Отдел по чрезвычайным ситуациям оказывает услуги по уничтожению гнёзд жалящих насекомых

Cлужба-101

Праблема непажаданага суседства актуальная для чалавека заўсёды. Суседзяў, вядома, не выбіраюць, тым больш, калі імі з’яўляюцца… насякомыя.

Шэршні – насякомыя-аднагодкі. Джаляць яны балюча, таму што ў рану трапляе шмат яду – да 2 мг. Пры ўкусе аднаго шэршня ў дарослага чалавека можа ўзнікнуць ацёк, непрытомнасць і агульнае ўдушша з цяжкай алергічнай рэакцыяй, дзіця можа ўвогуле загінуць.

Пры выяўленні гнёздаў атрутных насякомых неабходна памятаць, што парфумерныя і іншыя рэчывы з моцным пахам дзейнічаюць на “крылатых суседзяў” раздражняльна – яны становяцца агрэсіўнымі. Не дапускайце рэзкіх рухаў, нават калі вас укусіла насякомае – гэта можа прыцягнуць увагу астатніх. Будзьце асцярожнымі ў месцах, дзе яны могуць быць: у квітнеючай травяністай, драўнянай і хмызняковай расліннасці, ля пашкоджаных дрэў, з якіх выцякае сок, а таксама ў месцах, дзе шмат спелай садавіны, ягад, рыбы і іншых крыніц харчавання дарослых асобін і лічынак. Абмяжуйце выкарыстанне духоў і касметыкі пры наведанні лесу ці дачнага ўчастка. Калі побач з вашым домам ёсць старыя ці гнілыя пні, час ад часу правярайце гарышча – гэта дазволіць справіцца з праблемай да таго, як яна прыме пагрозлівыя маштабы.

У якасці пастак на атрутных насякомых можна выкарыстаць пластмасавыя бу­тэлькі аб’ёмам 1,5 ці 2 літры з абрэзаным верхам. Верхняя частка – канструкцыя накшталт чарнільніцы-невылівайкі. Пастка афарбоўваецца ў жоўты колер і запаўняецца вадкасцю, якая прываблівае насякомых. На дно пасткі замацоўваем які-небудзь пластыкавы цыліндр: падыдзе кантэйнер ад фотастужкі. На дно пасткі наліваем фіксуючую вадкасць ці проста мыльную ваду так, каб яе ўзровень на 3-4 см не даставаў да верхняга краю цыліндра. У якасці прынады бяром кавалачак любога свежага мяса, рыбы, печані, які кладзём на цыліндр. Такія пасткі расстаўляюцца ў непасрэднай блізкасці ад уваходу ў гняздо, а таксама ў месцах, дзе найбольш часта з’яўляюцца насякомыя. Там жа можна паставіць “салодкія” (варэнне, мёд, цукар) і бялковыя (свежае мяса, рыба, печань) прынады з дабаўленнем хімікатаў.

Асноўным спосабам барацьбы з шэршнямі з’яўляецца выяўленне і знішчэнне іх гнёздаў. Для гэтага неабходна наступная экіпіроўка: касцюм (плашч, штаны) са шчыльнай тканіны, гумавыя боты і пальчаткі. Галаву абараніць шчыльнай шапкай, а лепш – капелюшом пчаляра з ахоўнай сеткай.

Калі ж пазбегнуць укусу не ўдалося, прыкладзіце да раны лёд, грэлку з халоднай вадой ці іншы халодны прадмет. Для зніжэння болевых адчуванняў і дэзінфекцыі апрацуйце ранку сумессю нашатырнага спірту з вадой, бледна-ружовым растворам марганцоўкі ці этылавым спіртам (можна га­рэлкай). Каб адцягнуць некаторую колькасць яду, можна прыкласці марлевы мяшэчак, напоўнены паваранай соллю ці цукрам. У большасці людзей праз 1-2 гадзіны пачырваненне, прыпухласць і боль знікаюць. Калі ацёк нарастае, неабходна тэрмінова звярнуцца да ўрача.

Нагадаю, што падраздзяленні МНС фізічным і юрыдычным асобам на платнай аснове аказваюць паслугі па знішчэнні гнёздаў жаланосных насякомых. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях.

Д.ЛЁЛЯ, намеснік начальніка РАНС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *