Африканская чума: можно ли держать свиней в личных подсобных хозяйствах?

Личное подсобное хозяйство

Нядаўна на ПУП “Сарочына” аднавілася ўтрыманне свіней. Да былых магутнасцей тут пакуль далёка – зараз пагалоўе налічвае каля 800 асобін. Але сам факт запуску прадпрыемства кажа аб паляпшэнні эпізаатычнай сітуацыі. У сувязі з гэтым мы пацікавіліся ў намесніка начальніка райветстанцыі В.У. Даўгаполава, ці з’явіліся змяненні ў правілах і патрабаваннях утрымання свіней ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян.

– Віктар Уладзіміравіч, аднаўленне жывёлы на комплексе азначае якія-небудзь паслабленні для гаспадароў?

– Забарона на ўтрыманне свіней у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян у вёсках, якія ўваходзяць у прылягаючую да ПУП “Сарочына” пяцікіламетровую зону не адменена. У астатніх населеных пунктах раёна гаспадар для ўласных патрэб можа трымаць да трох галоў свіней, акрамя свінаматак і кныроў. Тлумачыцца гэта выпадкамі захворвання жывёл афрыканскай чумой свіней, якія яшчэ рэгіструюцца ў Беларусі і суседніх дзяржавах.

– Нагадайце, калі ласка, характарыстыкі і прыкметы гэтай небяспечнай хваробы.

– Афрыканская чума свіней – высоказаразная інфекцыя, якой хварэюць як дамашнія свінні, так і дзікі. Людзі і іншая хатняя жывёла ёй не хварэюць, але могуць служыць пераносчыкамі віруса. Захворванне характарызуецца высокай тэмпературай цела, частым дыханнем і пачырваненнем скуры на розных участках, часцей на вушах, жываце і канечнасцях. Можа назірацца панос з кроўю, кашаль, кравяністыя выдзяленні з носу, сутарагі і параліч канечнасцяў. Ад заражэння да праяўлення першых прыкмет хваробы праходзіць ад 5 да 15 сутак. Сродкаў для прафілактыкі і лячэння хваробы, на жаль, на сённяшні дзень не існуе. Таму вельмі важна не дапусціць пранікнення інфекцыі.

– Нагадайце, што для гэтага трэба рабіць гаспадарам?

– Строга выконваць патрабаванні па біялагічнай ахове. Для гэтага неабходна вызначыць спецыяльны абутак і вопратку, якія будуць выкарыстоўвацца толькі для догляду за жывёлай. Пры ўваходзе у памяшканне для ўтрымання свіней абсталяваць дэзінфекцыйны дыванок. Трэба забяспечыць бязвыгульнае ўтрыманне жывёлы, не дапускаць у памяшканне чужых людзей, пастаянна весці барацьбу з грызунамі. Усе віды кармоў і вада падлягаюць абавязковаму кіпячэнню, а канцэнтраты неабходна набываць толькі праз дзяржаўныя гандлёвыя сеткі і сістэму Белкаапсаюза. Катэгарычна забараняецца выкарыстанне ў корм прадуктаў, якія ўтрымліваюць мясныя кампаненты або кампаненты, атрыманыя пасля кулінарнай апрацоўкі свініны, вады пасля мыцця мяса, мясарубкі, нажоў, сталоў, посуду. Уладальнікам свіней, якія выконваюць работы ў лясных угоддзях, неабходна пасля наведвання лесу праводзіць дэзінфекцыю абутку і спецадзення, па магчымасці абмежаваць наведванне памяшканняў, дзе ўтрымліваюцца свінні. Паляўнічым жа наогул не рэкамендуецца ўтрымліваць свіней у асабістых падсобных гаспадарках.

– За парушэнне ўказаных патрабаванняў прадугледжана адказнасць?

– Пры распаўсюджванні заразных хвароб па віне гаспадара яму пагражае адміністрацыйная і нават крымінальная адказнасць – у залежнасці ад нанесенага ўрону. Калі будзе даказана, што захворванне, у тым ліку і афрыканскай чумой свіней, узнікла па віне гаспадара з­за парушэнняў ветэрынарных правілаў утрымання, то ён не атрымае і кампенсацыі за адабранае пагалоўе свіней.

– Як не дапусціць распаўсюджання захворвання?

– Трэба неадкладна інфармаваць сельскія Саветы і дзяржаўную ветэрынарную службу раёна аб усіх выпадках захворвання і падзяжу свіней, не ажыццяўляць іх падворны забой без папярэдняга перадзабойнага ветэрынарнага агляду жывёлін. Калі ж гэта адбылося – інфармаваць ветслужбу аб фактах забою і прадстаўляць тушы для правядзення ветэрынарна­санітарнай экспертызы. Не купляйце мясапрадукты ў непрызначаных для гэтых мэт месцах гандлю. Нельга выкідваць трупы жывёлы, адходы яе ўтрымання і перапрацоўкі, а ўтылізацыю біялагічных адходаў трэба праводзіць у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Не купляйце жывых свіней без ветэрынарных суправаджальных дакументаў.

Застаецца адзначыць, што па любых пытаннях, якія датычацца парадку камплектавання і вырошчвання свіней у асабістых падсобных гаспадарках, можна звярнуцца ў райветстанцыю па тэлефонах: 2­75­38 і 2­72­84.

Падрыхтаваў Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *