Семинар по организации летнего содержания крупного рогатого скота прошёл в Ушачском районе

Сельское хозяйство

Са слоў падзякі спецыялістам заатэхнічных службаў усіх гаспадарак пачаў правядзенне семінара па арганізацыі кругласутачнага летне-пашавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы першы намеснік начальніка райсельгасхарча Леанід Аляксандравіч Лісоўскі. У першыя майскія дні жывёла пакінула памяшканні, аператыўна праведзена неабходная работа па падрыхтоўцы даільнага абсталявання, скамплектаваны гурты і падабраны людзі.

У чарговы раз асноўныя патрабаванні да яго кіраўнікі гаспадарак і спецыялісты заатэхнічных службаў успаміналі на былым партызанскім аэрадроме за Наваселлем, дзе пасвіўся адзін з гуртоў комплексу “Ільюшына”. Так, менавіта “ўспаміналі”, бо нічога кардынальна новага тут не прагучала, але нават падрыхтоўка да семінара паказала, што дзіўным чынам штогадовыя рэкамендацыі маюць уласцівасць “забывацца”. Як запамятавалі, напрыклад, у КУСГП “Арэхаўна”, “Кублічы” і ААТ “Дземенец” у першыя дні летне-пашавага ўтрымання аб тым, што кароў даіць трэба тры разы, а не два. Што ўжо казаць пра іншыя нюансы…

Узровень вытворчасці малака ніжэй мінулагодняга быць не можа, таварнасць – не менш 90 працэнтаў – такія задачы пастаўлены жывёлаводам. Пры нармальным травастоі ўсе гаспадаркі прыступілі да франтальнага спосабу выпасу, яго тэхналогію ўдзельнікам семінара зноў, як і ў мінулым годзе, падрабязна растлумачылі, як і методыку вызначэння масы травы, памераў загонаў. На некаторых арганізацыйных момантах, праблемных для большасці гаспадарак, Л.А.Лісоўскі спыняўся асобна. Неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу першым ранішнім гадзінам, бо ва ўмовах паўдзённай спёкі каровы пасуцца горш, таму пастухам трэба не спаць у будках, а ўздымаць кароў, каб яны паспелі папасвіцца яшчэ да ранішняй дойкі. Балючым пытаннем застаецца арганізацыя догляду за пашамі – баранаванне, падкормка, падкос павінны праводзіцца абавязкова. Нельга дапускаць і выбівання ўчасткаў. Малочныя бочкі павінны быць запоўнены вадой – у спёку гэта перашкодзіць іх награванню, ды і санітарны стан ёмістасцей будзе значна прасцей падтрымліваць, не дапускаць закісання.

Невядома, якім выдасца гэты год у плане надвор’я, таму асобным стратэгічным заданнем стане захаванне рэшткаў кармоў, якія засталіся з зімоўкі. Трэба абследаваць увесь сянаж, сілас, бурты і траншэі, забяспечыць іх герметычнасць, спыніць псаванне і захаваць кармы да наступнай зімоўкі.

На летні варыянт утрымання пераводзяцца і статкі маладняку. “Цяля павінна быць на паветры, на сонцы і з кармамі. Нованароджаных цялят больш 10 дзён пад каровамі не трымаць, потым – на ферму і яшчэ 10 дзён паіць, бо калі яны месяц знаходзяцца ля вымя, то вельмі цяжка прывучаюцца да кармоў. Пажадана, каб за такімі цялятамі прыглядаў спецыяльны работнік, бо многія даяркі адносяцца да гэтай справы як да пабочнай нагрузкі”, – раіў Л.А.Лісоўскі.

Хопіць работы і на фермах, памяшканні якіх патрэбна пачынаць убіраць ужо зараз, не адкладваючы справу ў доўгую скрыню. Дэзінфекцыю правядуць работнікі райветстанцыі, а вось пра пабелку трэба клапаціцца ўжо самім кіраўнікам гаспадарак.

Аплата ж працы павінна быць прывязана да вытворчасці прадукцыі, прычым не толькі даярак і пастухоў, але і адміністрацыі сельгаспрадпрыемстваў.

– Вадзіць за руку і перакон­ваць нікога не будзем, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, падводзячы вынікі. – Нічога новага тут няма. Галоўнае – надоі і прывагі, канчатковы вынік. Персанальную адказнасць за яго павінны адчуваць усе спецыялісты, забяспечыць кантроль за працай людзей, магчыма дзесьці і прымусіць. Не можаце растлумачыць – пакажыце самі. Не справа пастуха вырашаць “хопіць – не хопіць травы”, ён павінен менавіта пасвіць там і так, як яму скажа спецыяліст. Таму за кожным гуртам неабходна замаца­ваць адказных людзей. І спецыялісты заатэхнічных службаў павінны не сядзець на пустых фермах або ў кабінетах, а быць на полі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *