Вышивание стало для Галины Михайловны Шарко увлечением всей жизни

Экономика и малый бизнес

– Галіна  Міхайлаўна Шарко сапраўдны майстар вышывання! Калі  зойдзеце ў яе дом, безумоўна падумаеце, што трапілі ў  музей народнай творчасці,  – сказала мне напярэдадні сустрэчы з жанчынай загадчыца Жарскага сельскага клуба Галіна Васільеўна Судак.

Гэта аказалася сапраўды так. У доме Галіны Міхайлаўны з вёскі Петухі адразу адчуваецца творчая атмасфера. Вочы разбягаюцца: не паспеўшы разгледзець адно, позірк міжволі імкнецца на штосьці іншае. На ложку  складзены вялікія вышываныя падушкі, а на канапе – мноства маленькіх, сцены завешаны разнастайнымі вышыванымі карцінамі, сурвэткамі і ручнікамі. Ну а саму гаспадыню ўдалося застаць якраз за работай – седзячы каля вакна,яна вышывала чарговую карціну крыжыкам, на якой  ужо добра “вымалёўваўся” домік на фоне прыгожага прыроднага пейзажу. За свой  працяглы жыццёвы шлях што толькі не вышыла жанчына! Гэта і карціны прыроды, прыгожыя кветкі, жывёлы, казачныя персанажы, іконы і многае іншае. А яшчэ ў яе вышыўках ёсць украінскія матывы і ўзоры. Менавіта з гэтай суседняй краіны Галіна Міхайлаўна прыехала яшчэ ў 50­х гадах. Пасля заканчэння васьмігодкі на Львоўшчыне яна паспела папрацаваць у калгасе, друкаром у рэдакцыі мясцовай газеты “Сацыялістычная праца” і чыгуначнай канторы, дзе і пазнаёмілася з беларускім салдатам, які стаў верным спадарожнікам жыцця, і ў 19 гадоў услед за сваёй другой палавінкай яна прыехала жыць у Жары.

Майстэрства вышывання перадалося  Г.М.Шарко ад бабулі і маці, былі здатнымі да гэтай справы сёстры.

– Свой першы абрус я вышыла, калі вучылася ў трэцім класе, ён у мяне захаваўся і па сённяшні дзень, – расказвае жанчына, дастаючы з шафы той самы выраб з прыгожымі ўзорамі. – Яму амаль 70 гадоў, а выглядае так добра.

Разам з мужам Галіна Міхайлаўна выхавала чацвёра дзяцей, працавала ў паляводчай брыгадзе, на жывёлагадоўчай ферме, трымалі вялікую падсобную гаспадарку. Усюды яна вызначалася добрасумленнасцю, нястомнасцю  і працавітасцю, што пацвярджаюць медаль “За працоўную адзнаку”, значок “Ударнік пяцігодкі”. Акрамя гэтага, жанчына актыўна ўдзельнічала і ў грамадскім жыцці – выбіралася дэпутатам мясцовага Савета. Здавалася б, пры такім “раскладзе” і ніякага часу не застаецца на творчасць, але жанчына ўмудралася знаходзіць вольную хвілінку для любімага вышывання.

Сёння ў яе больш часу для творчых заняткаў, і хоць не такі ўжо добры зрок, аднак усё роўна штодня бярэцца за іголку з ніткай.

– Вы, напэўна, ужо вышылі ўсё, што магчыма…

– Ды не, яшчэ шмат чаго ў планах – і вось гэтага ката не вышывала, і гэты букет прыгожы, а якія птушачкі! – гаворыць майстрыха, гартаючы старонкі вялікага стосу адмысловых часопісаў. – Да самай смерці вышываць буду!

Дарэчы, пры выбары пэўнай карціны для вышывання яна часта ўносіць нешта сваё – ці то арыгінальны фон тканіны падбірае, ці крыху іншыя адценні нітак, а іншы раз відазмяняе саму выяву.

Вышыванкі, зробленыя карпатлівымі рукамі Г.М.Шарко, нават падарожнічалі па Беларусі, з’яўляючыся экспанатамі творчых выстаў. А, напрыклад, на свяце нацыянальных культур у Міёрах Галіна Міхайлаўна атрымала дыплом за захаванне ўкраінскіх народных традыцый. Выстаўка яе работ аднойчы праходзіла і ў Жарскім клубе.

Вышыванне стала для гэтай жанчыны захапленнем усяго жыцця, яе работы не толькі ўпрыгожваюць інтэр’ер дзяцей, родных і знаёмых, а і пастаянна нагадваюць пра гэтага добрага і творчага чалавека.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *