26 апреля — 40 лет со дня аварии на ЧАЭС. Воспоминания ушачан, которые оказались участниками ликвидации последствий, читайте в материале

Общество

Мінула чатыры дзесяцігоддзі, а вынікі той аварыі застаюцца свежай ранай на целе Беларусі. Хоць і развіваюцца пацярпелыя раёны, радзяць “закрытыя” палі, гэта зусім маленькі час, каб забыцца пра небяспеку, зняць дрот з Прыпяцкага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Перыяд паўраспаду плутонію – 24 тысячы гадоў! Тую памылку не выправіць. Аднак у гэты дзень мы аддаём даніну ўдзячнасці людзям, хто ўсё ж рабіў гэта – змяншаў наступствы: тушыў рэактар, будаваў саркафаг, спыняў распаўсюджванне радыяцыі. На розных відах работ было задзейнічана больш 600 тысяч чалавек. Сярод удзельнікаў ліквідацыі нямала і ўшачан, якія сёння дзеляцца сваімі ўспамінамі.

Працоўны час вымяраўся рэнтгенамі

Васіль Мікалаевіч ШЫХЕЛЬ: “На Чарнобыльскай электрастанцыі я аказаўся праз год пасля трагедыі – у маі-чэрвені 1987 года. Пасля арміі працаваў на “Паліміры”, адкуль праз ваенкамат і выклікалі на зборы.

Спачатку ў Брагіне мы рыхтавалі спецтэхніку для апрацоўкі – паліву дарог і дамоў населеных пунктаў, а потым апынуліся непасрэдна на ЧАЭС. Рэактар на той час ужо патушылі, пабудавалі нават саркафаг, а мы разбіралі дах галерэі, якая вяла да сховішча з адпрацаванымі адходамі.

Уразіла вялізная колькасць людзей, што знаходзілася на станцыі. Паколькі працавалі мы там ўсяго па 10-20 хвілін: на кожным былі прымацаваны радыяцыйныя накапляльнікі, і як толькі яны сведчылі аб атрыманай сутачнай дозе, адны партыі мянялі на другія. Мы жартавалі, што стамляла не фізічная праца, а пераапрананне. Блізка ад галерэі стаяў абгароджаны свінцовымі лістамі пункт, дзе мы здымалі вопратку, прымалі душ і надзявалі чыстую форму. Так кожны дзень на працягу месяца. Ніякіх спецкасцюмаў не выдавалі – з элементаў аховы – звычайная маска і пальчаткі. Ды і адпачываць нас адвозілі ў поўнасцю адселены пасёлак Парышаў толькі ў 8 кіламетрах ад эпіцэнтру выбуху.

  • Мяжа накапляльнага ўзроўню радыяцыі ў першыя гады ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС складала 25 рэнтген, якую пазней зменшылі да 5.

За нашым станам назіралі медыкі з Ленінграда, распытвалі пра самаадчуванне, хаця пра свае вынікі не расказвалі. Я быў маладым – 21 год, страху не адчуваў, наадварот, нават інтарэс. На здароўе не скардзіўся, адзінае, што “напружвала” – пастаянны металічны прысмак. Пасля тых збораў я хадзіў у плаванні, жыў на Камчатцы, мабыць, морапрадукты і паветра і засцераглі мяне ад наступстваў той камандзіроўкі”.

Дазор за ўзроўнем радыяцыі

Сяргей Паўлавіч ЛЁЛЯ: “Праз ваенкамат на паўгадавыя зборы мяне выклікалі ў жніўні 1986-га. Полк размяшчаўся ў Брагінскім раёне – жылі ў вялізных палатках, што ацяпляліся ў халодны час. Я быў вадзіцелем УАЗа, на якім стаяла абсталяванне, што замярала ўзровень радыяцыі – вазіў афіцэраў, якія здымалі паказанні прыбораў. Днямі калясілі па 30-кіламетровай зоне і, зразумела, апаратура “фаніла”. Спецвопраткі не было, звычайная вайсковая форма. Існавалі яшчэ спецыяльныя браніраваныя разведвальна-дазорныя аўтамабілі – абсталяваныя на базе БТРа. Наогул, працавалі там і хімічныя, і радыяцыйныя войскі, хаця ўзровень небяспекі ў той час не адчувалі не толькі мы, салдаты, але і нават спецыялісты”.

  • У канцы красавіка вакол ЧАЭС працавала ўжо 654 пасты радыяцыйна-хімічнага кантролю.

Калодзежную мянялі на водаправодную

Іван Іванавіч СЛЯЦКІ: “У Чарнобыльскую зону брыгаду, якую узначальваў, камандзіравалі ад “Сельгастэхнікі”, дзе я працаваў прарабам. Мы змянілі нашых жа калег і таксама як і яны займаліся пракладкай водаправода. Усяго было тры саставы: яшчэ пад кіраўніцтвам Івана Ярмоша і Аляксандра Вінніка. Каб мясцовыя жыхары не карысталіся забруджанай калодзежнай вадой, ад свідравіны вялі лінію, а пры жаданні і падводы ў дамы па вёсцы Просмычы Брагінскага раёна. Лета 1986 года было вельмі спякотным, пад 30 градусаў, экскаватарам капалі траншэю, а потым укладалі трубы. Да вонкавай тэмпературы далучалася гарачыня ад трох паяльных лямп, якімі награвалі пластыкавыя трубы, каб злучыць. Пот з твару сцякаў, без перабольшвання, струменьчыкам, хоць з 12 да 16 гадзін мы рабілі перапынак, а заканчвалі работы ў 10-11 вечара. Ды і дыхалі радыяцыйным пылам, паколькі твар знаходзіўся на ўзроўні зямлі.

Прыехалі мы туды апоўначы, а раніцай літаральна ўсе з 6 чалавек адчулі пяршэнне ў горле. Жылі ў пустым доме, на дзень на харчаванне нам выдзялялі па 3 рублі 50 капеек, хаця, каб пад’есці, хапала і паловы. На кожным былі накапляльнікі радыяцыі, аднак ніхто за тымі паказчыкамі не сачыў. Аднойчы мы запрасілі ў госці “хімікаў”, якія рабілі замеры.

Пачаставаць было чым, у тым ліку і памідорамі, якія мы сабралі на мясцовым полі. Нашы госці, зразумела, пабеглі за дазіметрам, які зашкаліў пры прыбліжэнні да скрыні. А вось на мытыя, з халадзільніка, нават не адхіліўся.

У камандзіроўцы наша брыгада знаходзілася тры разы па 10 дзён. Восенню бачылі, што ўсё зерне з палёў саўгаса “Савічы” сабрана, дарэчы, гаспадарка лічылася элітна-насенняводчай, усё сена высушана. Ды і вёску на той час пакінула толькі моладзь. Просмычы існуюць і зараз – на самай мяжы з Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведнікам”.

За намі – Прыпяць

Мікалай Уладзіміравіч ПАЎЛЕНКА: “Да 1990 года я жыў у горадзе Хойнікі, працаваў у сістэме міліярацыі, якая развівалася на Палессі яшчэ да вайны і моцна адрознівалася ад той, што на Віцебшчыне. Асобна існавала нават арганізацыя па арашэнні палёў – са штучных азёр, якія папярэдне напаўняліся з Прыпяці. Мы займаліся абслугоўваннем існуючых каналаў, польдараў. Калі здарылася трагедыя, пачалі накіроўваць у 20-кіламетровую зону на пункты, дзе існавалі шлюзы, з мэтай, каб забруджаная вада не трапіла ў раку Прыпяць.

Сачылі за ўзроўнем, асабліва ў час таяння снегу, а супрацоўнікі ПМК, якую ўзначальваў Віктар Пятровіч Кароткі, будавалі натуральныя фільтрацыйныя адстойнікі, новыя каналы і перакрывалі ранейшыя: вада, якая больш не трапляла ў раку, затапіла вялізныя плошчы нізін.

Пра пераезд не думаў да той пары, пакуль не развілася алергія, якая, дарэчы, на Ушаччыне знікла. На Радаўніцу мы ездзілі на малую радзіму, хаця ў сваю родную вёску Пагоннае ў 7 км ад Чарнобыля, у якой да трагедыі жыло больш тысячы чалавек, не трапіў – трэба браць пропускі, каб праехаць у нежылую зону”.

Ахоўвалі ад марадзёраў

Дзмітрый Дзмітрыевіч ЖЫТКІ: “Летам 1986 года нас, першакурснікаў Вышэйшай школы міліцыі, рыхтавалі да ўдзелу ў Гульнях добрай волі, а ў выніку роўна праз 2 месяцы пасля аварыі я апынуўся ў Брагінскім раёне. Хлопцы, якія вярнуліся з майскіх святаў, расказвалі, што ўзарваўся рэактар, аднак для нас гэта было так далёка. І вось раптам – блізка: дзесяцікіламетровая зона, кантрольна-прапускныя пункты і выселеныя вёскі, якія мы ахоўваем ад марадзёраў, сочым, каб ніхто не вывозіў забруджаныя рэчы. Дарогай Брагін-Камарын палова сяла аказалася адселенай, а палова – не. Дзяжурствы днём і ноччу па графіку. Падчас маіх ніякіх інцыдэнтаў не адбывалася. Так мала часу прайшло, што рабаванне пустых дамоў яшчэ не стала бізнесам. А мабыць і баяліся. Мы ж самі без апаскі ласаваліся клубніцамі і вішнямі, якімі нас частавалі бабулі, што засталіся ў сваіх дамах. Запала ў памяць вялікая колькасць сабак і індыкоў, якія хаваліся ад іх на дрэвах. Буйную жыўнасць здавалі, а дробная заставалася бегаць па вёсках”.

Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *