі добры настрой і выдатны зарад бадзёрасці. А што можа быць прыемней, чым свежае паветра і занятак любімай справай?

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: прыз В.Юрэвічу ўручае паляўніцтвазнаўца раённай арганізацыі М.Падворны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *