За февраль-март семьи ушачан «приросли» 13 малышами

Демография

Імклівы рытм сучаснага жыцця, жаданне маладых людзей пабудаваць кар’еру, трывала стаць на ногі ў матэрыяльным плане часам прыводзяць да таго, што многія сем’і ва ўсім свеце свядома адмаўляюцца ад найважнейшай падзеі ў сваім жыцці – нараджэння дзетак. На шчасце, для Ушаччыны такая сумная дэмаграфічная тэндэнцыя не характэрна. Упэўніваешся ў гэтым, калі бачыш, як групы шчаслівых матуль з каляскамі  ці жвавымі карапузамі побач прагульваюцца па гарпасёлку ці сельскіх населеных пунктах раёна.

Вось і за два апошнія месяцы бягучага года сем’і ўшачан “прыраслі” 13 малышамі: 8 хлопчыкамі і 5 дзяўчынкамі. Як нам расказала начальнік аддзела загса Ушацкага райвыканкама Алена Мікалаеўна Малашчанка, у лютым зарэгістравана нараджэнне першынцаў Ільі Яраша, Максіма Мануха і Лізаветы Фурманёнак, другіх дзетак Назара Сакалова, Ільі Азаронка і Арыны Жолуд. Асабліва парадаваў сакавік: усе малышы – першынцы Марыя Хамёнак, Мацвей Маслюк, другія дзеці Акім Лісічонак, Лізавета Коцур, Дарына Шаршнёва, Фама Пашута і Сямён Бучынскі – з’явіліся на свет у поўных сем’ях.

Прыемна, што ў лютым­-сакавіку на Ушаччыне пабольшала і новых ячэек грамадства: усяго зарэгістравана 14 шлюбаў. Упершыню марш Мендэльсона прагучаў для Канстанціна Басака і Таццяны Ісаевай, Аляксея Футармана і Алены Дайлідзёнак, Аляксея Клопава і Яны Аноп, Андрэя Гатаўскага і Ганны Пацэйкі, Аляксандра Мядзведскага і Алесі Багрэц, Івана Куцэнкі і Кацярыны Тарасюк.

Хочацца спадзявацца, што павелічэнне колькасці шлюбаў, з’яўленне дзетак менавіта ў поўных сям’ях стануць на Ушаччыне традыцыйнымі. Бо гэта – не толькі вялікае шчасце, але і залог светлай будучыні краіны, будучыні нашай малой Радзімы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *