Для работников Ушачской киновидеосети День белорусского кино является особым праздником

К профессиональному празднику Мир увлечений

Гісторыя беларускага кіно пачынаецца з 17 снежня 1924 года, калі была заснавана Беларуская дзяржаўная ўправа па справах кінематаграфіі і фатаграфіі, скарочана – “Белдзяржкіно”. Тады і былі зняты першыя хранікальныя стужкі. Праз 4 гады заснавана кінастудыя “Савецкая Беларусія”, якая з-за адсутнасці ўласнай тэхнічнай базы да 1939 года працавала ў Ленінградзе. На “Беларусьфільме” знята больш за 500 мастацкіх фільмаў, тысячы дакументальных і 100 мультыплікацыйных стужак. У 1994 годзе 17 снежня Указам Прэзідэнта аб’яўлена ў нашай краіне прафесійным святам айчынных кінематаграфістаў – Днём беларускага кіно.

Напярэдадні гэтай даты мы сустрэліся з тымі, хто па сваіх прафесійных абавязках знаёміць нас з класікай, а таксама навінкамі нацыянальнай кінаіндустрыі, — работнікамі Ушацкай райкінавідэасеткі.«Больш фільмаў, цікавых і яркіх» — такія пажаданні выказваюць гледачы да сучаснай кінаіндустрыі. З той пары, як браты Лум’ер падарылі чалавецтву новы від мастацтва, створана нямала кінашэдэўраў. Аб тым, якія з іх карыстаюцца ва ўшачан найбольшай папулярнасцю, ды і ўвогуле, што сёння ўяўляе сабой раённая кінавідэасетка, мы папрасілі расказаць дырэктара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства кінавідэапракату Марыну Пятроўну МАКРЫДЗІНУ.

— У сістэмы кінавідэаабслугоўвання насельніцтва на Ушаччыне вельмі багатая гісторыя. Пачыналі мы як асобная арганізацыя, пазней пэўны час уваходзілі ў склад аддзела культуры, а перад Новым 2010 годам — 31 снежня зноў адасобіліся, стаўшы «Ушацкай райкінавідэасеткай».

На сённяшні дзень пункты відэапаказу ёсць у гарпасёлку, аграгарадках Ільюшына, Кублічы, Вялікія Дольцы, Вяркуды, Арэхаўна, вёсках Дубраўка, Жары, Селішча. Сёлета значна абноўлена іх тэхнічная база, закуплены новыя сучасныя відэапраектары. За год праходзіць больш за 2 тысячы сеансаў.

Каб зацікавіць гледачоў, трэба ўлічваць іх густы, разбірацца ў кінематаграфіі, пастаянна сачыць за навінкамі кінастужак, ну і, вядома ж, рэгулярна папаўняць запасы DVD-дыскаў з якасным ліцэнзійным відэа. Апошніх у нас ужо назбіралася 764, так што выбраць ёсць з чаго. Фільмы для дарослых у раённым Доме культуры дэманструем кожную сераду і чацвер (пачатак — у 19.00), суботу і нядзелю (18.00), а маленькіх гледачоў чакаем па пятніцах (18.00) і ў выхадныя дні (11.00). Дарэчы, у аўторак, 17 снежня, мы правядзём акцыю «Кіно маёй краіны». У яе рамках для ўсіх узроставых катэгорый гледачоў прадэманструем лепшыя фільмы айчыннай кінаіндустрыі, раскажам пра гісторыю стварэння беларускага кіно. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у акцыі.

Якім стужкам аддаюць перавагу ўшачане, што прыходзяць на нашы сеансы? Розным: ад сучасных баевікоў і фільмаў жахаў да класікі айчыннага кінамастацтва — доўгі час карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў нашых гледачоў фільмы «Брэсцкая крэпасць», «Анастасія Слуцкая». Ну і, канечне ж, мультфільмам, бо асноўная маса нашых наведвальнікаў — дзеці.

Раней падчас паказу цікавага кіно зала заўсёды была запоўнена. Сёння сітуацыя крыху змянілася: актыўнае развіццё тэлебачання і інтэрнэту зрабілі сваю справу. Але хаця людзей на сеансах стала менш, затое сфарміраваўся пастаянны глядач. Той, хто цэніць якасць малюнка і гуку, для каго паход у кіно — сапраўднае свята ў шэрагу аднатыпных будніх дзён. Радуе, што ёсць у нас такія гледачы, якія прыходзяць да нас амаль кожны тыдзень.

Некалькі слоў скажу пра наш калектыў. На сённяшні дзень у структуры кінавідэасеткі раёна працуе 12 чалавек, з якіх 9 — відэадэманстратары. Усе яны адказна ставяцца да сваіх прафесійных абавязкаў, паказваюць даволі высокія вынікі дзейнасці. Усіх работнікаў райкінавідэасеткі, ветэранаў арганізацыі віншую з Днём беларускага кіно, жадаю людзям, якія займаюцца арганізацыяй і дэманстрацыяй фільмаў, цярпення, добрай матэрыяльнай і тэхнічнай базы, прафесійнага росту і прызнання, а таксама здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту.

На здымку: відэадэманстратары В.А.Візгалава (Ільюшына), А.В.Сальнік (Жары), дырэктар прадпрыемства М.П.Макрыдзіна, відэадэманстратар В.П.Кладніцкая (Вяркуды), майстар Т.М.Мацюшэнка, відэадэманстратар Я.А.Сталярэнка (Селішча), галоўны бухгалтар М.А.Емельянава, відэадэманстратар А.У.Дзегцяроў (г.п.Ушачы).

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *