Непростая, но счастливая жизнь Марии Андреевны Акулёнок

Наш современник

Напісаць пра Марыю Андрэеўну Акулёнак нам прапанавалі яе суседкі з вуліцы Ніжне­Набярэжнай, дзе яны пражылі побач у згодзе і сяброўстве не адзін дзясятак гадоў. Ведаеце, калі пра чалавека добра выказваюцца родныя – гэта ў парадку рэчаў, а вось любоў і прыхільнасць суседзяў гавораць пра многае. І сапраўды гэтая пажылая жанчына, якая з­за хваробы амаль не ўстае з ложку, і зараз захавала рысы не толькі душэўнай, але і былой жаночай прыгажосці – яна не скардзіцца на немач, а часам нават і жартуе, кажа, што цалкам задаволена сваім лёсам…

Усяго два годзікі было Марусі, калі засталася яна сіратой: адзін за адным памерлі бацька і маці. Перад смерцю матуля паспела даць наказ старэйшаму сыну, які ўжо быў жанаты: “Не кідай, дагледзь маіх сірот!” Не сказаць каб дрэнна жылося дзяўчынцы ў братавай сям’і, ды матчынай ласкі, канечне, не хапала – асабліва журботна было, калі бачыла, як вясковых сябровак матулі галубяць. Але галоўныя выпрабаванні чакалі наперадзе: калі пачалася вайна, дзяўчынцы было 11 і памяць захавала многае. А найперш – налёт нямецкіх самалётаў на іх Жывалаку, калі ў вёсцы згарэла адразу 30 хат. “Памятаю, як цягала далей ад агню хатулі з рэчамі, як потым пасяліліся ў восеці (так ў нас называлі вялікую адрыну, дзе даўней сушылі снапы), а старэйшы брат, які быў у партызанах, адпрасіўся на некалькі дзён з атрада, каб скласці нам пячурку”, – расказвае Марыя Андрэеўна. Трагічным эпізодам, які ўрэзаўся ў памяць, стала гібель дзвюх дзяўчатак­суседак Жанны і Валі: калі раптоўна пачалася бамбёжка, маці схапіла на рукі іх сястрычку­немаўля і кінулася ў лес, малыя ж разгубіліся і адсталі, потым вярнуліся дамоў, ад страху забіліся на печ. Як жа галасіла жанчына, калі знайшла ля коміна абгарэўшыя цельцы сваіх дачушак…

У той час смерць хадзіла побач з кожным: вось і Маруся захварэла на тыф, аднак арганізм аказаўся моцным і адолеў хваробу. Пашанцавала ёй і ў момант, калі аднойчы немцы сталі сартаваць вяскоўцаў для адпраўкі ў лагер: адзін з фрыцаў падштурхнуў да машыны яе брата­падлетка, збіраўся зрабіць тое ж з Марусяй, але яго напарнік узяў дзяўчынку за руку і павёў да падводы, дзе сядзела дзятва.

Шчаслівай воляй лёсу ў час ваеннага ліхалецця ўдалося ўцалець усім пецярым братам і сёстрам: яны вярнуліся дамоў – хто з партызан, хто з фронту, хто з палону. Але аказалася так, што пасля вайны 15­гадовая Маруся засталася ў Жывалацы адна. Журботна і няўтульна было ў старой восеці, і дзяўчынка радавалася, калі дзед Пілімон, што вартаваў калгасныя свірны, заходзіў да яе вечарамі, каб пагрэцца ды перакінуцца словам.

Але ж маладосць брала сваё, і неўзабаве пачуццё адзіноты знікла з яе жыцця раз і назаўсёды: прыйшоўшы на вечарыну ў суседняе Бутава, юная прыгажуня трапіла на вочы мясцоваму хлопцу Івану, які ў свае 16 ужо паспеў зведаць нямецкі палон, папрацаваць “у баўэра”. Успыхнуўшае пачуццё было такім моцным, што хутка яны вырашылі ажаніцца. “Баяўся Іван, што ўвядуць мяне кавалеры, калі ён у армію пойдзе”, – з усмешкай тлумачыць Марыя Андрэеўна. Бацькі жаніха былі супраць такога рашэння адзінага сына, ды той цвёрда заявіў: “Не прымеце маю Марусю – не ўбачыце больш і мяне!”

Іх ранні шлюб аказаўся надзвычай трывалым. Ужо праз некалькі год Іван стаў шчаслівым бацькам чатырох цудоўных сыноў­арлоў, як ён іх сам называў. Марыі ж вельмі хацелася дачушку, і калі яна ўжо амаль змірылася з тым, што будзе адзінай жанчынай у іх вялікай сям’і, прысніўся ёй сон, быццам прабеглі ў яе праз пальцы некалькі трусоў, а потым, злаўчыўшыся, ухапіла яна рукамі куранятка. Дасведчаная суседка патлумачыла, што няйначай хутка народзіць Марыя дзяўчынку – так яно і здарылася! “Вось радасці было!” – прыгадвае жанчына і з пяшчотай пазірае на сваю любімую Раечку, у якой, дарэчы, зараз і жыве: якія б цудоўныя сыны ні былі, але ж старасць бавіць лепей ля дачкі. “А дзеткі мае і сапраўды ўсе вельмі добрыя. Напэўна, выхаванне было правільным – з дзяцінства вучылі іх працавітасці, не толькі па гаспадарцы ўсё ўмелі, але і будаўнічай, сталярскай справе бацька іх навучыў”, – расказвае Марыя Андрэеўна. На той час іх сям’я пераехала ва Ушачы: набылі дом, абжыліся. Іван Іванавіч уладкаваўся на прамкамбінат, жонка працавала прыбіральшчыцай на пошце – гэта было зручна, бо хапала часу на вялікую хатнюю гаспадарку. Сваім дзецям яны здолелі даць добрую адукацыю, а галоўнае – усе пяцёра ў родных мясцінах засталіся, сем’і стварылі, дамы пабудавалі. Зрэшты, старэйшы сын некаторы час уНаваполацку працаваў і нават аднойчы меў намер у Сібір разам з сябрам падацца, дык бацька, праведаўшы пра гэта, ледзь не сілай прывёз хлопца дамоў, уладкаваў на работу ва Ушачах – так і застаўся той на роднай зямлі, знайшоў тут сваё шчасце. “Нехта імкнецца адправіць дзяцей у гарады, я ж лічу, што няма нічога лепшага, як родны кут. Тут жа ўсё сваё, знаёмае. Ідзеш вось па вуліцы, а на вокнах у суседзяў налічнікі, што Іван мой зрабіў, веранды ў хатах, ім пабудаваныя. Ужо колькі год няма чалавека, а добрая памяць аб ім засталася”, – разважае Марыя Андрэеўна. А яшчэ прыгадвае, як сябравалі з легендарным жыхаром нашага пасёлка, поўным кавалерам ордэна Славы Анісам Клопавым, які жыў побач. Свята Перамогі для жыхароў вуліцы было самым любімым, сустракалі яго заўсёды разам, і абавязкова ў гэты дзень спявалі любімую песню Аніса Андрэевіча: “Не для мяне прыйдзе вясна…”

Магчыма, гэтую і шмат іншых песень праспявае Марыя Андрэеўна і сёння, калі ў сямейным крузе будзе святкаваць свой 85­гадовы юбілей. Хочацца пажадаць, каб вясна прыходзіла для яе яшчэ доўгія гады.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *