Владимир Ильич Мамаев

Мир увлечений

Жыве сабе чалавек, увесь час у клопатах, і раптам адчувае, што трэба збавіць ход, паспрабаваць не спяшацца, а пакапацца ў сваім мінулым, асэнсаваць яго, настроіцца на размеранасць і спакой. І якраз у такі час прыходзіць думка: а чым жа заняцца далей.

Усё гэта было ў сённяшніх удзельнікаў хору народнага клуба “Ветэран” РДК. І аддушыну сабе яны знайшлі ў калектыве, у песнях, якія спяваюць няхай не на прафесійным узроўні, але з душой. А гэта і прыцягвае слухачоў.

Размова – пра аднаго з выканаўцаў.

Уладзімір Ільіч Мамаеў стаў наведвацца ў хор, таксама як і іншыя, у пенсійным узросце. Але для яго некаторым бар’ерам было, што ведаў мала ўшацкіх людзей, бо незадоўга да гэтага прыехаў з сям’ёй з Казахстана (а родам жа з Алтая). Ды хутка раззнаёміўся.

– Мне вельмі добра ў гэтым калектыве, – гаворыць Уладзімір Ільіч. – Тут я знайшоў сяброў, аднадумцаў. Мы не толькі спяваем разам, але і дзелімся ўсімі сваімі справамі, сэрцам асабістыя радасці і засмучэнні іншых.

І тут трэба сказаць у дадатак да слоў майго героя, што Уладзімір Ільіч не толькі ўліўся ў калектыў, але і стаў лідарам. Яго абралі старэйшынам клуба “Ветэран”, бо здольны ўзяць на сябе клопат іншых, заняцца вырашэннем надзённых пытанняў (звычайна – з кіраўніком раённай ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткаўцом), а яшчэ і павесці за сабой.

Вось прыклад. Шмат было ўражанняў у сельскіх жыхароў ад таго, што канцэртная група хора паспяхова выступала то ў адным, то ў другім месцы раёна. А менавіта такім слухачам у асноўным дораць свае спевы ветэраны, бо яны самыя ўдзячныя. Прафесійныя ж артысты не так часта дабіраюцца да глыбінкі. Дык вось у гэтай выязной групе заўсёды быў Уладзімір Ільіч. У мінулым годзе самадзейныя артысты пабывалі ў творчай вандроўцы па вёсках да Дня пажылых людзей, на Днях жывёлавода. Некалькі канцэртных выступленняў было наладжана ў сувязі з выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Важна тое, што Уладзімір Ільіч імкнецца зрабіць свае выступленні больш цікавымі. Сябры па хора, даведаўшыся, што ён іграе на гармоні, параілі, выступаючы з песнямі, акампаніраваць сабе. Паспрабаваў. Атрымліваецца асабліва натуральна. Асноўныя ж падказкі дае кіраўнік клуба “Ветэран” Іна Сяргееўна Клімава, а таксама галоўная сяброўка Клаўдзія Васільеўна Іванова, якая таксама з’яўляецца ўдзельніцай хору, а яшчэ (пасля страты жонкі) яго другой палавінкай. Жыццё працягваецца…

Песні У.І.Мамаеў выконвае самыя розныя, з асаблівым пачуццём гучыць, напрыклад, з кінафільма пра шахцёраў. Ён жа некалі працаваў пад зямлёй, і цяпер дарагім з’яўляецца ўсё, што прыгадвае пра гэта. Дарэчы, такая небяспечная работа прывучыла яго не баяцца ніякіх выпрабаванняў, цаніць жыццё і кожную мінуту ў ёй пражываць з карысцю. Працаваў У.І.Мамаеў і спецыялістам на вытворчасці.

Уладзімір Ільіч любіць не толькі спяваць, але і гуляць у шахматы. Гэта для яго асаблівае задавальненне – сустрэцца за дошкай з такімі ж захопленымі людзьмі. І на размовы пра падзеі ў краіне і свеце часу не шкадуе. Любіць паразважаць і проста пра жыццё, бо ведае пра яго нямала.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

На здымку: У.І.Мамаеў у час рэпетыцыі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *