Партизанка Мария с Ушач. Житель Вилейского района ищет родных и знакомых погибшей во время войны ушачанки

70-годдзе Перамогі

Я напісаў у праграму “Жди меня”, падаў заяўку пад нумарам 2371130 на пошукавы сайт, пісаў у мноства газет, але адказу так і не знайшоў. Трэба падымаць нямецкія архівы: педантычныя немцы звычайна ўсё фіксавалі. Аднак яшчэ раз вырашыў звярнуцца да ўшачан, мабыць, хто-небудзь чуў, ведаў партызанку Марыю, закатаваную карнікамі. Пішу зноў, паколькі яшчэ ў 1954 годзе я звяртаўся ва Ушацкі райвыканкам, аднак адказу так і не атрымаў.

У маёй вёсцы Руч’ё Далгінаўскага сельсавета Вілейскага раёна стаіць помнік партызанам. Пра тое, каму ён прысвечаны, я і хачу расказаць.

Адным з майскіх ранкаў 1944 года партызаны паміж нашай і суседняй вёскай заклалі дзве міны. Мясцовыя жыхары не звярнулі асаблівай увагі, паколькі прывыклі, што партызаны брыгады “Жалязняк” пастаянна мініравалі тут дарогі. Аднак нямецкая разведка міны заўважыла і аб’ехала, а жыхары не паспелі пакінуць вёску, як яе занялі фашысты.

Наш дом прыстасавалі пад штаб, у двары паставілі машыны – дзве з боепрыпасамі і адну з кухняй. З сабой яны прывезлі дзвюх палонных дзяўчат-партызан. Вакол вёскі нарылі акопаў, устанавілі мноства кулямётных кропак, дзве гарматы і пачалі абстрэл вёсак уздоўж ракі Вілія.

Некаторыя фашысты гаварылі па-руску, і мы чулі, як яны казалі, што іх спецыяльна знялі з фронту, каб ачысціць тылы ад партызан. І пазней мы даведаліся, што дзве партызанкі былі з Ушацкага раёна. Адну яны адразу некуды адвезлі, у доме засталася толькі яе шэрая зімовая куртка. А другую, дзяўчыну рэдкай прыгажосці, звалі Марыяй. Яна яшчэ доўга жыла з намі, не ўтойваючы, што партызанка, што ў атрадзе выйшла замуж за лётчыка. На руцэ насіла вялікі гадзіннік – падарунак мужа. Немцы прымушалі яе мыць бялізну, падлогу, посуд і па-рознаму здзекаваліся над ёй… Марыя пагражала ім хуткай расправай.

Мая бабуля прапаноўвала ёй уцячы, аднак зрабіць гэта было немагчыма, паколькі паўсюдна былі немцы. А аднойчы схавала яе ў доме, дык яны ўсё роўна адшукалі і пабілі. Калі пачалося наступленне – блакада, немцы пачалі прывозіць нарабаваную жывёлу, а аднойчы пад вечар – пяцярых партызан. Ноччу мы з братам прачнуліся ад крыкаў – немцы пыталіся ў партызана пра камандзіраў атрада, а той увесь час адказваў, што ён проста мірны жыхар. Больш мы дома не начавалі, збеглі да суседзяў, дзе не кватаравалі немцы. А праз дзень яны прымусілі мыць падлогу ў трохсценку бабуліну дачку Таццяну – там усё было ў крыві. А яшчэ праз два дні мы заўважылі, што гарыць лазня, і пачулі крыкі людзей. Гэта карнікі зажыва палілі партызан. Калі дах поўнасцю загарэўся, немец кінуў унутр дзве гранаты. Узнялося вялікае полымя, а крыкі людзей сціхлі.

Пасля гэтага карнікі пакінулі вёску, а хутка загарэлася Дальва. Так пачыналася блакада 1944 года.

Вяскоўцы пахавалі партызан паасобку, а каб іх маглі апазнаць родныя, побач з магілай клалі рэшткі адзення – яно згарэла не ўсё, бо людзі перабраліся ў прылазнік. Сярод трупаў была і партызанка Марыя.

Пасля таго як Чырвоная Армія прагнала фашыстаў, родныя з блізкай вёскі Саковічы апазналі сваіх, а вось Марыя з Ушацкага раёна так і засталася без прозвішча. Мільчанскі (цяпер Далгінаўскі) сельсавет перад устаноўкай помніка звяртаўся ва Ушацкі раён, аднак адказу так і не атрымаў. На помніку зроблены надпіс: “Геройскі загінуўшым партызанам вайны: Аксючыц Пётр – 51 год, Клус Уладзімір – 45, Аксючыц Уладзімір – 42, Кізін Уладзімір – 32, Лабань Васіль – 30 гадоў. Невядомая партызанка Марыя”. У красавіку мы мяркуем адрамантаваць помнік. Вельмі хацелася б, каб побач з імем з’явілася і прозвішча Марыі. А таксама запрашаю маладых людзей Ушаччыны – патомкаў партызан, завітаць да месца пахавання зямлячкі-партызанкі.

Спадзяюся, што атрымаю станоўчы адказ, што знойдуцца родныя Марыі. Тэлефон хатні: (01775) 7-25-75, (8-044) 461-47-10 (Велком).

З павагай, Міхаіл Яўгенавіч Цэгалка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *