«Банкет» на Заречной улице в Сорзово. От кого хозяевам приходится защищать свои приусадебные участки?

Читатель поднимает проблему

У Сорзаве на вуліцы Зарэчнай жывуць у асноўным дбайныя гаспадары: старанна наводзяць парадак не толькі на ўласных падворках, але і ля пустуючых суседніх дамоў, даглядаюць і абочыны дарогі. Але ж, каб захаваць гэтыя свае здабыткі, перыядычна ім даводзіцца несці абарончую вахту, бо пастухі мясцовай гаспадаркі аблюбавалі вуліцу ў якасці кароткага маршруту для перагонкі кароў з пашы на пашу. Рагулі ж, вядома, зусім не супраць па дарозе завярнуць на падворкі, каб паласавацца ўжо пайшоўшай у рост зелянінай.

– Звычайна выходзім на абарону свайго ўчастку ўсёй сям’ёй, разам з мужам і сынам, – расказвае жыхарка вёскі Ніна Сцяпанаўна Лукашонак. – Але нядаўна ўсё ж не даглядзелі палісаднік – у выніку каровы добра адвялі душу на маіх кустах ды кветачках…

Для кагосьці такая згуба можа і не вартая вялікіх перажыванняў, але гэтая ўжо немаладая жанчына, якая з-за хваробы сэрца не можа працаваць на вытворчасці, з вялікай любоўю вырошчвае дэкаратыўныя расліны, а значную частку пенсіі па інваліднасці траціць на набыццё насення і саджанцаў. Асабліва ж ганарыцца сваёй калекцыяй вяргінь. Таму натуральна, што апісаны выпадак стаў для яе моцным стрэсам: Ніна Сцяпанаўна патэлефанавала старшыні КУСГП “Кублічы” А.Хмялеўскаму і ад імя ўсіх суседзяў папрасіла паўплываць на сітуацыю. Кіраўнік паабяцаў забараніць работнікам ганяць па вуліцы статак, аднак і ў наступны раз сорзаўцам давялося выходзіць на абарону сваіх падворкаў.

– Я не збіраюся прасіць якой-небудзь кампенсацыі за нанесены ўрон, тым больш што разумею, якое няпростае зараз фінансавае становішча ў сельгаспрадпрыемстве, – тлумачыць Н.С.Лукашонак. – Хачу толькі, каб гэтыя “каровіны банкеты” на нашай вуліцы нарэшце спыніліся, каб нашы нервы былі ў спакоі, а падворкі радавалі вока.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *