Уютный дом Надежды Куленок напоминает музей народного творчества

Мир увлечений Экономика и малый бизнес

Пакой, у якім жыве жанчына, можа расказаць пра яе вельмі многае. Калі трапляеш ва ўтульны дом Надзеі Маркаўны Кулянок з вёскі Лажаншчына, адразу разумееш, што яго гаспадыня надзвычай працавітая, акуратная, мае добры густ і адметныя творчыя здольнасці.

Увогуле вялікі пакой гэтай хаты нагадвае музей народнай творчасці. Літаральна ў кожным яго куточку – самаробныя дыванкі, сурвэткі, дэкаратыўныя падушкі, на сценах – вышытыя карціны і нават са столі звісаюць арыгінальныя саламяныя ўпрыгожванні. Найперш жа погляд прыцягвае дыван з выявай аленя, што вісіць над канапай, і нават не адразу паверыш, што гэта не фабрычная рэч, а зробленая рукамі гаспадыні вышыўка “буйным крыжыкам”. Вядома ж, захацелася выведаць у майстрыхі яе “тэхналагічныя” сакрэты.

– Асвоіла я гэты від вышыўкі 20 год таму, – расказвае Надзея Маркаўна. – Яго асаблівасць у тым, што для работы патрэбна вялікая іголка (мне яе спецыяльна прывезла з Полацка дачка). Ніткі, адпаведна, таксама павінны быць тоўстыя. Памятаеце, калісьці ў пачатку 90­х прадаваліся такія “падушкі” з нейтрону – каштавалі яны танна, вось я і назапасіла сабе сыравіны на шмат гадоў наперад. Ніткі з такіх падушак прала на “калаўроце” – гэтае прыстасаванне захавалася ў доме яшчэ ад продкаў, раней, калі трымалі авечак, пралі на ім воўну. Ну а канва для такіх вышывак неадмысловая: звычайная мешкавіна. Разрэзаў мех ад бульбы – вось табе і аснова для будучага дывана, вышываць па якой, дарэчы, вельмі зручна.

Што датычыцца ўзораў, то іх майстрыха звычайна знаходзіла ў жаночых часопісах “Гаспадыня”, “Ксюша”. Ну а малюнак аленя дала сяброўка­дачніца з суседняй вёскі. Увогуле ў Лажаншчыне і яе наваколлі рукадзелле – справа папулярная. Сярод выдатных народных майстроў і суседка Надзеі Маркаўны Яўгенія Ільінічна Полазава (аб ёй мы расказвалі ў “раёнцы” летась). Жанчыны пастаянна дзеляцца творчымі задумамі, раяцца, абменьваюцца вырабамі. За справай хутчэй праходзіць час, асабліва зімой. Дарэчы, гэтая прыгожая пара года Надзеі Маркаўне даспадобы: нездарма сярод яе вышыванак адзін з любімых твораў – зімовы пейзаж. Гэта і зразумела, бо толькі ў халодны сезон вясковая жанчына магла дазволіць сабе заняцца рукадзеллем, а справа гэтая ў яе сям’і заўсёды была ў пашане. Майстрам на ўсе рукі быў бацька Марк Восіпавіч Кандрацкі: жыхароў наваколля апранаў у кажухі ды абуваў у валёнкі. Вось і дачку свайму рамяству навучыў, што было нескладана, бо ўмелыя рукі перадаліся ёй у спадчыну. Так і працягнула Надзея сямейную шавецкую справу – модніцы з бліжніх і дальніх вёсак неслі да яе тканіну і бегалі на прымеркі, каб потым фарсіць новымі ўборамі перад жаніхамі і мужамі. Яна ж магла пашыць літаральна ўсё: ад сукенкі да кажуха. Навучыў яе бацька і валёнкі ладзіць: вось і цяпер Надзея Маркаўна з мужам Генадзем Іванавічам у халады самаробны натуральны абутак носяць і дзяцей­унукаў ім забяспечылі.  Цяпер, праўда, сыравіны для вырабу валёнкаў няма, бо на восьмым дзясятку з некалі вялікай гаспадаркі толькі куры ды качкі на іх падворку засталіся. Гады здароўя не прыбаўляюць: з­-за сур’ёзнай хваробы вачэй Надзея Маркаўна зараз практычна не можа працаваць з іголкай. Але ж па­ранейшаму на пачэсным месцы ля вакна стаіць яе швейная машынка з запраўленай для работы ніткай, а побач – распачатая сурвэтачка. Не могуць гэтыя няўрымслівыя рукі без любімай справы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *